«ДАРБУДТЭ́ХНІКА», Беларускі дзяржаўны дарожны навукова-даследчы і праектна-тэхналагічны інстытут Навукова-вытворчага аб’яднання «Белаўтадарпрагрэс». Засн. ў 1962 на базе дарожна-доследнай станцыі як БелдарНДІ. З 1992 «Дарбудтэхніка». Вядучая н.-д. арг-цыя Рэспублікі Беларусь у галіне буд-ва, рамонту і ўтрымання аўтадарог, мастоў і пуцеправодаў. Акрэдытаваны на тэхн. кампетэнтнасць і незалежнасць пры правядзенні выпрабаванняў, у т.л. сертыфікацыйных. Асн. кірункі дзейнасці: пошук і распрацоўка новых эфектыўных матэрыялаў, канструкцый, тэхнал. працэсаў, абсталявання і сродкаў механізацыі, эканомія і рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльна-тэхн. і прац. рэсурсаў, павышэнне тэхн. ўзроўню, якасці дарожных работ і інш.
В.М.Яромка.
т. 6, с. 53
ДАРВА́ЗСКІ ХРЫБЕ́Т,
у Зах. Паміры, паміж р. Абіхінгоу, Пяндж і Ванч, у Таджыкістане. Даўж. каля 200 км. Выш. да 6083 м (пік Арнавад). Складзены пераважна з гранітаў, метамарфічных сланцаў, кангламератаў. На схілах стэпавая і дрэвава-хмызняковая расліннасць. Ледавікі (пл. зледзянення каля 420 км2).
т. 6, с. 53
ДАРВА́ЛЬ (Dorval; сапр. Дэланэ, Delauney) Мары (7.1.1798, г. Лар’ян, Францыя — 20.5.1849), французская актрыса. З сям’і правінцыяльных акцёраў. З дзяцінства выступала на сцэне. У 1818—34 у т-ры «Порт-Сен-Мартэн» (адзін з вядучых дэмакр. «тэатраў бульвараў» Парыжа). У 1834—38 у «Камеды Франсэз». Стварала вобразы шчырых, цэльных жанчын, вымушаных адстойваць сваё права на шчасце. Сярод лепшых роляў: Амалія, Лючыя («Трыццаць гадоў, ці Жыццё гульца», «Ламермурсхая нявеста» В.Дзюканжа), Марыён Дэлорм (аднайм. п’еса В.Гюго), Адэль д’Эрвэ («Антоні» А.Дзюма-бацькі), Кіці Бэл («Чатэртан» А. дэ Віньі).
т. 6, с. 53
ДА́РВАШ (Darvas) Іожэф
(8.2.1912, г. Орашхаза, Венгрыя — 3.12.1973),
венгерскі пісьменнік. Належаў да дэмакр. плыні літ.-грамадскага руху «народных пісьменнікаў». У раманах «Чорны хлеб» (1934), «Ад хрышчэння да св. Сільвестра» (1935) адлюстраваў сац. барацьбу венг. сялянства. У гіст. рамане пра палкаводца Янаша Хуньядзі «Пераможца турак» (1938) падкрэсліў ролю народа ў супраціўленні іншаземным захопнікам.
Раман «У верасні ён выйшаў у дарогу» (1940) і п’еса «Бездань» (1941) пра ўзаемаадносіны народа і інтэлігенцыі, драма «Неба ў куродыме» (1959) і раман «П’яны дождж» (1963; бел. пер. К.Кірэенкі, 1975) пра адказнасць чалавека за будучае сваёй краіны. Прэмія імя Кошута 1956 і 1960.
т. 6, с. 53
ДА́РВІН (Darwin) Чарлз Роберт
(12.2.1809, г. Шрусберы, Вялікабрытанія — 19.4.1882),
англійскі прыродазнавец, заснавальнік дарвінізму. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1867). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1831). У 1831—36 на караблі «Бігль» прымаў удзел у кругасветным падарожжы, у час якога сабраў матэрыял па фауне і флоры, калекцыі невядомых выкапнёвых жывёл, геал. парод і мінералаў. У асн. навук. працы «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» (1859) абагульніў вынікі асабістых назіранняў, дасягненні біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асн. фактары эвалюцыі арган. свету. У працы «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (т. 1—2, 1868) разглядаў дадатковы фактычны матэрыял да асн. працы. У кнізе «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871) абгрунтаваў гіпотэзу паходжання чалавека ад малпападобнага продка. Навук. працы па геалогіі, батаніцы і заалогіі. Гл. таксама Дарвіна прынцып класіфікацыі.
т. 6, с. 53
ДА́РВІНА ПРЫ́НЦЫП КЛАСІФІКА́ЦЫІ,
прынцып, паводле якога «чым менш якая-н. ч. арганізма звязана з якімі-н. асаблівымі функцыямі, тым больш яна мае значэнне для класіфікацыі». Напр., малюнак афарбоўкі ў птушак, жылак крыла насякомых, форма карэнных зубоў млекакормячых з’яўляюцца каштоўнымі крытэрыямі (адзнакамі) для класіфікацыі гэтых жывёл. Сфармуляваў Ч.Дарвін (1859).
т. 6, с. 53
ДАРВІНІ́ЗМ,
матэрыялістычная тэорыя эвалюцыі арган. свету, заснаваная на поглядах Ч.Дарвіна. Абапіраецца на зменлівасць, спадчыннасць і натуральны адбор. На аснове зменлівасці ўтвараюцца новыя прыкметы і асаблівасці ў будове і функцыях арганізма, спадчыннасць замацоўвае гэтыя прыкметы, пад уздзеяннем натуральнага адбору выжываюць і размнажаюцца арганізмы, найб. прыстасаваныя да пэўных умоў існавання. Дзякуючы спадчыннай зменлівасці і бесперапыннаму дзеянню натуральнага адбору арганізмы ў працэсе эвалюцыі назапашваюць новыя прыстасавальныя прыкметы, што ў выніку вядзе да ўтварэння новых відаў. Д. далей развілі ў працах вучоныя 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.: у Расіі — І.А.Мечнікаў, А.А.Кавалеўскі, У.А.Кавалеўскі, К.А.Ціміразеў, М.А.Вавілаў, І.А.Шмальгаўзен і інш.; у Вялікабрытаніі — Т.Гекслі, А.Уолес; у Германіі — Э.Гекель, Ф.Мюлер; у ЗША — А.Грэй і інш. Сучасны Д. уяўляе сабой сінтэз класічнага дарвінізму і эвалюцыйнай (або папуляцыйнай) генетыкі, што дазваляе глыбей пазнаць заканамернасці развіцця жывой прыроды і лепш выкарыстоўваць іх у с.-г. практыцы.
т. 6, с. 53
ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.Чэмберлен, Ж.Лапуж, О.Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміж сац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміж сац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.Ратцэнгофер, У.Самнер, У.Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.Уілсан, Р.Александэр, Р.Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац. навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял. асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).
Я.М.Бабосаў.
т. 6, с. 53
ДА́РВІНСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Валагодскай і Яраслаўскай абл. Расіі, у межах Малога-Шэкснінскай нізіны, на паўн.-зах. узбярэжжы і прыбярэжных мелкаводдзях Рыбінскага вадасх. Засн. ў 1945. Пл. 113 тыс. га, у т.л. 45 тыс. га акваторыі. Названы ў гонар Ч.Дарвіна. У межах Валагодскай вобл. ахоўная зона шыр. каля 2 км, агульнай пл. 17 тыс. га. Флора тыповая для падзоны паўд. тайгі; асн. тыпы расліннасці — лясы (каля 47 тыс. га) і балоты (больш за 17 тыс. га). Хваёвыя бары, сфагнавыя балоты; сярод 37 рэдкіх відаў вышэйшых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Расіі: чаравік сапраўдны і надбароднік бязлісты, касач сібірскі з рэгіянальнага спіса рэдкіх і знікаючых відаў флоры Пн еўрап. ч. Расіі. У фауне 37 відаў млекакормячых (у т.л. буры мядзведзь, куніца, лось, дзік, гарнастай і інш.), 200 відаў птушак (глушэц, цецярук, рабчыкі, шэры журавель, вадаплаўныя і балотныя віды), нерасцілішчы каштоўных рыб (лешч, судак, лінь і інш.). З 1963 доследная ферма па вырошчванні глушцоў.
т. 6, с. 53