ДАРВІНІ́ЗМ,
матэрыялістычная тэорыя эвалюцыі арган. свету, заснаваная на поглядах Ч.Дарвіна. Абапіраецца на зменлівасць, спадчыннасць і натуральны адбор. На аснове зменлівасці ўтвараюцца новыя прыкметы і асаблівасці ў будове і функцыях арганізма, спадчыннасць замацоўвае гэтыя прыкметы, пад уздзеяннем натуральнага адбору выжываюць і размнажаюцца арганізмы, найб. прыстасаваныя да пэўных умоў існавання. Дзякуючы спадчыннай зменлівасці і бесперапыннаму дзеянню натуральнага адбору арганізмы ў працэсе эвалюцыі назапашваюць новыя прыстасавальныя прыкметы, што ў выніку вядзе да ўтварэння новых відаў. Д. далей развілі ў працах вучоныя 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.: у Расіі — І.А.Мечнікаў, А.А.Кавалеўскі, У.А.Кавалеўскі, К.А.Ціміразеў, М.А.Вавілаў, І.А.Шмальгаўзен і інш.; у Вялікабрытаніі — Т.Гекслі, А.Уолес; у Германіі — Э.Гекель, Ф.Мюлер; у ЗША — А.Грэй і інш. Сучасны Д. уяўляе сабой сінтэз класічнага дарвінізму і эвалюцыйнай (або папуляцыйнай) генетыкі, што дазваляе глыбей пазнаць заканамернасці развіцця жывой прыроды і лепш выкарыстоўваць іх у с.-г. практыцы.
т. 6, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)