Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СВЯТЛАФО́Р (ад святло + грэч. phoros які нясе),

светлавое сігнальнае прыстасаванне для рэгулявання руху на вуліцах, аўтадарогах і чыгунцы.

Адрозніваюць С. каляровыя з сігналамі — зялёным, жоўтым, чырвоным, а таксама сінім, месяцова-белым (на чыгунках); пазіцыйныя — сігналізуюць размяшчэннем аднакаляровых агнёў; камбінаваныя — спалучаюць сігналізацыю колерам і размяшчэннем агнёў. Першае прыстасаванне святлафорнага тыпу ўстаноўлена ў Лондане (1868), трохкаляровы эл. С. — у Нью-Йорку (1918), Маскве (1930). З 1933 мелі ручное пераключэнне сігналаў, з 1951 — аўтаматычнае. На чыгунцы С. выкарыстоўваецца з пач. 20 ст. (выцесніў семафор).

Святлафоры: 1 — з вертыкальным, 2 — з гарызантальным размяшчэннем сігналаў; 3 — з дадатковай секцыяй; 4 — рэверсіўны; 5 — пешаходны; 6 — для рэгулявання руху трамваяў.

т. 14, с. 277

СВЯТЛАЦЕ́НЬ у жывапісе і графіцы,

размяшчэнне розных па яркасці колераў або адценняў аднаго колеру, што дае магчымасць успрымаць адлюстраваны аб’ект аб’ёмным у святлопаветраным асяроддзі; перадача С. — адзін з асн. прынцыпаў рэаліст. мастацтва. Градацыі С. (ад найб. яркасці да глыбокага ценю) залежаць ад характару асвятлення, спецыфікі аб’ёмнай формы прадмета, яго фактуры, стану атмасферы. Для дакладнага ўзнаўлення натуры С. выкарыстоўвалі ўжо ант. жывапісцы. С. і яе тэорыю распрацоўвалі мастакі Адраджэння (А.​Мантэнья, Мазачыо, Мікеланджэла, М.​Караваджа, асабліва Леанарда да Вінчы), і з таго часу С. шырока выкарыстоўваецца жывапісцамі і графікамі як адзін са сродкаў, што вызначае эмацыянальную выразнасць твора.

М.​А.​Міронаў.

т. 14, с. 277

СВЯТЛІ́ЦА,

светлы чысты пакой, прызначаны звычайна для прыёму гасцей. Здаўна вядомы ў Расіі, Польшчы і інш. краінах Еўропы. На Беларусі дакумент. звесткі пра С. вядомы з 16 ст. С. існавалі ў жылых дамах і замках, верхніх ярусах брам, лазнях, корчмах і аўстэрыях. Гэта былі вял. жылыя пакоі з кафлянымі грубкамі і камінамі, часам афармляліся шпалерамі. У сял. жыллі вядомы з 19 ст.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 14, с. 278

СВЯТЛІ́ЦКІ (Рыгор Пятровіч) (27.9.1872, Кіеў — 28.6.1948),

украінскі жывапісец. Нар. маст. Украіны (1946). Вучыўся ў Кіеўскай рысавальнай школе М.​Мурашкі (1889—93), Пецярбургскай АМ (1893—1900). З 1947 праф. Кіеўскага маст. ін-та. Быў блізкі да перасоўнікаў. Сярод твораў: «Хата Марусі» (1918), «Пераход багунцаў цераз Дняпро» (1928), «Калгас цвіце» (1935), «П.​І.​Чайкоўскі на Украіне» (1939), «Аблокі» (1947) і інш.

Р.Святліцкі. Хата Марусі. 1918.

т. 14, с. 278

СВЯТЛІ́ЧНЫ (Цімафей Іванавіч) (1.5.1917, с. Святлічнае Залачаўскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 26.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1942. Разлік «кацюшы» на чале з сяржантам С. вызначыўся 26.6.1944 каля в Кажамякі Сенненскага р-на Віцебскай вобл., дзе агнём з устаноўкі, стралк. зброі і гранатамі на працягу 6 гадзін знішчыў 13 аўтамашын з ваен. грузам, 4 гарматы і шмат жывой сілы праціўніка, што прарываўся з віцебскага «катла»; загінуў у гэтым баі. На месцы бою помнік.

т. 14, с. 278

СВЯТЛО́,

электрамагнітнае выпрамяненне, якое ўспрымаецца чалавечым вокам, з даўжынямі хваль λ ад -400 нм (фіялетавае) да -750 нм (чырвонае). Часта ў паняцце С. ўключаюць таксама эл.-магн. хвалі ультрафіялетавага (λ -400 гм) і інфрачырвонага (λ > 750 нм) дыяпазонаў. Скорасць распаўсюджвання С. ў вакууме каля 300 тыс. км/с (гл. Скорасць святла).

Паводле ўяўленняў квантавай механікі, С. мае дваістую (карпускулярна-хвалевую) прыроду, уласцівую мікрааб’ектам. Пры дыфракцыі святла, інтэрферэнцыі святла і інш. з’явах, звязаных з распаўсюджваннем С., выяўляюцца яго хвалевыя ўласцівасці. Карпускулярнай (фатоннай) прыродай С. тлумачацца фотаэфект, фоталюмінесцэнцыя і інш. з’явы, абумоўленыя яго ўзаемадзеяннем з рэчывам. С. аказвае на рэчывы розныя ўздзеянні: мех. (ціск святла), хім. (фотахімічныя рэакцыі) эл. (напр., фотаэфект), цеплавое і інш. Гл. таксама Паглынанне святла, Пераламленне святла, Рассеянне святла, Рэфракцыя святла і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Оптыка.

т. 14, с. 278

СВЯТЛОАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ фатаграфічная,

здольнасць фотаматэрыялу рэагаваць на аптычнае выпрамяненне (святло); колькасная мера такой здольнасці. Выражаецца ва ўмоўных адзінках і служыць для правільнага вызначэння экспазіцыі пры фотаздымцы і друку. Вызначаецца па пэўнай шчыльнасці фотаслоя, атрыманай пры зададзеных умовах экспанавання фотаматэрыялу і яго хім.-фатагр. апрацоўкі. У розных краінах існуюць розныя метады вызначэння сістэм С. фотаматэрыялаў.

т. 14, с. 278

СВЯТЛОАДЧУВА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ ў фота- і кінатэхніцы,

матэрыялы для здымкі і друкавання відарысаў аптычных. Маюць адчувальныя да святла слаі, нанесеныя на празрыстую ці непразрыстую падложку. У якасці святлоадчувальных рэчываў (гл. Святлоадчувальнасць) выкарыстоўваюцца галоідныя солі серабра (браміды, хларыды, ёдыды).

Падзяляюцца на чорна-белыя і каляровыя (гл. Колерафатаграфічныя матэрыялы), негатыўныя (для фота- і кіназдымкі), пазітыўныя (для атрымання пазітыўных відарысаў з негатываў) і абарачальныя (у выніку спец. апрацоўкі даюць пазітыўны відарыс — слайд). У залежнасці ад віду падложкі, на якую нанесена фатаграфічная эмульсія, адрозніваюць фотапласцінкі (падложка — шкло), плёнкі і паперу фатаграфічную. Гл. таксама Фатаграфічныя матэрыялы.

т. 14, с. 278

СВЯТЛОДАЛЬНАМЕ́Р,

прылада для вымярэння адлегласці з дапамогай светлавых сігналаў, прамадуляваных па фазе, частаце ці працягласці. Мае крыніцу святла (звычайна лазер), мадулятар святла, перадавальную і прыёмную сістэмы. Найб. пашыраны імпульсныя і фазавыя С.

Імпульсныя С. выпрамяняюць кароткія імпульсы; адлегласць вызначаецца па часе праходжання светлавога сігналу да аб’екта і назад. Выкарыстоўваюцца ў касм. далёкаметрыі і навігацыі. У фазавых С., якія працуюць на лазерах бесперапыннага дзеяння, адлегласці вызначаюцца па рознасці фаз выпрамененага і прынятага (адбітага) светлавых сігналаў. Выкарыстоўваюцца пераважна ў геадэзіі і спорце.

т. 14, с. 278

СВЯТЛОКАПІ́РАВАННЕ,

спосаб хуткага капіравання графічных і тэкставых арыгіналаў (чарцяжоў, карт, праектнай дакументацыі і інш.) на святлоадчувальнай паперы. Пры С. святло праходзіць праз празрыстыя месцы арыгінала (напр., калькі), уздзейнічае на святлоадчувальны слой паперы і афарбоўвае яго ў той ці іншы колер. У залежнасці ад спосабу С. атрымліваюць копіі прамыя і люстраныя, пазітыўныя і негатыўныя, чорна-белыя і каляровыя. Пры выкарыстанні дыазапаперы (у яе склад уваходзяць дыазазлучэнні, што разбураюцца пад дзеяннем святла) спосаб наз. дыязакапіраваннем. З 1970-х г. выцеснены электрафатаграфіяй, у прыватнасці ксераграфіяй.

т. 14, с. 278