Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СВЯТО́Е ВО́ЗЕРА.

У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Дняпро, за 5 км на Пн ад г. Рэчыца. Пл. 0,43 км².

т. 14, с. 279

СВЯТО́Е ВО́ЗЕРА У Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Дабрыца, за 6 км на З ад г. Рагачоў. Пл. 0,29 км², даўж. і шыр. 620 м, даўж. берагавой лініі 1,85 км. Катлавіна круглай формы сярод раўніннай разаранай тэрыторыі. Схілы невыразныя. Дно сапрапелістае.

т. 14, с. 279

СВЯТО́Е ВО́ЗЕРА У Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Беседзь, за 24 км на ПдЗ ад г. Касцюковічы. Пл. 0,26 км², даўж. 630 м, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 5,25 км². Схілы катлавіны выш. да 3 м, спадзістыя, пад лесам, на Пд выш. да 10 м, разараныя. У паўд. ч. возера заліў. Больш за 40% пл. дна выслана сапрапелем.

т. 14, с. 279

СВЯТО́Е ВО́ЗЕРА.

У Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл., на левабярэжнай пойме р. Сож, за 10 км на Пд ад г. Слаўгарад. Пл. 0,25 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 170 м, даўж. берагавой лініі 4,82 км. Катлавіна старычнага тыпу. Схілы на У выш. 3 м, пад лугам, на З невыразныя. Упадае адзін ручай.

т. 14, с. 279

СВЯТО́Е ВО́ЗЕРА.

У Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Арціслаўка (цячэ праз возера), за 22 км на ПдУ ад г. Шклоў. Пл. 0,23 км², даўж. 650 м, найб. шыр. 370 м, даўж. берагавой лініі 1,6 км.

т. 14, с. 279

СВЯТО́Й АЛЕ́НЫ ВО́СТРАЎ (Saint Helena Island),

уладанне Вялікабрытаніі ў паўд. ч. Атлантычнага ак. Уключае аднайм. востраў (пл. 122 км², нас. 7,2 тыс. чал., 1999), в-аў Узнясення (пл. 88 км², нас. 1,1 тыс. чал., 1993) а-вы Трыстан-да-Кунья (пл. 201 км², нас. 0,3 тыс. чал., 1993). Агульная пл. 411 км². Нас. каля 9 тыс. чал. (2000). Адм. ц. і порт — г. Джэймстаўн на в-ве Св. Алены. Афіц. мова англійская. Астравы вулканічныя, складзеныя з базальтаў, трахітаў, рыялітаў. Найвыш. пік Мэры на в-ве Трыстан з групы а-воў Трыстан-да-Кунья (2060 м). Клімат трапічны, пасатны, гарачы на в-ве Узнясення, цёплы на в-ве Св. Алены, марскі ўмераны на а-вах Трыстан-да-Кунья. На в-ве Св. Алены т-ра студз. каля 23 °C, ліп. каля 20 °C, выпадае за год каля 1000 мм ападкаў. У расл. покрыве ўсіх астравоў пераважаюць травы і хмызнякі. Пад лесам каля 2 тыс. га (толькі на в-ве Св. Алены). Насельніцтва — нашчадкі англічан, афрыканцаў, выхадцаў з краін Азіі. Большасць вернікаў англікане і баптысты. Аснова эканомікі — рыбалоўства, промысел крэветак і лангустаў, сельская гаспадарка, выраб сувеніраў. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 2000 дол. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 2,5 тыс. га зямлі пераважна на в-ве Св. Алены. Гал. экспартная культура — новазеландскі лён (ідзе на выраб высакаякасных канатаў, шпагату), займае каля 1,5 тыс. га. Вырошчваюць таксама бульбу, кукурузу, агародніну. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Ёсць прамысл. прадпрыемствы па апрацоўцы лёну, вытв-сці канатаў, вырабу мэблі, вышывак і карункаў, харчовыя (у т. л. рыбаперапрацоўчыя), невял. электрастанцыі (6 млн. кВт∙гадз, 1996) і інш. Транспарт аўтамаб. і марскі. А-вы Св. Алены і Узнясення — базы бункероўкі суднаў, прамежкавыя пункты міжкантынент. кабеляў. Турызм (в-аў Св. Алены). Астравы экспартуюць рыбу і рыбапрадукты, канаты, рамесніцкія вырабы, імпартуюць прамысл. тавары і харч. прадукты. Атрымліваюць эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — фунт в-ва Св. Алены.

Адкрыты партугальцамі ў 1502. У 1653 захоплены галандцамі. З 1673 пад уладай брыт. Ост-Індскай кампаніі. У 1815—21 месца ссылкі і смерці Напалеона I. З 1834 калонія Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця Суэцкага канала (1869) заняпаў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны брыт. марская база. У 1967 на в-ве створаны заканад. і выканаўчы саветы, якія выбіраюцца мясц. жыхарамі. У 1988 прынята канстытуцыя.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

т. 14, с. 279

СВЯ́ТЦА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, на паўн. ускраіне г. Браслаў. Пл. 0,29 км², даўж. 740 м, найб. шыр. 590 м, найб. глыб. 4,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 4,1 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на Пн нізкія, пад забудовамі, часткова разараныя, месцамі змяняюцца балотамі, на Пд выш. да 15 м (камавыя ўзгоркі). Пойма шыр. 5—70 м. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае, прыбярэжная ч. (акрамя 3) пясчаная. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Бярэжа.

т. 14, с. 280

СВЯ́ТЦЫ,

1) праваслаўная царкоўная кніга, якая складаецца з месяцаслова (календара), пасхаліі (табліцы для штогадовага вызначэння часу пасхі) і некат. малітваў і песнапенняў.

2) Спіс правасл. святых і дзён іх ушанавання, складзены ў каляндарным парадку.

т. 14, с. 280

СВЯТЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,

рэальныя гістарычныя асобы, якія, паводле паданняў, за сваю адданасць рэлігіі надзелены здольнасцю рабіць цуды, за што пасля смерці былі ўшанаваны царквой. У 1984 усталявана святкаванне Сабора беларускіх святых у 1-ю нядзелю пасля св. Тройцы (Сёмухі). У Сабор увайшлі 15 святых. Міна Полацкі(?—1116), епіскап полацкі. У час яго епіскапства прыняла пострыг Ефрасіння Полацкая. Ушаноўваецца правасл. царквой як адзін з першых архіпастыраў, які спрыяў распаўсюджванню хрысціянства на Беларусі. Дзень памяці 3 ліпеня; Марцін Тураўскі (?—1150), манах. Вядомы са «Сказання пра Барыса і Глеба» (канец 11 — пач. 12 ст.). Жыў адзін у пустыні. Калі захварэў, у келлю з’явіліся св. пакутнікі Барыс і Глеб і дапамаглі яму. Блажэннага пакутніка Тураўскага сталі шанаваць адразу пасля смерці. Дзень памяці 10 ліпеня; Расціслаў Мсціславіч (1100-я г. — 1167), князь смаленскі і кіеўскі. Заснаваў у Смаленску самастойную епіскапію. Дзень памяці 27 сакавіка; Ефрасіння Полацкая (каля 1101—1167); Дыянісій Полацкі(? — 1182), епіскап полацкі, манах Кіева-Пячэрскай лаўры. Лічыцца, што з яго бласлаўлення на св. зямлю адправілася Ефрасіння Полацкая, ён быў ініцыятарам яе кананізацыі. Дзень памяці ў 3-ю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы; Кірыла Тураўскі (каля 1130 — каля 1182); Лаўрэнцій Тураўскі (каля 1113 — пасля 1190), манах. У 1182—94 узначальваў тураўскую кафедру. Праславіўся глыбокай верай і адданасцю царкве, сваёй здольнасцю вылечваць людзей. Дзень памяці 11 лютага; Елісей Лаўрышаўскі (?—1250), сын вял. князя ВКЛ Траняты, займаў высокую пасаду пры двары вял. князя ВКЛ Міндоўга. Потым пайшоў у пустэльню і разам з правасл. манахам заснаваў каля Новагародка лаўру. Мошчы яго тварылі цуды. Дзень памяці 5 лістапада; Сімяон Полацкі (1220—89), епіскап полацкі. Паходзіў з полацкіх князёў. Раздаў шмат угоддзяў цэрквам і манастырам; быў дабрадзейны да жабракоў, сірот, няшчасных і пакрыўджаных. Дзень памяці 6 лютага; Віленскія пакутнікі Іаан, Антоній і Яўстафій (?—1347). Дні памяці 27 красавіка і 26 ліпеня; Юльянія Альшанская (?—1550), дачка правасл. магната Рыгора Альшанскага. Культ Юльяніі Альшанскай адыграў значную ролю ва ўмацаванні рэліг. свядомасці правасл. жыхароў Беларусі. Дні памяці 6 ліпеня і 11 кастрычніка; Соф’я Слуцкая (1585—1612), апошняя княгіня з роду слуцкіх князёў Алелькавічаў, нашчадкаў вял. князя ВКЛ Альгерда. Дзякуючы дзейнасці княгіні Слуцк яшчэ пры яе жыцці меў асаблівае значэнне ў рэліг. жыцці Беларусі, быў цвярдыняй праваслаўя. Дзень памяці 1 красавіка; Афанасій Брэсцкі (каля 1595—15.9.1648); Макарый Канеўскі (1606—78), ігумен пінскі, загінуў пакутніцкай смерцю, абараняючы праваслаўе. Дні памяці 26 мая і 20 верасня; Гаўрыіл Беластоцкі (1684—90), дзіця; паводле падання, быў выкрадзены мясц. арандатарам, тайна вывезены ў Беласток і закатаваны. Заступнік хворых і гаротных дзяцей. Дзень памяці 3 мая; Георгій Каніскі (1717—95); Праведны Іаан Кармянскі (1893—1917), іераманах, вызначаўся дабрынёй, міласэрнасцю і празорлівасцю. Мошчы знаходзяцца ў Пакроўскай царкве ў в. Карма Добрушскага р-на. Дні памяці 31 мая і 9 верасня.

У Сабор не ўвайшлі асобы, пра якіх не захавалася дастаткова звестак або якія жылі на землях, што не ўваходзяць у тэр. сучаснай Беларусі. Але без іх немагчыма ўявіць сабе гісторыю бел. царквы: св. пакутнік Макарый, мітрапаліт кіеўскі; Меркурый, воін смаленскі; прападобныя Аўрамій і Яфрэм смаленскія; свяціцель Кіпрыян, мітрапаліт кіеўскі, літоўскі, маскоўскі і ўсяе Русі і інш. Нараджэннем або служэннем сваім апасродкавана з Беларуссю звязаны роўнаапостальскі Мікалай Японскі, свяціцель Ціхан, патрыярх маскоўскі, дабраверны князь Цімафей-Даўмонт і інш. 28.10.1999 на пасяджэнні Сінода Бел. правасл. царквы здзейснена кананізацыя «ў ліку мясцоваўшаноўваемых святых 23 новапакутнікаў», клірыкаў Мінскай епархіі 1-й пал. 20 ст. Дзень памяці 28 кастрычніка.

З каталіцкіх святых на Беларусі ўшаноўваюць Казіміра (5.10.1458—4.3.1484), сына караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, патрона Вільні і Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі, апекуна зямель ВКЛ. Дзень памяці 4 сакавіка; Андрэя Баболю (30.11.1591—16.5.1657); Ю.А.Каліноўскага (1.9.1835—15.11.1907); М.М.Кольбе (8.1.1894—14.8.1941). Да уніяцкіх святых прылічаны Іасафат Кунцэвіч (1580—12.11.1623).

Літ.:

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Акафист святому мученику младенцу Гавриилу Заблудовскому. Белосток, 1993;

Святыя зямлі Беларускай // Беларускі праваслаўны каляндар, 1994. Мн., 1993;

Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

А.​А.​Мельнікаў.

т. 14, с. 281

СВЯТЫ́Я МЕ́СЦЫ,

месцы, звязаныя з падзеямі свяшчэннай гісторыі, наведваннямі багоў і святых, цудатворствамі; важны элемент культу ўсіх рэлігій (гл. Культ рэлігійны). У хрысціян асаблівай пашанай карыстаюцца святыні ў Палесціне, дзе жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс Ісус Хрыстос. Да С.м. часам адносяць храмы і манастыры, дзе захоўваюцца мошчы святых, цудатворныя абразы і інш. святыні, а таксама цудатворныя крыніцы, месцы, дзе адбываліся з’яўленні абразоў і інш. цудатворствы. У каталіцызме адрозніваюць свяшчэнныя (асабліва адметныя ў культавай практыцы месцы, асвячоныя вышэйшымі царк. іерархамі, а таксама касцёлы, алтары і могілкі) і С.м. (вобласці Палесціны, звязаныя са старазапаветнымі падзеямі і жыццём Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі). Паводле кананічнага права, свяшчэнныя месцы павінны быць унесены ў літургічныя кнігі і традыцыйна выключаны са свецкай юрысдыкцыі.

т. 14, с. 282