Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СВЯЦІ́ЛЬНЯ,

асвятляльная прылада блізкага дзеяння. Складаецца з крыніцы святла (звычайна лямпа напальвання) і асвятляльнай арматуры (гл. Асвятляльныя прылады, Святлатэхніка).

Бываюць падвесныя, столевыя (у т. л. люстры), насценныя (бра), настольныя, ручныя, пераносныя (таршэры) і інш.; спец. С. робяцца герметычныя, пыла-, вода-, газанепранікальныя, выбуханебяспечныя. Паводле прызначэння адрозніваюць С. для асвятлення закрытых памяшканняў (прамысл., жыллёвых, грамадскіх), трансп. сродкаў (рухомых саставаў чыг. і аўтамаб. транспарту, паветранага, марскога і рачнога флоту), адкрытых пляцовак (трансп., прамысл., грамадскага, ваеннага і спец. прызначэння).

На Беларусі С. вырабляюцца на Брэсцкім электралямпавым заводзе, Лідскім заводзе электравырабаў і інш.

Свяцільня: 1, 2 — настольныя лямпы; 3, 4 — таршэры; 5, 6, 7 — люстры; 8 — садовыя ліхтары.

т. 14, с. 283

СВЯЦІ́ЦА,

вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПдЗ ад горада і 41 км ад чыг. ст. Ляхавічы, 220 км ад Брэста. 1025 ж., 399 двароў (2001). Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік партызанам.

т. 14, с. 283

СВЯЦІ́ЦКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Размешчаны за 500 м на ПдЗ ад в. Свяціца Полацкага р-на Віцебскай вобл., каля шашы Лепель—Полацк. Чырвона-буры граніт рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 3,95 м, шыр. 2,3 м, выш. 1,55 м, у абводзе 9,9 м, аб’ём 7,5 м³, маса бачнай часткі каля 20 т. Мае прасападобную форму. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Карэльскага перашыйка.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 283

СВЯ́ЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на. Размешчаны ў б. маёнтку Валовічаў (у пач. 20 ст. належаў Ю.​Гурскаму). Пабудаваны паводле праекта італьян. арх. Дж.​Сака для гродзенскага маршалка Ю.​Валовіча і яго сына Антонія. Уключаў палац, капліцу. гасп. пабудовы, парк. Фарміраваўся ў 2 этапы: у 1779 — буд-ва і афармленне інтэр’ера палаца ў раннекласіцыстычным стылі, у пач. 19 ст. — дапаўненне агульнай кампазіцыі бакавымі флігелямі з галерэямі-каланадамі. Рэканструяваны ў 1930-я г. (арх. А.​Сасноўскі). Цэнтр. корпус палаца — 2-павярховы мураваны будынак з цокальным паверхам, накрыты высокім ламаным мансардавым дахам. Гал. фасад расчлянёны 3 рызалітамі (цэнтральны — 4-калонны з трохвугольным, бакавыя — з лучковымі франтонамі). Дваровы фасад з 5-гранным эркерам, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны гранёным шатровым дахам. У дэкоры будынка выкарыстаны дробныя пілястры, парталы ўваходаў, вузкія рызаліты.

Інтэр’еры аздоблены размалёўкамі (маст. Т.​Манькоўскі, Ф.​Смуглевіч; не захаваліся), мелася зала ў пампейскім стылі. Элементы інтэр’ера (панэлі, каміны, люстры, вазоны, мэбля і інш.) былі зроблены па эскізах і пад кіраўніцтвам Сака. Флігелі пастаўлены перпендыкулярна да асн. корпуса, накрыты вальмавымі дахамі, аздоблены руставанымі лапаткамі; адзін выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім — манеж. З асн. корпусам злучаны паўцыркульнымі галерэямі ў выглядзе аркад. Насупраць палаца ў 19 ст. ў рэтраспектыўна-гатычным стылі пабудавана капліца. Парк пейзажнага тыпу (пл. 12 га) закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на 2 пагорках, у лагчыне — сістэма вадаёмаў на розных узроўнях, за імі лясны масіў. У 1985 парк адноўлены паводле спец. праекта.

В.​Р.​Анціпаў, А.​М.​Кулагін.

Свяцкі палацава-паркавы ансамбль.
Свяцкі палацава-паркавы ансамбль. Схема планіроўкі.

т. 14, с. 283

СВЯ́ЦКІ ПА́ТАЧНЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у 1887—1914 у маёнтку Свяцк Аўгустоўскага пав. (цяпер вёска ў Гродзенскім р-не). Вырабляў вінаградны цукар, бульбяную патаку, глюкозу. Меў паравую машыну і паравы кацёл; у 1913 працавала 55 рабочых.

т. 14, с. 283

СВЯЧА́,

вёска ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Свячанка, на аўтадарозе Лепель—Віцебск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г.п. Бешанковічы, 63 км ад Віцебска, 32 км ад чыг. ст. Чашнікі. 326 ж., 139 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Свята-Раства-Багародзіцкая царква (1895).

т. 14, с. 283

СВЯЧА́,

вадасховішча ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Мальцы. Створана ў пойме р. Гразіва ў 1981. Пл. 0,8 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 3 м, аб’ём вады 1,77 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 3,6 км. Наліўное; напаўняецца вадой з р. Гразіва па водападвадным канале. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1 м. Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі і адпачынку.

т. 14, с. 283

СВЯЧА́НКА, Свяча,

рака ў Сенненскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Ула (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 84 км. Пл. вадазбору 551 км². Выцякае з воз. Вял. Святое (Сенненскі раён) за 1,6 км на У ад в. Замошша, вусце за 1,8 км на З ад в. Броды Бешанковіцкага р-на. Прытокі: р. Свінка (злева), невялікія ручаі і меліярацыйныя каналы. Цячэ праз азёры Хотлінскае, Маеўскае, Сцержань (да ўпадзення ў гэтае возера рака наз. Свяча), Слабадское; ручаямі злучана з воз. Рыбакоўскае. Даліна амаль на ўсім працягу трапецападобная, каля вытоку і воз. Сцержань V-падобная; пераважная шыр. 200—400 м, каля азёр, праз якія цячэ С., пашыраецца да 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. 100—300 м, каля в. Вярхоўе і Броды Бешанковіцкага р-на адсутнічае; на вял. працягу забалочаная і парэзаная меліярац. каналамі. Рэчышча ад вытоку на працягу 10,6 км каналізаванае. Пераважная шыр. рэчышча 5—10 м, у ніжнім цячэнні да 15 м.

т. 14, с. 284

СВЯЧЭ́ННЕ АРГАНІ́ЗМАЎ,

тое, што біялюмінесцэнцыя.

т. 14, с. 284

СВЯЧЭ́ННЕ МО́РА, біялюмінесцэнцыя,

свячэнне паверхневага слоя акіяна (мора) «халодным» святлом пры механічным уздзеянні на ваду (рух вады ў месцах сыходжання цячэнняў, пры хваляванні, ад ходу судна і інш.). Святло прадуцыруецца некат. дробнымі марскімі арганізмамі (розныя рачкі і інш.) і параўнальна буйнымі жывёламі (медузы, грэбнікі і інш.). Назіраецца паўсюдна ў акіянах і морах, акрамя раёнаў з моцна апрэсненымі водамі.

т. 14, с. 284