СВЯЧА́НКА, Свяча,
рака ў Сенненскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Ула (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 84 км. Пл. вадазбору 551 км². Выцякае з воз. Вял. Святое (Сенненскі раён) за 1,6 км на У ад в. Замошша, вусце за 1,8 км на З ад в. Броды Бешанковіцкага р-на. Прытокі: р. Свінка (злева), невялікія ручаі і меліярацыйныя каналы. Цячэ праз азёры Хотлінскае, Маеўскае, Сцержань (да ўпадзення ў гэтае возера рака наз. Свяча), Слабадское; ручаямі злучана з воз. Рыбакоўскае. Даліна амаль на ўсім працягу трапецападобная, каля вытоку і воз. Сцержань V-падобная; пераважная шыр. 200—400 м, каля азёр, праз якія цячэ С., пашыраецца да 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. 100—300 м, каля в. Вярхоўе і Броды Бешанковіцкага р-на адсутнічае; на вял. працягу забалочаная і парэзаная меліярац. каналамі. Рэчышча ад вытоку на працягу 10,6 км каналізаванае. Пераважная шыр. рэчышча 5—10 м, у ніжнім цячэнні да 15 м.
т. 14, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)