Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),

князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн. Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 275

СВЯТАСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; пасля 1116—27.7.1194),

князь тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял. кн. Усевалада Ольгавіча. У 1140 пасланы бацькам княжыць у Ноўгарад, аднак там яго не прынялі. Каля 1142 бацька пасадзіў яго ў Тураве, але хутка туды з Пераяслава пераведзены Вячаслаў Уладзіміравіч, а С.У. атрымаў Уладзімір-Валынскі. У 1146 па загадзе вял. кн. Ізяслава Мсціславіча С.У. разам з Расціславам Мсціславічам выгнаў Вячаслава Уладзіміравіча з Турава. Пасля смерці Ізяслава Мсціславіча (1154) С.У. пільнаваў Кіеў, пакуль туды не прыйшоў княжыць Расціслаў Мсціславіч; за гэту паслугу атрымаў ад яго Тураў і Пінск, аднак праз год іх страціў. У 1162 удзельнічаў разам з інш. князямі ў паходзе на Слуцк супраць Уладзіміра Мсціславіча. У 1164 захапіў Чарнігаўскае княства, а свайго сына Алега паслаў у Гомель. У 1176—94 вял. кн. кіеўскі. У 1180 з наўгародскім войскам удзельнічаў у вял. кааліцыйным паходзе на Друцк, спаліў там астрог. З 1143 жанаты з дачкой полацкага кн. Васількі Святаславіча Марыяй.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 275

СВЯТАСЛА́Ў УСЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Георгій),

князь у Полацкай зямлі ў 12 ст. Сын полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. Згадваецца пад 1129 сярод сыноў Усяслава, якіх кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч саслаў у Візантыю. На думку А.​Я.​Праснякова і Т.​Васілеўскага, С.Ў. у пач. 12 ст. валодаў Віцебскам, бо ў далейшым віцебскі сталец займалі яго ўнукі. Л.​В.​Аляксееў мяркуе, што Віцебск у гэты час належаў смаленскім князям. На думку А.​М.​Рапава, С.У. магло належаць Ізяслаўскае княства, бо пасля там княжыў яго сын Васілька Святаславіч. Меў сыноў Васіля, Давыда і Вячаслава, дачок Прадславу (Ефрасінню Полацкую) і Градзіславу (Еўдакію).

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 14, с. 275

СВЯТАСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ.

Святаслаў II (1027—76), князь чарнігаўскі [1054—73], вял. кн. кіеўскі [1073—76], Сын Яраслава Мудрага. Разам з братамі Усеваладам Яраславічам і Ізяславам Яраславічам стварылі своеасаблівы княжацкі трыумвірат, які ў 1054—72 кіраваў усімі справамі на Русі. У 1060 С.Я. хадзіў на торкаў (у паходзе ўдзельнічаў і полацкі кн. Усяслаў Брачыславіч з дружынай). У пач. 1067 браты Яраславічы перамаглі на р. Няміга кн. Усяслава Брачыславіча (гл. Нямігская бітва 1067). Летам таго ж года «на Ршы у Смаленска» браты прапанавалі Усяславу Брачыславічу правесці перагаворы. Аднак, нягледзячы на тое, што «цалавалі крыж чэсны Усяславу», па-здрадніцку захапілі яго і разам з сынамі пасадзілі ў турму-поруб у Кіеве. У 1068 браты пацярпелі няўдачу ад полаўцаў на р. Альта (каля Пераяслава), аднак неўзабаве С.Я. разбіў іх каля Сноўска. Разам з братамі з’яўляецца адным са складальнікаў Рускай праўды (т. зв. Праўды Яраславічаў). У 1073 пры падтрымцы Усевалада адабраў у старэйшага брата Ізяслава велікакняжацкі трон. Па заказе С.Я. ў 1073 і 1076 былі складзены Ізборнікі Святаслава.

т. 14, с. 275

СВЯТАЯ́ННІК, зверабой (H. ypericum),

род кветкавых раслін сям. святаяннікавых, або зверабойных. Больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя С.: плямісты (H.maculatum), нар. назвы святаянскае зелле, крывавец, сямёнава кроў і прадзіраўлены (H. perforatum), нар. назвы зелле св. Івана, расанкі, кроўка. Вельмі рэдка трапляюцца С.: вялікі (H. majus), горны (H. montanum), зграбны (H. elegans), распасцёрты (H. humifusum), чатырохкрылы (H. tetrapterum), цвёрдаваласісты (H. hirsutum). Растуць у ліставых і мяшаных лясах, на палях, сухадольных лугах, уздоўж узлескаў. Інтрадукавана каля 7 відаў.

Адна- і шматгадовыя травы, кусты, паўкусты і невял. дрэвы. Сцёблы звычайна прамыя, галінастыя. Лісце суцэльнае, супраціўнае або ў кальчаках, з кропкавымі залозкамі. Кветкі залаціста-жоўтыя, у мяцёлчатых, гронка- ці шчыткападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя, дубільныя, харч., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя для авечак і коней.

А.​М.​Скуратовіч.

Святаяннік прадзіраўлены.

т. 14, с. 276

СВЯТА́Я ВО́ЛЯ,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Івацэвічы—Целяханы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 169 км ад Брэста. 567 ж., 270 двароў (2001). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Крыжаўзвіжанская царква (1992). Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з 17 ст. як вёска ў Пінскім пав.; належала Дольскім, Вішнявецкім, Агінскім. 23.11.1724 кароль Аўгуст II надаў вёсцы правы мястэчка. З 1793 у складзе Рас. імперыі, мястэчка Пінскага пав. Мінскай губ. У 1886 цэнтр воласці, 448 ж., 44 двары, школа, царква. У 1920—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв., 615 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Целяханскім р-не Пінскай, з 1954 — Брэсцкай вобл., у 1959—62 і з 1965 у Івацэвіцкім р-не, у 1962—65 у Бярозаўскім р-не.

т. 14, с. 275

СВЯТА́Я ГАРА́,

назва Дзяржынскай гары да 1958.

т. 14, с. 275

СВЯТА́Я ТРО́ЙЦА,

паводле хрысціянскага веравучэння, 3 іпастасі адзінага па сваёй сутнасці Бога: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог—Дух Святы. Вытокі вучэння пра С.Т. ў Старым запавеце, але канчаткова яно выкладзена ў Новым запавеце. Догмат пра С.Т. распрацоўваўся з канца 2 ст. ў сувязі з фарміраваннем адзінай епіскапальнай царквы і выклікаў вострыя дыскусіі (т. зв. трынітарныя спрэчкі). Тэалагічную завершанасць догмат пра С.Т. атрымаў у 3 ст. і замацаваны на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. У 381 уведзена свята Тройца (гл. Сёмуха). Вучэнне пра С.Т. распрацоўваў Аўгусцін Блажэнны, які трактаваў С.Т. як вечнае божае самапазнанне і любоў. Догмат пра С.Т. адмаўляўся ў антытрынітарных вучэннях (гл. Антытрынітарыі). С.Т. з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў у іканапісе. Сімвал С.Т. — выява 3 анёлаў.

т. 14, с. 275

СВЯ́ТА ПЕРАМО́ГІ, Дзень Перамогі,

усенароднае свята ў краінах СНД — удзельніцах Вял. Айч. вайны 1941—45, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Абвешчана Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР 8.5.1945 у гонар перамогі Сав. Саюза над фаш. Германіяй. Адзначаецца штогод 9 мая (з 1965 непрацоўны дзень).

т. 14, с. 273

СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю,

святкаванне заканчэння ўборкі ўраджаю. Першыя С.ў. прымяркоўвалі да Пакроваў — стараж. земляробчага свята заканчэння палявых работ. У ім прымалі ўдзел калектыўныя і аднаасобныя гаспадаркі; праводзілі яго ў школах, хатах-чытальнях, нар. дамах, на плошчах. У падрыхтоўцы свята ўдзельнічалі выканкомы мясц. Саветаў, парт., камсамольскія, прафс. арг-цыі. Асн. мэта першых С.у. — прапаганда с.-г. вопыту. Суправаджалася выстаўкай узораў с.-г. прадукцыі, прылад працы, паказам прыёмаў апрацоўкі і ўгнаення глебы і інш. У час свята дэманстравалі апрацоўку глебы трактарам, арганізоўвалі выстаўку калгаснай прадукцыі, кірмашы. Састаўнымі элементамі С.ў. былі маст. інсцэніроўкі, канцэрты, танцы, гульні, спаборніцтвы (у прыватнасці, конныя), часам карнавальныя шэсці. Высокі эмац. настрой святу надавалі духавыя аркестры. Мастацкія рысы С.ў. ўзмацніліся ў 1960—90-я г. Яно ўзбагацілася традыц. сімваламі дажыначных абрадаў (апошні сноп жыта, ячменю, лёну, дажынкавы вянок, каравай з зерня новага ўраджаю; гл. Дажынкі). Своеасаблівасць свята выражаюць святочныя персанажы «Ураджай», «Колас», «Каласкі» і інш. Праводзяцца парады тэхнікі, выступленні ўдзельнікаў маст. самадзейнасці, спарт. выступленні, конкурсы, латарэі. Змяніліся сутнасць і значэнне свята. Яно стала святкаваннем заканчэння ўборкі ўраджаю, днём падвядзення вынікаў працы, ушанавання пераможцаў.

В.​Ф.​Бацяеў, М.​Ф.​Піліпенка.

т. 14, с. 273