СВЯТАПО́ЛК ІЗЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; 8.11.1050—16.4.1113),
князь полацкі, тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял. кн. Ізяслава Яраславіча, унук Яраслава Мудрага. У 1069 бацька прызначыў яго на полацкае княжанне замест памерлага Мсціслава Ізяславіча. У 1071 яго выгнаў з Полацка Усяслаў Брачыславіч. У 1073 С.І. разам з бацькам уцёк за межы Русі, дзе быў да 1077. Пасля вяртання атрымаў ад бацькі ў трыманне Наўгародскую зямлю. У 1088 «иде Святополк из Новагорода к Турову жити» — верагодна, у С.І. адбыўся нейкі канфлікт з наўгародцамі. 24.4.1093 заняў велікакняжацкі пасад у Кіеве, якім валодаў да смерці. Рабіў шматразовыя паходы на полаўцаў. Адзін з ініцыятараў Любецкага з’езда 1097, згодна з пастановай якога «яко князь туровский» атрымаў вял. тэрыторыі «об оне стороне Припети» з Туравам, Пінскам, Бярэсцем і Пагарыннем, а таксама Кіеўскае княства і Наўгародскую зямлю (аднак наўгародцы не прызнавалі яго ўлады). У самым канцы 11 ст. ён авалодаў Уладзіміра-Валынскім княствам. Трымаў у Кіеве тураўскую дружыну. У 1104 пасылаў свайго ваяводу Пуцяту на менскага кн. Глеба Усяславіча. Захавалася паданне, што 2-я жонка С.І. грачанка Варвара заснавала ў Тураве жаночы манастыр.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 274
СВЯТАПО́ЛК МСЦІСЛА́ВІЧ (7—1154),
князь уладзіміра-валынскі. Сын вял. кн. Мсціслава Уладзіміравіча. З 1132 княжыў у Полацку пасля брата Ізяслава, які перайшоў у Пераяслаў. Аднак палачане прагналі яго, заявіўшы «лишается нас», і абралі князем Васільку Святаславіча. З 1138 пасля смерці старэйшага брата Усевалада С.М. княжыў у Пскове. У 1140 атрымаў ад вял. кн. Усевалада Ольгавіча Бярэсце, а ў 1142 перайшоў княжыць у Ноўгарад. У 1148 атрымаў ад вял. кн. Ізяслава Мсціславіча Уладзіміра-Валынскае княства, якім валодаў да смерці.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 274
СВЯТАПО́ЛК УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі; гл. Святаполк Яраполчыч.
т. 14, с. 274
СВЯТАПО́ЛК Ю́Р’ЕВІЧ (? — 19.4.1190),
князь тураўскі. Сын тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. Упершыню ўпамінаецца ў 1156, калі князь Яраслаў Уладзіміравіч Асмамысл пасылаў С.Ю. да вял. кн. Юрыя Далгарукага прывесці ў Галіч зняволенага кн. Івана Расціславіча Бярладніка. Як князь тураўскі С.Ю. вядомы з 1162, калі хадзіў разам з інш. князямі выганяць са Слуцка Уладзіміра Мсціславіча. У 1168 С.Ю. удзельнічаў у вял. паходзе вял. кн. Мсціслава Ізяславіча на полаўцаў. У 1170 дапамагаў выгнанаму з Кіева Мсціславу Ізяславічу вярнуць свой трон. С.Ю. пахаваны ў Кіеве ў Міхайлаўскім Залатаверхім саборы.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 274
СВЯТАПО́ЛК ЯРАПО́ЛЧЫЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі. Прыёмны сын вял. кн. Уладзіміра Святаславіча. Нарадзіўся ад шлюбу вял. кн. Яраполка Святаславіча з «грэкіняй», якую пасля забойства мужа яшчэ цяжарнай узяў за жонку Уладзімір (СЛ. называюць таксама Святаполк Уладзіміравіч). У 988 С.Я. атрымаў ад айчыма тураўскае княжанне. У пач. 11 ст. рыхтаваў змову супраць Уладзіміра, аднак яна была раскрыта. С.Я. разам з жонкай, дачкой польскага князя (пазней караля) Баляслава I Храбрага і яе духоўнікам, калобжагскім біскупам Рэйнбернам, апынуўся ў кіеўскай турме. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць зняволеных, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку С.Я. жыў у Кіеве, потым у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015) С.Я. заняў кіеўскі трон. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» ён рукамі наёмных забойцаў пазбавіўся сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — Барыса, Глеба і Святаслава, за што атрымаў мянушку Акаянны. У адказ наўгародскі кн. Яраслаў Мудры выступіў з войскам у паход на Кіеў. У бітве каля Любеча (1015 або 1016) С.Я. пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Ісландская «Сага аб Эймундзе» адказнасць за забойствы ўскладае на Яраслава Мудрага. У 1018 войскі С.Я. і Баляслава Храбрага ў бітве каля Бярэсця разбілі дружыну Яраслава. С.Я. зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падышло да Кіева і прымусіла С.Я. ўцячы. У 1019 выгнанец вадзіў на Кіеў войска печанегаў. Вырашальная бітва адбылася на р. Альта. С.Я. у другі раз адправіўся ў Польшчу, але па дарозе памёр.
Літ.:
Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990.
А.В.Іоў.
т. 14, с. 274
СВЯТА́Р,
сан 2-й (сярэдняй) ступені свяшчэнства ў праваслаўнай, каталіцкай і стараж.-ўсходніх цэрквах. Паводле царк. дагматыкі, С. мае дар божы Св. Духа, які дае яму магчымасць здзяйсняць царк. таінствы (акрамя таінства свяшчэнства), царк. службы і даваць вернікам божае блаславенне. Пасвячае ў С. епіскап. У правасл. царкве, дзе гэты тэрмін найб. пашыраны, С. таксама наз. іерэй, прэсвітэр, поп. Правасл. С. павінен быць абавязкова жанаты ці прыняць манаства (С.-манах наз. іераманах). Старшы С., звычайна кіраўнік ніжэйшай царк. акругі (благачыння) ці настаяцель сабора, мае ганаровае званне (протапрэсвітэр, пратапоп, у манастве — ігумен, архімандрыт). Каталіцкага С. ў Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне наз. ксёндз. Гл. таксама Духавенства.
т. 14, с. 274
СВЯТАСЛА́Ў ІВА́НАВІЧ (? — 29.4.1386),
вялікі князь смаленскі з 1358. Сын вял. кн. смаленскага Івана Аляксандравіча. Праводзіў палітыку па захаванні незалежнасці Смаленскага княства. Спрабаваў вярнуць захопленыя вял. кн. Альгердам паволжскія землі (паход 1358 на р. Белая), але ў выніку страціў Мсціслаў з Пасожжам (1359). Дружына С.І. ў 1368 і 1370 прымала ўдзел у паходах Альгерда на Маскву 1368—72. За парушэнне дагавора з Масквой у 1368 С.І. быў адлучаны мітрапалітам Алексіем ад царквы, што пацвердзіў у 1370 канстанцінопальскі патрыярх. У 1375 заключыў саюзны дагавор з Масквой і ўдзельнічаў у паходзе супраць Цверы. У 1386 разам з Андрэем Альгердавічам пачаў барацьбу супраць Вільні і спрабаваў вярнуць захопленыя ВКЛ паўн.-зах. воласці Смаленскага княства. Пасля няўдалай аблогі Віцебска і Оршы спрабаваў узяць Мсціслаў. 29 крас. пад сценамі горада адбылася бітва з падышоўшым войскам ВКЛ, у якой С.І. быў разбіты (гл. Мсціслаўская бітва 1386).
А.А.Мяцельскі.
т. 14, с. 274
СВЯТАСЛА́Ў І́ГАРАВІЧ (? — 972),
вялікі князь кіеўскі [964—972]. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын вял. князя кіеўскага Ігара. У 964—966 вызваліў вяцічаў ад улады хазар і падначаліў іх Кіеву. У 960-я г. разграміў Хазарскі каганат, разбурыў яго сталіцу Ітыль і г. Саркел (на Доне). Ваяваў з Балгарыяй волжска-камскай і захапіў яе сталіцу Булгар. На Паўн. Каўказе заваяваў хазарскую крэпасць Семендэр, разбіў ясаў і касогаў. У 967 уварваўся ў Дунайскую Балгарыю і ўмацаваўся ў г. Пераяславец у вусці Дуная. Калі на Кіеў напалі печанегі, вярнуўся, разбіў іх і зноў прыйшоў у Балгарыю. Каля 971 у саюзе з балгарамі і венграмі ваяваў супраць Візантыі. У 971 заключыў мір з візантыйскім імператарам Іаанам I Цымісхіем. На шляху да Кіева каля дняпроўскіх парогаў загінуў у баі з печанегамі.
Літ.:
Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963;
Сахаров А.Н. Дипломатия Святослава. 2 им. М., 1991.
т. 14, с. 275
СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Сімяон),
наўгародскі, полацкі і смаленскі князь у 1-й пал. 13 ст. Сын Мсціслава Раманавіча. У 1218—19 княжыў у Ноўгарадзе. З 1222 (ці з 1223) полацкі князь. У 1232 «взя Святослав Мьстиславичь, внук Романов Смоленск на щит с полочаны на память святых мучеников Бориса и Глеба, исече смолян много, а сам седе на столе». Верагодна, знаходзіўся на смаленскім прастоле да 1239, калі яго змяніў брат Усевалад. Звесткі пра яго далейшы лёс адсутнічаюць.
А.А.Мяцельскі.
т. 14, с. 275
СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (? — 1172),
князь уладзіміра-валынскі і берасцейскі. Сын вял. кн. Мсціслава Ізяславіча. Упершыню ўпамянёны ў Іпацьеўскім летапісе пад 1173 (сапраўдная дата падзеі 1170), калі сын Яраслава Асмамысла Уладзімір звярнуўся да яго з просьбай дазволіць уладарыць у г.Чэрвень. Мяркуецца, што ў гэты час С.М. княжыў ва Уладзіміры-Валынскім, а яго старэйшы брат Раман — у Ноўгарадзе. У гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава пад 1172 ёсць запіс пра смерць С.М. ў Бярэсці. Верагодна, туды С.М. перайшоў княжыць у 1170.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 275