Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СВІШЧО́ВА,

курганны могільнік дрыгавічоў 11—12 ст. каля в. Свішчова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Захавалася 20 насыпаў выш. 0,2—1,6 м, дыям. 4—8 м, іх аснова абкладзена камянямі. Даследаваны 23 курганы. У некат. насыпах шчыльная вымастка з камянёў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Пахаванні пераважна адзіночныя, ёсць парныя. Знойдзены ганчарныя гаршкі, метал. часткі драўлянага посуду, нажы, падкова, цуглі, прасліца з ружовага сланцу, тачыльныя брускі, метал. пярсцёнкі, спражкі, шкляныя залачоныя пацеркі і бронзавыя, упрыгожаныя зерню (дрыгавіцкага тыпу), скроневыя кольцы з такіх пацерак, паўтараабаротныя і з S-падобным завітком і інш.

т. 14, с. 268

СВІШЧО́Ў (Георгій Пятровіч) (н. 24.12.1912, С.-Пецярбург — 3.5.1999),

савецкі вучоны ў галіне авіяцыйнай механікі. Акад. Рас. АН (1976, чл.-кар. 1966). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1982). Скончыў Маскоўскі дырыжаблебуд. ін-т (1935). З 1935 у КБ дырыжаблебудаўніцтва. У 1940—54 і з 1967 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це (з 1967 нач.).

У 1954—67 нач. Цэнтр. ін-та авіяц. маторабудавання. Навук. працы па аэрадынаміцы самалётаў і рухальных установак. Ленінская прэмія 1976. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952, 1968.

Г.П.Свішчоў.

т. 14, с. 268

СВІ́ЯЗІ (Anas),

птушкі сям. качыных атр. гусепадобных. 2 віды: С. (A. penelope), С. амерыканская (A. americana). Пашыраны пераважна на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жывуць на зарослых вадаёмах. На Беларусі 1 від — С. penelope, занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 55 см, маса да 1 кг. Галава ў самца С. іржава-карычневая з залаціста-жоўтым ілбом і цемем, астатняе апярэнне шэрае і белае. Самка карычнявата-бурая з чорнымі стракацінамі і белым брухам. Адкладваюць 7—10 яец. Пераважна расліннаедныя. Аб’екты палявання.

Свіязі: 1 — самка; 2 — самец.

т. 14, с. 268

СВО́БАДА ((Svoboda) Людвік) (25.11.1895, в. Грознецін, Чэхія — 20.9.1979),

чэхаславацкі дзяржаўны і ваен. дзеяч. Ген. арміі (1945). Тройчы Герой (1965, 1970, 1975), Герой Сав. Саюза (1965). Працаваў аграномам. З 1915 на ўсх. фронце аўстра-венг. арміі. На чале групы вайскоўцаў-чэхаў перайшоў лінію фронту і ў 1916 уступіў у чэхаславацкі легіён, які фарміраваўся ў Расіі. З 1920 на радзіме, афіцэр чэхаславацкай арміі. у 1931—34 выкладчык Ваен. акадэміі ў Граніцы (Маравія). Пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі адзін з арганізатараў падп. антыфаш. ваен. арг-цыі. Летам 1939 выехаў у Польшчу, сфарміраваў чэхаславацкую вайсковую часць і з пач. 2-й сусв. вайны перайшоў з ёю ў СССР. У 1942 узначаліў 2-і Чэхаславацкі пяхотны батальён, у 1943—1-ю Чэхаславацкую асобную брыгаду (з 1944 армейскі корпус), якая ў складзе 1-га Укр. фронту ўдзельнічала ў Карпацка-Дукельскай аперацыі 1944, змагалася ў Славакіі і Маравіі, а пасля вызвалення Чэхаславакіі (1945) стала асновай стварэння ўзбр. сіл краіны. У 1945—50 С. — міністр нац. абароны, у 1950—51 нам. старшыні ўрада Чэхаславакіі. У 1955—59 нач. Ваен. акадэміі імя К.​Готвальда. У перыяд «Пражскай вясны» 1968 прыхільнік дэмакр. рэформ. З сак. 1968 па май 1975 прэзідэнт ЧССР, вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі ЧССР. Чэхаславацкая прэмія міру (1968), Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» (1970).

Літ.:

Марьина В.В. Чехословацкий легион в СССР (1939—1941 гг.) // Вопр. истории. 1998. №2.

т. 14, с. 268

«СВОБО́ДНЫЕ НО́ВОСТИ»,

незалежная інфармацыйна-аналіт. газета. Выдаецца з 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах штотыднёва; у 1994—97 выходзіла пад назвай «Свободные новости плюс». Дае рознабаковую інфармацыю як кіруючых улад, так і апазіц. ім структур. Друкуе інфарм.-аналіт. матэрыялы, культуралагічную, гіст., спарт., мед. інфармацыю.

А.​І.​Карповіч.

т. 14, с. 269

СВО́ЙСКІЯ ЖЫВЁЛЫ,

жывёлы, якія былі прыручаны чалавекам і гадуюцца ім для задавальнення гасп., эстэт. і інш. патрэб. Да іх адносяць: буйн. і дробную раг. жывёлу, свіней, коней, вярблюдаў, лам, якаў, аслоў, паўн. аленяў, трусоў, сабак, катоў, курэй, гусей, качак, індыкоў, пчол, тутавых шаўкапрадаў і інш. Паходзяць ад дзікіх продкаў (гл. Прыручэнне жывёл), адрозніваюцца ад іх паводзінамі, анатама-фізіял. прыкметамі, прадукцыйнасцю і інш., што з’яўляецца вынікам накіраванага ўздзеяння чалавека. Амаль усе С.ж. маюць шматлікія пароды. Прамежкавай стадыяй паміж дзікімі і С.ж. лічацца маралы, лісы, пясцы, собалі, норкі, нутрыі, страусы, зебры, сланы, лоўчыя птушкі, якіх разводзяць у паўвольных умовах ці ў няволі. Блізкія да С.ж. «дэкаратыўныя» птушкі (канарэйкі, паўліны), акварыумныя і сажалкавыя рыбы, лабараторныя жывёлы (мышы, пацукі).

т. 14, с. 269

СВО́ЛЬНА,

рака ў Расіі і Беларусі, правы прыток р. Дрыса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 99 км, у т. л. ў межах Беларусі 93 км, пл. вадазбору 1510 км². Выцякае з воз. Нечарыца (Себежскі р-н Пскоўскай вобл.), вусце насупраць в. Цясты Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. (на левым беразе р. Дрыса). Цячэ па Асвейскай градзе і Полацкай нізіне. Асн. прытокі на Беларусі: Лонніца, Лешня (злева), Піжаўка, Водзьга (справа). Даліна трапецападобная, шыр. ў верхнім і сярэднім цячэнні 400—600 м, у ніжнім 800—1500 м. Схілы спадзістыя, месцамі ўмерана стромкія, выш. 10—20 м. Пойма перарывістая, месцамі забалочаная, шыр. 100—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае, шыр. 18—20 м, берагі стромкія. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 40% гадавога сцёку. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў 1-й дэкадзе крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 4,5 м, найб. 7,7 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,7 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 269

СВЯ́ДАВА,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 30 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,74 км², даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 6,3 км. Пл. вадазбору 5,25 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м (на З 10—16 м), пераважна разараныя. На ПдЗ і З пойма шыр. да 200 м. Берагі нізкія, пад хмызняком, у залівах сплавінныя. 2 астравы агульнай пл. 0,4 га. Дно выслана гліністым ілам, мелкаводдзе пясчанае. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 70 м. Упадаюць 3 ручаі, выцякае ручай у воз. Доўгае.

т. 14, с. 269

СВЯ́ДЗІЦА,

рака ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Эса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 225 км². Пачынаецца за 1,2 км на Пд ад в. Грыгаравічы, вусце каля в. Вілы. Пачынаецца на схілах Лукомскага ўзв. і цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага ўзв. Даліна ў верхнім цячэнні звілістая, трапецападобная (шыр. 300—500 м), у ніжнім невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма ў верхнім цячэнні адсутнічае, у сярэднім і ніжнім вузкая, чаргуецца па берагах. Рэчышча на вялікім працягу звілістае, у ніжнім цячэнні на працягу амаль 12 км каналізаванае, шыр. ў верхнім цячэнні 0,5—2,5 м, у ніжнім 10—18 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 14, с. 269

СВЯДО́МАСЦЬ,

вышэйшы ўзровень адлюстравання рэчаіснасці, уласцівы толькі чалавеку. Выяўляецца ў пачуццёвых вобразах (адлюстроўваюць знешні бок прадметаў і з’яў), паняццях (абагульняюць уласцівасці і ўзаемасувязі прадметаў і з’яў), ацэначных меркаваннях (выяўляюць адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці). Выкарыстанне славесных моўных знакаў з’яўляецца спосабам кадзіравання інфармацыі, уласцівае толькі чалавеку. Выяўленая ў паняццях і замацаваная ў мове інфармацыя з’яўляецца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавецтва ў працэсе грамадска-гіст. развіцця і складае яго веды. С. характарызуецца здольнасцю адлюстроўваць рэчаіснасць у форме ведаў і падпарадкоўваць свае паводзіны агульначалавечым законам. На аснове ведаў чалавек арыентуецца ў навакольным асяроддзі і творча ператварае яго ў сваіх інтарэсах. С. уключае пазнавальныя працэсы, звязаныя з атрыманнем ведаў: адчуванні, памяць, успрыманне, уяўленне, канкрэтна-дзейнае і наглядна-вобразнае мысленне, але дамінантай С. з’яўляецца паняційнае, абстрактна-лагічнае мысленне. Важнае месца ў структуры С. займае эмацыянальна-валявая сфера, звязаная з эмацыянальна-пачуццёвым перажываннем рэчаіснасці, каштоўнаснымі адносінамі да аб’екта і мабілізацыяй актыўнасці для дасягнення мэт шляхам валявых намаганняў. С. з’яўляецца цэласным, інтэграваным адлюстраваннем знешняга свету, дзе ўсе кампаненты ўзгоднена ўзаемадзейнічаюць. Змест С. ідэальны: ён не можа быць апісаны прасторавымі характарыстыкамі, але залежыць ад свайго матэрыяльнага носьбіта — чалавечага мозга. Органам вышэйшых псіхічных функцый з’яўляецца кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга. С. чалавека сацыяльна абумоўлена і ўзнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі; яна не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю. У гіст. аспекце С. фарміравалася ў працэсе антрапагенезу. У пазнавальнай і практычнай дзейнасці спачатку пераважалі канкрэтна-дзейны і наглядна-вобразны віды мыслення, у далейшым узнікла і стала прэваліраваць абстрактна-лагічнае мысленне. Развіццё інтэлекту чалавека цесна звязана з культ.-гіст. развіццём грамадства У мове, наглядна-вобразных формах культуры выяўляюцца агульныя для чалавецтва ідэі, якія складаюць грамадскую свядомасць — аснову фарміравання чалавечай С. Значную ролю ў С. адыгрываюць самасвядомасць і рэфлексія асобы, якія садзейнічаюць здольнасці чалавека да самааналізу і прывядзення яго ўнутр. свету ў адпаведнасць са знешнімі абставінамі; светапогляд, які з’яўляецца асновай каштоўнасных арыентацый асобы і яго паводзін. Псіхічная дзейнасць чалавека не вычэрпваецца С. Адначасова са свядомым узроўнем псіхікі функцыянуюць бессвядомае (інстынктыўна-рэфлексіўная дзейнасць) і падсвядомае (аўтаматызаваныя стэрэатыпы паводзін: уменні, навыкі, звычкі, інтуіцыя). Неўсвядомленая сфера псіхікі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні са С.: працэсы, якія ўзнікаюць у бессвядомым могуць стаць свядомымі, і, наадварот, свядомае можа выцясняцца ў бессвядомае. Тэорыя падсвядомасці (псіхааналіз) створана З.​Фрэйдам і развіта К.​Г.​Юнгам. Акрамя падсвядомасці Фрэйд вылучаў звышсвядомасць — здольнасць чалавека да маральнага самакантролю. Да звышсвядомасці адносяцца духоўная сфера чалавека, супрацьлеглая эгаістычнай абмежаванасці, маральная дасканаласць, самарэгуляцыя дзейнасці асобы.

Літ.:

Протасеня П.Ф. Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;

Дубровский Д.И. Проблема идеального. М., 1983;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Социальная сила знания. Мн., 1991;

Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;

Еникеев М.И. Общая и социальная психология. М., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 269