СВЯДО́МАСЦЬ,

вышэйшы ўзровень адлюстравання рэчаіснасці, уласцівы толькі чалавеку. Выяўляецца ў пачуццёвых вобразах (адлюстроўваюць знешні бок прадметаў і з’яў), паняццях (абагульняюць уласцівасці і ўзаемасувязі прадметаў і з’яў), ацэначных меркаваннях (выяўляюць адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці). Выкарыстанне славесных моўных знакаў з’яўляецца спосабам кадзіравання інфармацыі, уласцівае толькі чалавеку. Выяўленая ў паняццях і замацаваная ў мове інфармацыя з’яўляецца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавецтва ў працэсе грамадска-гіст. развіцця і складае яго веды. С. характарызуецца здольнасцю адлюстроўваць рэчаіснасць у форме ведаў і падпарадкоўваць свае паводзіны агульначалавечым законам. На аснове ведаў чалавек арыентуецца ў навакольным асяроддзі і творча ператварае яго ў сваіх інтарэсах. С. уключае пазнавальныя працэсы, звязаныя з атрыманнем ведаў: адчуванні, памяць, успрыманне, уяўленне, канкрэтна-дзейнае і наглядна-вобразнае мысленне, але дамінантай С. з’яўляецца паняційнае, абстрактна-лагічнае мысленне. Важнае месца ў структуры С. займае эмацыянальна-валявая сфера, звязаная з эмацыянальна-пачуццёвым перажываннем рэчаіснасці, каштоўнаснымі адносінамі да аб’екта і мабілізацыяй актыўнасці для дасягнення мэт шляхам валявых намаганняў. С. з’яўляецца цэласным, інтэграваным адлюстраваннем знешняга свету, дзе ўсе кампаненты ўзгоднена ўзаемадзейнічаюць. Змест С. ідэальны: ён не можа быць апісаны прасторавымі характарыстыкамі, але залежыць ад свайго матэрыяльнага носьбіта — чалавечага мозга. Органам вышэйшых псіхічных функцый з’яўляецца кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга. С. чалавека сацыяльна абумоўлена і ўзнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі; яна не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю. У гіст. аспекце С. фарміравалася ў працэсе антрапагенезу. У пазнавальнай і практычнай дзейнасці спачатку пераважалі канкрэтна-дзейны і наглядна-вобразны віды мыслення, у далейшым узнікла і стала прэваліраваць абстрактна-лагічнае мысленне. Развіццё інтэлекту чалавека цесна звязана з культ.-гіст. развіццём грамадства У мове, наглядна-вобразных формах культуры выяўляюцца агульныя для чалавецтва ідэі, якія складаюць грамадскую свядомасць — аснову фарміравання чалавечай С. Значную ролю ў С. адыгрываюць самасвядомасць і рэфлексія асобы, якія садзейнічаюць здольнасці чалавека да самааналізу і прывядзення яго ўнутр. свету ў адпаведнасць са знешнімі абставінамі; светапогляд, які з’яўляецца асновай каштоўнасных арыентацый асобы і яго паводзін. Псіхічная дзейнасць чалавека не вычэрпваецца С. Адначасова са свядомым узроўнем псіхікі функцыянуюць бессвядомае (інстынктыўна-рэфлексіўная дзейнасць) і падсвядомае (аўтаматызаваныя стэрэатыпы паводзін: уменні, навыкі, звычкі, інтуіцыя). Неўсвядомленая сфера псіхікі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні са С.: працэсы, якія ўзнікаюць у бессвядомым могуць стаць свядомымі, і, наадварот, свядомае можа выцясняцца ў бессвядомае. Тэорыя падсвядомасці (псіхааналіз) створана З.​Фрэйдам і развіта К.​Г.​Юнгам. Акрамя падсвядомасці Фрэйд вылучаў звышсвядомасць — здольнасць чалавека да маральнага самакантролю. Да звышсвядомасці адносяцца духоўная сфера чалавека, супрацьлеглая эгаістычнай абмежаванасці, маральная дасканаласць, самарэгуляцыя дзейнасці асобы.

Літ.:

Протасеня П.Ф. Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;

Дубровский Д.И. Проблема идеального. М., 1983;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Социальная сила знания. Мн., 1991;

Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;

Еникеев М.И. Общая и социальная психология. М., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)