СВО́БАДА ((Svoboda) Людвік) (25.11.1895, в. Грознецін, Чэхія — 20.9.1979),
чэхаславацкі дзяржаўны і ваен. дзеяч. Ген. арміі (1945). Тройчы Герой (1965, 1970, 1975), Герой Сав. Саюза (1965). Працаваў аграномам. З 1915 на ўсх. фронце аўстра-венг. арміі. На чале групы вайскоўцаў-чэхаў перайшоў лінію фронту і ў 1916 уступіў у чэхаславацкі легіён, які фарміраваўся ў Расіі. З 1920 на радзіме, афіцэр чэхаславацкай арміі. у 1931—34 выкладчык Ваен. акадэміі ў Граніцы (Маравія). Пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі адзін з арганізатараў падп. антыфаш. ваен. арг-цыі. Летам 1939 выехаў у Польшчу, сфарміраваў чэхаславацкую вайсковую часць і з пач. 2-й сусв. вайны перайшоў з ёю ў СССР. У 1942 узначаліў 2-і Чэхаславацкі пяхотны батальён, у 1943—1-ю Чэхаславацкую асобную брыгаду (з 1944 армейскі корпус), якая ў складзе 1-га Укр. фронту ўдзельнічала ў Карпацка-Дукельскай аперацыі 1944, змагалася ў Славакіі і Маравіі, а пасля вызвалення Чэхаславакіі (1945) стала асновай стварэння ўзбр. сіл краіны. У 1945—50 С. — міністр нац. абароны, у 1950—51 нам. старшыні ўрада Чэхаславакіі. У 1955—59 нач. Ваен. акадэміі імя К.Готвальда. У перыяд «Пражскай вясны» 1968 прыхільнік дэмакр. рэформ. З сак. 1968 па май 1975 прэзідэнт ЧССР, вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі ЧССР. Чэхаславацкая прэмія міру (1968), Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» (1970).
Літ.:
Марьина В.В. Чехословацкий легион в СССР (1939—1941 гг.) // Вопр. истории. 1998. №2.
т. 14, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)