Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАРАШЭ́ВІЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на левым беразе р. Прыпяць. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 8 га. Кампазіцыйным цэнтрам быў сядзібны дом (разбураны ў Вял. Айч. вайну).

Паркавы фасад дома быў арыентаваны ў бок ракі, перад ім — партэр у выглядзе эліпса. У парку раслі унікальныя для Беларусі экзэмпляры платана клёналістага, піхтаў сіб. і бальзамічнай (загінулі ў вайну). Захаваліся хвоя веймутава, елка чырвоная, дуб чырвоны і інш.

В.Р.Анціпаў.

т. 6, с. 52

ДАРАШЭ́ВІЧ Міхаіл Васілевіч

(19.11.1900, г. Орша Віцебскай вобл. — 28.1.1968),

бел. дзярж. дзеяч, вучоны-геадэзіст. Праф. (1961). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў БСГА (1927). З 1933 у БПІ; з 1947 рэктар. З 1959 міністр вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі БССР. Навук. працы па розных відах геад. здымак, камеральнай апрацоўцы палявых матэрыялаў, выяўленні і вывучэнні тарфяных радовішчаў.

т. 6, с. 52

ДАРАШЭ́ВІЧ Улас Міхайлавіч

(17.1.1865, Масква — 22.2.1922),

рускі журналіст, публіцыст, тэатр. крытык. Друкавацца пачаў ананімна з 1881 у газ. «Московский листок» (гумарыстычныя сцэнкі, рэпарцёрскія нататкі). З 1893 супрацоўнік газ. «Одесский листок». У 1902—18 рэдагаваў газ. «Русское слово». Майстар вострых, папулярных фельетонаў («кароль фельетона»), у якіх выкрываў царскіх міністраў, суд. сістэму, правінцыяльныя норавы. Аўтар рэаліст. нарысаў пра сахалінскую катаргу («Сахалін», ч. 1—2, 1903), тэатр. нарысаў і рэцэнзій пра артыстаў Ф.Шаляпіна, М.Ярмолаву, М.Савіну і інш. (кн. «Старая тэатральная Масква», 1923), нарысаў мемуарнага і літ.-крытычнага характару пра А.Чэхава, Л.Талстога, М.Горкага, У.Караленку, В.Верасаева і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1905—07;

Золотая лихорадка. М., 1982;

Сказки и легенды. Мн., 1983;

Рассказы и очерки. М., 1986.

Літ.:

Букчин С.В. Судьба фельетониста. Мн., 1975.

т. 6, с. 52

ДАРАШЭ́ВІЧ Фёдар Іванавіч

(28.8.1905, г. Камянец Брэсцкай вобл. — 23.12.1986),

бел. жывапісец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1938). З 1938 выкладчык у маст. вучылішчы, у 1941—45 мастак агітмайстэрні ў Пермі. З 1951 жыў у Мінску, у 1960—66 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Аўтар станковых твораў «Пасля працы» (1954), «Гарманіст ідзе» (1955), «Трывога» (1961), тэматычных карцін «Страляйце, не шкадуйце нас!» (1964), «1941 год» (1967), лірычных пейзажаў «Над Прыпяццю» (1973), «Возера Мураці» (1975) і інш. Стварыў шэраг партрэтаў.

Літ.:

Масленікаў П. Мастак жыццёвасці і праўды // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.

Ф.Дарашэвіч. Возера Мураці. 1975.

т. 6, с. 52

ДАРАШЭ́ВІЧ Энгельс Канстанцінавіч

(н. 26.10.1931, Мінск),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1984). Праф. (1992). Скончыў БДУ (1953). З 1958 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 у Ін-це сацыялогіі АН Беларусі. Даследуе гісторыю эстэт. думкі, культуры, філасофіі, педагогікі Беларусі, міжнац. адносіны. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў для ВНУ па культуралогіі, этнасацыялогіі, этнапедагогіцы. Дзярж. прэмія БССР 1984 за ўдзел у напісанні цыкла работ па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі, апубл. ў 1973—80.

Тв.:

Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967;

Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972 (разам з У.М.Конанам), Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985 (у сааўт.);

Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986 (у сааўт.).

т. 6, с. 52

ДАРАШЭ́ВІЧЫ,

геалагічнае агаленне паміж вёскамі Дарашэвічы і Кабакі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Пл. 3 тыс. м2. ахоўная зона вакол 12 тыс. м2. Размешчана на схіле 2-й надпоймавай тэрасы левага берага р. Прыпяць. У абрыве ракі агаляюцца магутныя адклады (больш за 2 м) торфу, якія ўтварыліся ў муравінскае міжледавікоўе 130—70 тыс. г. назад у вял. стараж. возеры.

В.Ф.Вінакураў.

Геалагічнае агаленне Дарашэвічы.

т. 6, с. 52

ДАРАШЭ́НКА Пётр Дарафеевіч

(1627, г. Чыгірын, Украіна — 19.11.1698),

гетман Правабярэжнай Украіны ў 1665—76. Рэестравы казак, ген. есаул (1663). У 1659 пасол у Маскве. Прыхільнік цэласнай і незалежнай Украіны, не прызнаваў умовы Андросаўскага перамір’я 1667. У 1669 ва ўмовах пагрозы ўварвання польск. і крымскіх войск пайшоў на саюз з Турцыяй. У 1676 капітуляваў перад рас. войскамі, у 1677 памілаваны рас. царом. У 1679—82 ваявода ў Вятцы, пазней жыў пад Масквой.

т. 6, с. 52

ДАРАШЭ́ЎСКІ (Doroszewski) Вітольд Ян

(1.5.1899, Масква — 26.1.1976),

польскі мовазнавец. Чл. АН у Кракаве (1947) і Польскай АН (1952). Д-р філал. н. (1928), праф. Варшаўскага ун-та (з 1930). Рэдактар час. «Poradnik Językowy» («Моўны дарадчык», з 1932). Даследаваў словаўтварэнне, фанетыку, дыялекталогію, семантыку польск. мовы: «Манаграфія пра словаўтварэнне» (ч. 1—4, 1928—31), «Асновы польскай граматыкі» (ч. 1, 1952), «Пра культуру слова» (ч. 1—3, 1962—79), «Элементы лексікалогіі і семіётыкі» (1970) і інш. У 1931—34 вывучаў бел. нар. гаворкі Палесся. Пытанні бел. мовы разглядаў у арт. «Роднасць моў у святле фактараў дыялекталогіі» (1939). Дзярж. прэмія Польшчы 1969.

т. 6, с. 52

Д’АРБІНЬІ́ (D’Orbigny) Альсід Дэсалін

(6.9.1802, г. Куэрон, Францыя — 30.6.1857),

французскі палеантолаг, вучань Ж.Кюўе. У 1826—33 падарожнічаў па Паўд. Амерыцы 3 1853 праф. палеанталогіі Музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Апісаў больш за 100 тыс. выкапнёвых рэшткаў (малюскаў, ігласкурых і інш.). Развіваў катастроф тэорыю і сцвярджаў, што распаўсюджанне тых самых ці блізкіх формаў арганізмаў у розных па ўзросце геал. ярусах немагчыма. Прытрымліваўся ідэй крэацыянізму.

т. 6, с. 52

ДАРБІ́СТЫ, евангельскія хрысціяне дарбісты,

плімуцкія браты, рэлігійная пратэстанцкая секта. Створана ў 1820—30-я г. ў г. Плімут (Англія) святаром Дж.Н.Дарбі (адсюль назва) як абшчына, апазіцыйная афіц. англіканскай царкве. Веравучэннем блізкія да баптыстаў і евангельскіх хрысціян. Вялі прапаганду сярод хрысціян і іудзеяў. Абраднасць больш спрошчаная. Д. поўнасцю адмаўляюць духавенства як асобную прафесійную групу і надаюць вял. значэнне асабістаму тлумачэнню Бібліі. Найб. распаўсюджаны ў Англіі і яе б. калоніях і дамініёнах, Зах. Еўропе. У пач. 20 ст. з’явіліся ў Беларусі (Мінск). У 1920—30-я г. ў Зах.

Беларусі склаліся 3 цэнтры Д.: у Брэсце, Кобрыне, Пінску, якія праводзілі місіянерскую работу сярод мясц. сялян, а таксама яўрэяў. Пасля Вял. Айч. вайны дзейнасць секты заняпала.

Б.І.Камейша.

т. 6, с. 52