ДАРАШЭ́ВІЧ Улас Міхайлавіч
(17.1.1865, Масква — 22.2.1922),
рускі журналіст, публіцыст, тэатр. крытык. Друкавацца пачаў ананімна з 1881 у газ. «Московский листок» (гумарыстычныя сцэнкі, рэпарцёрскія нататкі). З 1893 супрацоўнік газ. «Одесский листок». У 1902—18 рэдагаваў газ. «Русское слово». Майстар вострых, папулярных фельетонаў («кароль фельетона»), у якіх выкрываў царскіх міністраў, суд. сістэму, правінцыяльныя норавы. Аўтар рэаліст. нарысаў пра сахалінскую катаргу («Сахалін», ч. 1—2, 1903), тэатр. нарысаў і рэцэнзій пра артыстаў Ф.Шаляпіна, М.Ярмолаву, М.Савіну і інш. (кн. «Старая тэатральная Масква», 1923), нарысаў мемуарнага і літ.-крытычнага характару пра А.Чэхава, Л.Талстога, М.Горкага, У.Караленку, В.Верасаева і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—9. М., 1905—07;
Золотая лихорадка. М., 1982;
Сказки и легенды. Мн., 1983;
Рассказы и очерки. М., 1986.
Літ.:
Букчин С.В. Судьба фельетониста. Мн., 1975.
т. 6, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)