ЗА́ПІС ТЭЛЕВІЗІЙНЫХ СІГНА́ЛАЎ,
запіс відарысаў (напр., тэлепраграм) з мэтай іх захоўвання і наступнага ўзнаўлення. Бывае аналагавы і лічбавы (найб. дасканалы). У адрозненне ад фота- і кіназдымкі пры З.т.с. відарыс напачатку пераўтвараецца ў паслядоўнасць эл. сігналаў (відэасігналаў), якія фіксуюцца на носьбіце запісу. Адрозніваюць магн. (найб. пашыраны), аптычны, магн.-аптычны, эл.-статычны, мех. З.т.с.; пры запісе ў памяць ЭВМ выкарыстоўваюцца накапляльнікі даных.
Магн. З.т.с. падобны на магнітны запіс гуку і ажыццяўляецца на магн. стужцы (або дыску) з дапамогай відэамагнітафона. Адрозніваецца магчымасцю шматразовага выкарыстання носьбіта, дазваляе электронны мантаж фрагментаў відэаінфармацыі і інш. Пры аптычным і магн.-аптычным З.т.с. на носьбіт запісу ўздзейнічае светлавы прамень (звычайна лазерны), у выніку чаго асобныя ўчасткі носьбіта мяняюць свае аптычныя характарыстыкі (напр., каэф. адбіцця, пераламлення ці паглынання святла; гл. Аптычны дыск). Пры эл.-статычным З.т.с. на сігналаграме фіксуецца размеркаванне эл. зарадаў (патэнцыяльны рэльеф) на паверхні носьбіта (дыска). Дыскі выкарыстоўваюцца толькі для ўзнаўлення інфармацыі (як грампласцінкі) з дапамогай ёмістаснага пераўтваральніка. Мех. З.т.с. падобны на мех. гуказапіс; яго носьбіт — метал. ці пластмасавы дыск, на паверхні якога сігналаграма фіксуецца ў выглядзе спіральнай канаўкі, шырыня (ці глыбіня) якой мяняецца ў адпаведнасці з параметрамі відэасігналаў.
А.П.Ткачэнка.
т. 6, с. 533
«ЗАПИ́СКИ СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОГО ОТДЕ́ЛА РУ́ССКОГО ГЕОГРАФИ́ЧЕСКОГО О́БЩЕСТВА»,
часопіс, орган Паўн.-Зах. аддзела рускага геагр. т-ва. Выдаваўся ў 1910—14 у Вільні на рус. мове. Выйшлі кн. 1—4. Рэдактар Дз.І.Даўгяла. Асвятляў дзейнасць аддзела, публікаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, геалогіі, археалогіі, гісторыі, геаграфіі і інш., змяшчаў рэцэнзіі і агляды л-ры. На старонках часопіса публікаваліся М.Я.Нікіфароўскі («Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі», кн. 1—4), В.В.Іваноў («Сялянскае вяселле ў Віцебскай Беларусі», кн. 3), І.А.Сербаў («Па Дрыгавіцкай вобласці летам 1911 г.» і «Паездка па Палессі летам 1912 г.», кн. 3—4), М.Я.Белацаркавец [«Жніўныя песні ў Барысаўскім павеце (Мінскай губерні)», кн. 3], Б.Сцепанец [Ф.А.Кудрынскі («Сялянскае вяселле ў Паўднёвым Палессі», кн. 1)], Даўгяла («Да гісторыі Паўночна-Заходняга аддзела», кн. 1—2), Е.Р.Раманаў («Старажытныя рускія прыказкі», «Па Гродзенскім Палессі», «Альбом мастака Д.М.Струкава як вынік экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі ў 1864 г.», кн. 1—3), С.Ф.Дабранскі («Масонскія ложы ў Літве», і «Нарысы з гісторыі масонства ў Літве», кн. 2, 4) і інш.
Г.А.Пятроўская.
т. 6, с. 534
«ЗА́ПИСЫ»,
навуковы часопіс бел. эміграцыі. Выдаецца з 1952 на бел. мове (кн. 1—22; у 1952—54 і з 1974 у Нью-Йорку; у 1962—70 у Мюнхене, Германія) Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Гал. рэдактары В.Тумаш, С.Станкевіч, Т.Бэрд. Мае раздзелы: «Даследаванні», «Рэфератныя працы», «Нарысы», «Успаміны», «Дакументы», «Зацемкі», «Бібліяграфія», «Хроніка беларускага жыцця ў беларускім замежжы», «Кпігапіс». Друкуе працы па бел. гісторыі, мове, л-ры, мастацтве, эканоміцы, матэрыялы пра дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі, рэцэнзіі на беларусазнаўчыя выданні, хроніку бел. навук.-культ. жыцця на эміграцыі. За час існавання «З.» сталі цэнтрам гуртавання інтэлектуальных сіл зах. бел. дыяспары.
А.С.Ляднёва.
т. 6, с. 534
ЗАПО́Й,
перыядычныя прыступы шматдзённага п’янства з прычыны неадольнай цягі да алкаголю. Від З., узнікненне якога звязваюць з глыбокім парушэннем настрою (дэпрэсія, дысфарыя), наз. дыпсаманіяй. У прамежку паміж З. алкаголь не ўжываюць (сапраўдны З.) ці ўжываюць параўнальна памяркоўна (З. пры хранічным алкагалізме).
т. 6, с. 534
ЗАПО́ЛЛЕ,
вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнЗ ад г. Орша, 102 км ад Віцебска, 1 км ад чыг. ст. Смальяны. 220 ж., 73 двары (1997). Базавая школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 6, с. 534
ЗАПО́ЛЛЕ,
вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад г. Бялынічы, 66 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Друць. 433 ж., 157 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, дом быта, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі стараж. селішча і курганны могільнік.
т. 6, с. 534
ЗАПО́ЛЛЕ,
вёска ў Віцебскім р-не, на правым беразе р. Усвяча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 51 км на ПнУ ад горада і 55 км ад чыг. ст. Віцебск. 292 ж., 85 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, ветлячэбніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік Віцебскія «вароты».
т. 6, с. 534
ЗАПО́ЛЛЕ,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабрыца. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 132 км ад Гомеля. 622 ж., 216 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 6, с. 534
ЗАПО́ЛЛЕ,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мінск—Слуцк. Цэнтр Бокшыцкага с/с і калгаса. За 6 км на Пн ад горада і чыг. ст. Слуцк, 99 км ад Мінска, 175 ж., 78 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. На ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, насыпаны курган і пастаўлена стэла.
т. 6, с. 534
ЗАПО́ЛЛЕ,
радовішча глін у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., каля в. Заполле. Пластавы паклад звязаны з азёрна-ледавіковымі адкладамі паазерскага аледзянення. Гліны чырванавата-бурыя, карычневыя, шчыльныя, пластычныя з праслойкамі пяску, супеску і суглінку. Разведаныя запасы 18,6 млн. м³, перспектыўныя 23,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,7—10,9 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—4,7 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 534