Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖЫГУЛІ́,

вёска ў Шайцераўскім с/с Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 5 км на ПдУ ад Верхнядзвінска, 170 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Бароўка. 245 ж., 93 двары (1997). Клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 462

«ЖЫГУЛІ́»,

марка легкавых аўтамабіляў Волжскага аўтамаб. з-да (г. Тальяці, Расія). Гл. ў арт. ВАЗ.

т. 6, с. 462

ЖЫГУ́ЛІН (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 1.1.1930, г. Варонеж, Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Варонежскі лесатэхн. ін-т (1960). Друкуецца з 1949. У 1949—54 рэпрэсіраваны. Тэмы чалавечай стойкасці, лагерных выпрабаванняў у зб-ках «Рэйкі» (1963), «Памяць» (1964), «Палярныя кветкі» (1966), «Лятучыя дні» (1989). У аўтабіягр. аповесці «Чорныя камяні» (1988) — спроба моладзі супрацьстаяць ідэалогіі сталінскага рэжыму. Філас. роздумам, лірыкай напоўнены паэт. зб-кі «Салавецкая чайка» (1979), «Жыццё, неспадзяваная радасць» (1980), «У надзеі вечнай» (1983) і інш.

Тв.:

Из разных лет, из разных далей. М., 1986;

Стихотворения. М., 1987;

Черные камни. М., 1990.

Літ.:

Лапщиков А.П. Анатолий Жигулин: «Уроки гнева и любви...» М., 1980.

т. 6, с. 462

ЖЫГУЛЯ́НКА, Жыгулянскі канал,

рака ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Ясельда (бас. р. Прыпяць). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 595 км2. Пачынаецца за 4 км на ПдЗ ад в. Заполле Івацэвіцкага р-на, цячэ ў межах паўн.-зах. ч. Прыпяцкага Палесся па забалочанай і лясістай мясцовасці, працякае праз Чорнае воз. (пасля выхаду з яго называецца Дарагабуж). Даліна і пойма невыразныя. Рэчышча на працягу 26 км да ўпадзення ў возера каналізаванае.

т. 6, с. 462

ЖЫГУНЕ́Ц,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Павойнік.

т. 6, с. 462

ЖЫГУНО́Ў (Алесь) (Аляксавдр Міхайлавіч; н. 27.11.1954, в. Тройца Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1976). Настаўнічае. Друкуецца з 1969. Асн. тэмы паэзіі: родная зямля, вобразы вяскоўцаў, іх побыт, узаемаадносіны, перажыванні лірычнага героя, аналіз гераічнага мінулага Радзімы (зб-кі «Матчына вышыванка», 1984, «Мая Тройца», 1993).

т. 6, с. 462

ЖЫГУНО́Ў (Уладзімір Раманавіч) (н. 9.4.1920, в. Шамаўшчына Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну камандзір звяна штурмавога авіяпалка Ж. з 1943 на Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах, зрабіў 194 баявыя вылеты. Удзельнік Курскай бітвы 1943, Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944, вызвалення Польшчы, Румыніі, Чэхіі, Славакіі, баёў на тэр. Германіі. Вызначыўся ў час ліквідацыі бродскай варожай групоўкі і пашырэння Сандамірскага плацдарма (Польшча). Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 462

ЖЫГУ́ЧЫЯ, кнідарыі (Cnidaria),

тып кішачнаполасцевых. 4 кл.: гідроідныя, сцыфоідныя, каралавыя паліпы і выкапнёвыя кануляты (Conulata). Каля 9 тыс. сучасных і 20 тыс. вымерлых відаў.

Пашыраны ва ўсіх морах. Ёсць прэснаводныя віды (гідры), у т.л. на Беларусі.

Адзінкавыя або каланіяльныя арганізмы. 2 жыццёвыя формы: прымацоўваюцца да субстрату (паліпы) або плаваюць (медузы). Цела з 2 слаёў — эктадэрмы і энтадэрмы. Паміж імі студзяністападобная мезаглея. У эктадэрме ёсць жыгучыя клеткі. Большасць раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца беспазваночнымі.

т. 6, с. 462

ЖЫГУ́ЧЫЯ КЛЕ́ТКІ, крапіўныя клеткі, нематацыты, кнідацыты,

клеткі ў покрыўным эпітэліі і ў энтадэрме большасці кішачнаполасцевых, якія выконваюць функцыі нападзення на здабычу, яе ўтрымання і абароны ад ворагаў. Складаюцца з танкасценнай капсулы (нематацысты, кнідацысты), у поласці якой знаходзіцца спіральна закручаная ніць з пераважна ядавітай вадкасцю. На вонкавай паверхні клеткі ёсць нерухомы адчувальны валасок — кнідацыль, дакрананне да якога выклікае раздражненне Ж.к. і выкідванне жыгучай ніці. Укол ніці паралізуе і выклікае гібель дробнай, зрэдку болевы ацёк буйной жывёлы. Пасля выкідвання ніці Ж.к. гінуць.

т. 6, с. 462

ЖЫГЯ́НКА рака, гл. Альшанка.

т. 6, с. 462