ДВА́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (нечарговы). Адбыўся 14—15.1.1959 у Мінску. Прысутнічала 645 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 187 909 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і задачы Кампартыі Беларусі (К.Т.Мазураў). Падрыхтоўка да з’езда супала са святкаваннем 40-годдзя БССР і КПБ, узнагароджаннем рэспублікі другім ордэнам Леніна. У дакладзе адзначаліся вынікі эканам. развіцця Беларусі за 1956—58: аб’ём прамысл. вытв-сці павялічыўся на 41%, у лік дзеючых уступілі Мінскія з-ды аўтам. ліній, трактарных запчастак, гадзіннікавы, электратэхнічны, ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат; Полацкі з-д шкловалакна, 1 -я чарга Васілевіцкай, 2-я чарга Смалявіцкай ДРЭС. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ў 1953—58 вырасла ў 2,2 раза, у т.л. жывёлагадоўлі ў 3,1 раза. Павялічваліся маштабы буд-ва (у 1958 пабудавана 1,7 млн. м2 жылля, у вёсцы — 28 тыс. дамоў). Аднак дакладчык і выступаючыя ў спрэчках (24 чал.) адзначалі недахопы ў развіцці нар. гаспадаркі, культуры: невыкананне многімі прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі даведзеных ім заданняў, марудны рост прадукцыйнасці працы, вял. выдаткі на выпуск адзінкі прадукцыі, вял. аб’ём незавершанага буд-ва і інш. З’езд ухваліў кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і дырэктыўныя ўстаноўкі для Беларусі.
Р.П.Платонаў.
т. 6, с. 78
ДВА́ЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 17—19.2.1960 у Мінску. Прысутнічала 702 дэлегаты з рашаючым і 90 з дарадчым голасам ад 203 447 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (К.Т.Мазураў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.Я.Сядых); выбары ЦК КПБ і Рэвіз камісіі КПБ. З’езд прааналізаваў дзейнасць КПБ па выкананні сямігадовага плана, патрабаваў ад парт. органаў павысіць узровень кіраўніцтва асн. галінамі нар. гаспадаркі рэспублікі. Выбраў ЦК КПБ з 115 чл. і 51 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 33 чл.
Літ.:
Мазураў К.Т. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXIV з’езду. Мн., 1960;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 5. 1956—1965. Мн., 1986.
т. 6, с. 79
ДВА́ЦЦАЦЬ ШО́СТЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 3—5.3.1966 у Мінску. Прысутнічалі 724 дэлегаты з рашаючым і 57 з дарадчым голасам ад 343 тыс. чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (П.М.Машэраў), Рэвіз. камісіі КПБ (І.П.Кожар); праект Дырэктыў XXIII з’езда КПСС па пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1966—70 (Ц.Я.Кісялёў); выбары ЦК КПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. Адобрыў паліт. і практычную работу КПБ за справаздачны перыяд, падкрэсліў, што вял. ўплыў на дзейнасць рэсп. парт. арг-цыі зрабілі кастрычніцкі, лістападаўскі (1964), сакавіцкі і вераснёўскі (1965) пленумы ЦК КПСС. Ухваліў праект Дырэктыў XXIII з’езда КПСС па пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1966—70. Выбраў ЦК КПБ з 133 чл. і 59 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 40 чл.
Літ.:
Машэраў П.М. Справаздача Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXVI з’езду. Мн., 1966;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 6. 1966—1975. Мн. 1987.
т. 6, с. 79
ДВАЯКАДЫ́ХАЛЬНЫЯ
(Dipnoi або Dipneustomorpha),
надатрад лопасцяпёрых рыб. 1 сучасны атр. рагазубападобныя (Ceratodiformes), 2 сям., 6 відаў. Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўд. Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн — Lepidosiren paradoxa), трапічнай Афрыкі (4 віды пратоптэраў — Protopterus) і Паўн.-Усх. Аўстраліі (рагазуб — Neoceratodus forsteri). У засуху лепідасірэн і пратоптэры ўпадаюць у спячку.
Макс. даўж. каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае У Д. жабернае і лёгачнае дыханне (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атм. паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутр. ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі. Нераст у перыяд дажджоў. Кормяцца беспазваночнымі, рыбамі, земнаводнымі. Пратоптэры і лускаўнік — аб’екты промыслу. Рагазуб ахоўваецца.
т. 6, с. 79
«ДВА АГНІ́»,
бел. нар. гульня. Удзельнікі (8—20 чал.) дзеляцца на 2 каманды, выбіраюць «агнёў» (вядучых). На пляцоўцы чэрцяць «калідор» (даўж. 8—12 м, шыр. 8—10 м). «Агні» становяцца ў «калідоры», гульцы — паабапал яго. Ударам аб зямлю ўнутры «калідора» гулец адной каманды перакідвае мяч гульцу другой, а «агні» ловяць. Гулец, мяч якога злоўлены, лічыцца «згарэлым» і выбывае. Гульня працягваецца, пакуль «агні» выведуць з яе гульцоў другой каманды. Гульню можна праводзіць і са зменай «агнёў» праз 10—15 мін. Перамагае той, хто выведзе з гульні найб. гульцоў.
Я.Р.Вількін.
т. 6, с. 73
ДВА ГРО́ШЫ
(польск. dwugrosz),
сярэбраная манета Рэчы Паспалітай і некат. краін Зах. Еўропы. 1) У 1565 выраблена ў ВКЛ Віленскім манетным дваром як пераходны намінал паміж манетамі, бітымі па кароннай і літоўскай стапе; роўны 5 паўгрошам каронным ці 4 літоўскім.
2) У 17 ст. агульнадзярж. (1650—51, 1672) і гарадская (1651—53) манета Рэчы Паспалітай, выпушчаная для зручнасці пераходу ад орта да драбнейшых наміналаў.
3) У 18 ст. манета (1766—82, 1785—86), адпаведная палове асн. адзінкі грашова-лікавай сістэмы ў Рэчы Паспалітай — паўзлотага ў 4 сярэбраныя грошы, эквівалентныя 15 медным грошам.
І.І.Сінчук.
т. 6, с. 73