Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РЭЗЕРВА́Ж (франц. réservage ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),

1) від паглыбленай гравюры на метале спосабам траўлення; разнавіднасць афорта. Узнік у 2-й пал. 19 ст. Малюнак пяром або пэндзлем, нанесены мастаком спец. чарнілам непасрэдна на паверхню металу, пакрываюць кіслотатрывалым грунтам і апускаюць друкарскую форму ў ваду. Пры набрынянні чарніла прыўзнімае часткі грунту, якія лёгка здымаюцца і агаляюць метал для траўлення.

2) Спосаб двухколернай афарбоўкі керамічных вырабаў з выкарыстаннем натуральнага тону самой керамікі: часткі вырабу, не прызначаныя для афарбоўкі, пакрываюць слоем тлушчу ці алею, які выгарае пры абпальванні.

т. 13, с. 558

РЭЗЕРВА́Т (ад лац. reservatus захаваны),

у сусветнай прыродаахоўнай практыцы — ахоўная тэрыторыя, дзе гал. аб’ект — адзін з кампанентаў прыроднага комплексу (рэжым блізкі да заказніка), ці цэлы прыродна-тэр. комплекс (рэжым блізкі да запаведніка). Паводле аб’екта аховы вылучаюць Р. балотныя, бат., лясныя, арніталагічныя, паляўнічыя і інш. На Беларусі існуюць лясныя генет. Р., якім надаецца статус асабліва ахоўных тэрыторый. Адрозніваюцца высокімі гасп. паказчыкамі (хуткасць росту, лепшая якасць драўніны і інш.) і выкарыстоўваюцца як крыніцы генет. матэрыялу (насення, чаранкоў, прышчэпачнага матэрыялу). Агульная пл. — каля 4170 га.

А.​В.​Пугачэўскі.

т. 13, с. 558

РЭЗЕРВА́ЦЫІ, рэзерваты,

спецыяльныя тэрыторыі ў краінах масавай еўрап. эміграцыі (ЗША́, Канада, Паўд. Афрыка, Аўстралія), якія былі замацаваны ўрадамі гэтых краін за карэнным насельніцтвам. Стварэнне Р. адбывалася пераважна прымусова, шляхам гвалтоўнага перасялення ў іх абарыгенаў, якія былі пастаўлены пад жорсткі кантроль дзяржавы і пазбаўлены грамадз. правоў. З 1930-х г. індзейцы Р. ЗША і Канады атрымалі правы грамадзянства, пашырана іх самакіраванне. Абарыгены Аўстраліі атрымалі падобныя правы ў 1960-я г. Улады Паўд.-Афр. Рэспублікі імкнуліся ператварыць Р. карэнных афрыканцаў у т.зв. «незалежныя дзяржавы» (гл. Бантустаны), але пасля скасавання апартэіду ў пач 1990-х г. усе яны ліквідаваны.

т. 13, с. 558

РЭЗЕРВА́ЦЫЯ, рэзерват (ад лац. reservatio зберажэнне),

1) запаведнік, ахоўная тэрыторыя (гл. Рэзерват).

2) Месца часовага скопішча некат. жывёл, насякомых (напр., клапа-чарапашкі), звязанага з цыклам развіцця дадзенага тыпу.

3) Захаванне чаго-н. у рэзерве.

4) Захаванне за сабою права вярнуцца да якога-н. пытання.

т. 13, с. 558

РЭЗЕРВО́ВАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

другая назва вадасховішча Крылава.

т. 13, с. 558

РЭЗЕРВО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,

1) войскі, якія ў мірны час утрымліваюцца ў скарочаным складзе і прызначаны для хуткага мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл у час вайны (частковага разгортвання пры выкананні баявых і інш. задач у лакальных войнах).

Ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. у склад Р.в. уваходзяць: нац. гвардыя, рэзервы відаў узбр. сіл. войскі берагавой і пагран. аховы, а ў шэрагу армій — і сілы бяспекі, жандармерыя і некат. паўваен. фарміраванні. Камплектуюцца з асабовага складу, які прайшоў тэрміновую ваен. службу або атрымаў адпаведнае ваен. навучанне.

2) Катэгорыя вайск. фарміраванняў у Расіі, Аўстра-Венгрыі (ландвер і гонвед), Францыі і інш. у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (былі ў колькасна меншым складзе ў параўнанні з т.зв. палявымі войскамі). Прызначаліся для папаўнення дзеючай арміі, аховы камунікацый, нясення гарнізоннай службы ў крэпасцях. Шэраг палкоў і батальёнаў Р.в. рас. арміі мелі (да 1917) бел. найменні, напр., Мінскі, Брэсцкі, Віцебскі пях. рэзервовыя палкі.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 558

РЭЗЕРВО́ВЫ КАПІТА́Л,

частка сродкаў акцыянернага таварыства, што ствараецца за кошт штогодніх адлічэнняў ад прыбытку. Выкарыстоўваецца для аплаты выдаткаў, папаўнення асн. капіталу, выплаты дывідэндаў пры недастатковым прыбытку.

т. 13, с. 558

РЭЗЕРВУА́РНЫЯ ГАСПАДАРЫ́ паразітаў,

арганізмы, у якіх паразіт жыве і назапашваецца ў лічынкавым стане; неабавязковае звяно ў цыкле развіцця многіх паразітаў. У арганізме Р.г. лічынкі могуць захоўвацца некалькі гадоў і заставацца здольнымі заражаць канчатковых гаспадароў. Р.г. найб. характэрны для гельмінтаў. Напр., у нематоды фізацэфалус бескалатус (яе канчатковыя гаспадары свінні, прамежкавыя гаспадары — жукі-капрафагі) Р.г. — пацукі, мышы, жабы, паўзуны і інш.

т. 13, с. 558

РЭЗЕ́РВЫ (франц. réserve ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),

1) запасы, рэсурсы, грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на захоўванні і ў выпадку патрэбнасці могуць быць выкарыстаны з пэўнымі мэтамі.

2) Крыніца, адкуль чэрпаюцца неабходныя дадатковыя матэрыялы і сілы, напр., рэзервы вытворчыя, працоўныя Р. і інш. 3) Фарміраванні ўзбр. сіл, а таксама людскія рэсурсы і запасы матэрыяльных сродкаў, прызначаныя для папаўнення і забеспячэння дзеючых арміі і флоту. Р. як элемент аператыўнага пастраення (баявога парадку) прызначаны для рашэння нечаканых задач, што ўзнікаюць у ходзе аперацыі (бою). У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць Р.: стратэг., аператыўныя, тактычныя; агульнавайск., процітанк., процідэсантныя, спец. войск (інж., хім., сувязі) і інш. У Рэспубліцы Беларусь стратэг. Р. — асобныя злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Галоўнакамандуючага Узбр. Сіламі, а таксама запасы матэрыяльных сродкаў, тэхнікі, узбраення, што захоўваюцца на цэнтр. складах (базах); аператыўны Р. — злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні камандзіраў армейскіх карпусоў.

М.​М.​Субоцін.

т. 13, с. 558

РЭЗЕ́РВЫ ВЫТВО́РЧЫЯ,

унутраныя магчымасці прадпрыемства (аб’яднання) больш эфектыўна выкарыстоўваць свае матэрыяльныя, фін., тэхн., энергет. і прац. рэсурсы з мэтай павелічэння аб’ёму вытв-сці прадукцыі, паляпшэння яе якасці і росту ўнутранага вытв. накаплення. Звязаны з рэжымам эканоміі наяўных рэсурсаў, скарачэннем іх страт. Для выяўлення Р.в. робіцца тэхніка-эканам. аналіз вытворча-гасп. дзейнасці прадпрыемства (аб’яднання) ці яго падраздзяленняў. Вынікі аналізу абагульняюцца і параўноўваюцца з вынікамі дзейнасці інш. падраздзяленняў (прадпрыемстваў), выяўляюцца прычыны, якія стрымліваюць рост эфектыўнасці вытв-сці. Паводле аналізу распрацоўваюцца арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па выкарыстанні выяўленых рэзерваў.

т. 13, с. 559