РЭЗЕРВА́Т (ад лац. reservatus захаваны),

у сусветнай прыродаахоўнай практыцы — ахоўная тэрыторыя, дзе гал. аб’ект — адзін з кампанентаў прыроднага комплексу (рэжым блізкі да заказніка), ці цэлы прыродна-тэр. комплекс (рэжым блізкі да запаведніка). Паводле аб’екта аховы вылучаюць Р. балотныя, бат., лясныя, арніталагічныя, паляўнічыя і інш. На Беларусі існуюць лясныя генет. Р., якім надаецца статус асабліва ахоўных тэрыторый. Адрозніваюцца высокімі гасп. паказчыкамі (хуткасць росту, лепшая якасць драўніны і інш.) і выкарыстоўваюцца як крыніцы генет. матэрыялу (насення, чаранкоў, прышчэпачнага матэрыялу). Агульная пл. — каля 4170 га.

А.​В.​Пугачэўскі.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)