РЭЗЕ́РВЫ (франц. réserve ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),
1) запасы, рэсурсы, грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на захоўванні і ў выпадку патрэбнасці могуць быць выкарыстаны з пэўнымі мэтамі.
2) Крыніца, адкуль чэрпаюцца неабходныя дадатковыя матэрыялы і сілы, напр., рэзервы вытворчыя, працоўныя Р. і інш. 3) Фарміраванні ўзбр. сіл, а таксама людскія рэсурсы і запасы матэрыяльных сродкаў, прызначаныя для папаўнення і забеспячэння дзеючых арміі і флоту. Р. як элемент аператыўнага пастраення (баявога парадку) прызначаны для рашэння нечаканых задач, што ўзнікаюць у ходзе аперацыі (бою). У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць Р.: стратэг., аператыўныя, тактычныя; агульнавайск., процітанк., процідэсантныя, спец. войск (інж., хім., сувязі) і інш. У Рэспубліцы Беларусь стратэг. Р. — асобныя злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Галоўнакамандуючага Узбр. Сіламі, а таксама запасы матэрыяльных сродкаў, тэхнікі, узбраення, што захоўваюцца на цэнтр. складах (базах); аператыўны Р. — злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні камандзіраў армейскіх карпусоў.
М.М.Субоцін.
т. 13, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)