Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РЭЗЕРПІ́Н,

алкалоід расліны раўвольфіі, заспакаяльны і лек. гіпатэнзіўны сродак, C33H40N2O9. Прыгнечвае функцыю ц. н. с., у выніку чаго памяншаецца сісталічны і дыясталічны ціск. Выклікае стан эмацыянальнага спакою, зніжае рухальную актыўнасць, інтэнсіўнасць абменных працэсаў і т-ру цела. У некат. выпадках Р. выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі шчытападобнай залозы, псіхозах.

т. 13, с. 559

РЭ́ЗЕРФАРД ((Rutherford) Эрнест) (30.8.1871, Брайтуотэр, каля г. Нельсан, Новая Зеландыя — 19.10.1937),

англійскі фізік, адзін са стваральнікаў ядзернай фізікі, заснавальнік міжнар. навук. школы фізікаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1903, у 1925—30 прэзідэнт). Замежны чл.-кар. Рас. АН (1922), ганаровы чл. АН СССР (1925). За навук. заслугі атрымаў тытул лорда Нельсана (1931). Скончыў Новазеландскі ун-т (1894). З 1895 у Вялікабрытаніі, з 1898 у Канадзе. З 1907 праф. Манчэстэрскага ун-та, з 1919 — Кембрыджскага ун-та і дырэктар Кавендышскай лабараторыі. Навук. працы па радыеактыўнасці, ат. і ядз. фізіцы. Адкрыў альфа- і бэта-прамяні (1899) і ўстанавіў іх прыроду. Стварыў разам з Ф.​Содзі тэорыю радыеактыўнасці (1903). Устанавіў закон рассеяння альфа-часціц атамамі розных хім. элементаў (1911; гл. Рэзерфарда формула), на аснове чаго прапанаваў планетарную мадэль атама (мадэль атама Р.). Здзейсніў першую штучную ядз. рэакцыю па ператварэнні азоту ў кісларод (1919), прадказаў існаванне нейтрона і дэйтрона (1920). Пацвердзіў справядлівасць закону ўзаемасувязі масы і энергіі ў ядз. рэакцыях (1933). Правёў рэакцыю сінтэзу дэйтронаў з утварэннем трытыю (1934). Яго імем названы хім. элемент рэзерфордый. Нобелеўская прэмія 1908.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. науч. тр. [Т. 1—2]. М., 1971—72.

Літ.:

Кедров Ф.Б. Эрнест Резерфорд. М., 1965;

Данин Д.С. Резерфорд. 2 изд. М., 1967;

Старосельская-Никитина О.А. Эрнест Резерфорд. М., 1967;

Резерфорд — ученый и учитель. М., 1973.

Э.Рэзерфард.

т. 13, с. 559

РЭ́ЗЕРФАРДА ФО́РМУЛА,

выраз, які вызначае эфектыўнае сячэнне рассеяння нерэлятывісцкіх зараджаных кропкавых часціц, што ўзаемадзейнічаюць паводле Кулона закону.

У сістэме цэнтра інерцыі сутыкняльных часціц Р.ф. мае выгляд dσ / dΩ = ( Z1 Z2 e2 / 2mv2 ) 2 1 sin4 ( θ / 2 ) , дзе dσ / dΩ — сячэнне рассеяння ў адзінкавы прасторавы вугал, Θ — вугал рассеяння, m = m1m2(m1+m2) — прыведзеная маса, m1 і m2 — масы сутыкняльных часціц і v — іх адносная скорасць, Z1e і Z2e — эл. зарады гэтых часціц, e — элементарны эл. зарад. Атрымана Э.​Рэзерфардам пры аналізе доследаў па рассеянні α-часціц (1911) і адыграла вызначальную ролю пры фарміраванні навук. уяўленняў аб будове атамаў.

т. 13, с. 559

РЭЗЕРФО́РДЫЙ (лац. Rutherfordium),

Rf, штучны радыеактыўны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 104 (гл. Курчатовій). Назва ў гонар Э.​Рэзерфарда прапанавана групай амер. вучоных з Берклі (штат Каліфорнія), якія ў 1969 атрымалі ізатопы гэтага элемента; прынята Міжнар. саюзам тэарэт. і прыкладной хіміі.

т. 13, с. 559

РЭЗІДЭ́НТ (франц. résident ад лац residens які сядзіць, застаецца на месцы),

1) дыпламатычны прадстаўнік, ранг якога ніжэйшы за пасланніка; поўная назва — міністр-рэзідэнт.

2) Прадстаўнік разведкі ў інш. краіне, які накіроўвае работу агентурнай сеткі.

3) Юрыд. або фіз. асоба, якая зарэгістравана ў дадзенай краіне і на якую ў поўнай меры пашыраецца нац. заканадаўства.

т. 13, с. 559

РЭЗІДЭНТУ́РА,

заканспіраванае структурнае падраздзяленне знешняй разведкі, якое па даручэнні цэнтра ажыццяўляе разведвальную дзейнасць за мяжой. Складаецца з кадравых супрацоўнікаў разведкі або агентаў на чале з рэзідэнтам. Супрацоўнікі Р. ўтойваюць сваю прыналежнасць да знешняй разведкі і дзейнічаюць пад прыкрыццём якой-н. установы (арг-цыі, кампаніі і інш.). У залежнасці ад віду прыкрыцця Р. падзяляюцца на легальныя (ствараюцца пад прыкрыццём дзярж. установы або прыватнага прадпрыемства, што належыць краіне, у інтарэсах якой ажыццяўляецца развед. дзейнасць) і нелегальныя (арганізуецца з разведчыкаў-нелегалаў і ў якасці прыкрыцця можа выбірацца любая ўстанова або арг-цыя краіны знаходжання).

В.​А.​Окунеў, А.​А.​Мініч.

т. 13, с. 559

РЭЗІДЭ́НЦЫЯ (позналац. residentia ад лац. resideo застаюся на месцы),

пастаяннае месцазнаходжанне ўрада, кіраўніка дзяржавы або высокапастаўленых адм. асоб.

т. 13, с. 559

РЭЗІДЭ́НЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ у Мінску.

Узводзілася ў 1939—41, завершана ў 1947 (арх. А.​П.​Воінаў, У.​М.​Вараксін) як будынак ЦК КПБ. З 1992 тут размяшчаўся Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь, з 1996 сучасная назва. Цэласны 6-павярховы аб’ём пастаўлены на масіўны гранітны (чырвоны) цокаль. Будынак па перыметры апрацаваны прафіляванымі лапаткамі і ўвянчаны простым магутным атыкам. Упершыню ў краіне выкарыстаны зборныя жалезабет. пліты для перакрыццяў. У 1976 да цэнтр. аб’ёму прыбудаваны правае, у 1986 — левае крылы, у 1988 — аб’ём, які злучыў іх з боку вул. Кірава (арх. П.​Кракалёў); яны паўтарылі кампазіцыю цэнтр. аб’ёму.

А.​А.​Воінаў.

Будынак Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінску.

т. 13, с. 559

РЭЗІ́СТАР (англ. resistor ад лац. resisto супраціўляюся),

структурны элемент электрычнага ланцуга, прызначаны ў асн. аказваць пэўнае амічнае супраціўленне працяканню эл. току. Адрозніваюцца па значэнні супраціўлення, дапушчальных адхіленнях ад намінальнага значэння, рассейвальнай магутнасці.

У залежнасці ад матэрыялу токаправоднай часткі падзяляюцца на метал., вугляродныя. вадкасныя і паўправадніковыя. Бываюць пастаянныя (з фіксаваным супраціўленнем) і пераменныя, супраціўленне якіх мяняецца мех. перамяшчэннем паўзунка (напр., рэастаты) ці інш. спосабам. Існуюць Р., супраціўленне якіх залежыць ад напружання (варыстары), т-ры (тэрмарэзістары), асветленасці (фотарэзістары), а таксама дэфармацыі (тэнзадатчыкі). Выкарыстоўваюцца для рэгулявання сілы току і напружання ў радыёэлектроннай і інш. апаратуры, вымярэння т-ры, сілы святла і інш., а таксама як награвальныя элементы.

Рэзістары: а — пастаянны (1 — керамічная трубка, 2 — токаправодны слой, 3 — вывад); б — пераменны (1 — токаправодны элемент, 2 — шчотачны кантакт, 3 — вывады).

т. 13, с. 559

РЭ́ЗКА тэрмічная,

спосаб апрацоўкі метал. і некаторых неметал. матэрыялаў (напр., бетонаў) спальваннем (кіслародная рэзка, кіслародна-флюсавая), плаўленнем, выпарэннем і выдаленнем расплаву струменем газу (плазменна-дугавая, паветрана-дугавая, газа-плазменная Р.) або выпарэннем матэрыялу ў месцы разразання (лазерная Р., гл. Лазерная тэхналогія). Бывае ручная і аўтаматызаваная. Выкарыстоўваецца для атрымання загатовак, стварэння адтулін, стругання і інш.

т. 13, с. 560