Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́ЮКУК (Koyukuk),

рака ў цэнтр. ч. Аляскі (ЗША), правы прыток р. Юкан. Вытокі (рэкі Джон, Уайлд і Сярэдні К.) у гарах Эндыкат. Даўж. ад вытоку р. Сярэдні К. 1000 км, пл. басейна каля 65 тыс. км². Цячэ пераважна па гарыстай мясцовасці, нізоўі — на забалочанай міжгорнай нізіне. Жыўленне снегавое і дажджавое, летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля 500 м³/с. Суднаходная для невял. рачных суднаў.

т. 8, с. 441

К.Р. [сапр. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў); 22.8.1858, Стрэльна, цяпер у межах г. Петрадварэц Ленінградскай вобл. — 15.6.1915],

расійскі вял. князь, паэт, драматург, перакладчык. Унук цара Мікалая I. Ген. ад інфантэрыі (з 1907). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1889). З дзяцінства рыхтаваўся да службы на флоце. У 1876 удзельнік баёў супраць тур. флоту на Дунаі. У 1882 спісаны з флоту. Камандаваў ротай лейб-гвардзейскага Ізмайлаўскага палка; камандзір лейб-гвардзейскага Праабражэнскага палка; з 1894 ген.-маёр. З 1900 гал. начальнік, з 1910 ген.-інспектар ваен.-навуч. устаноў. Друкаваўся з 1882. Пісаў любоўную і пейзажную лірыку, вершы на рэліг. тэмы, стылізаваныя серэнады і баркаролы, салонныя вершы. Аўтар зб-каў: «Вершы К.Р.» (1886), «Новыя вершы К.Р., 1886—1888» (1889), «Трэці зборнік вершаў К.Р., 1889—1899» (1900), «Вершы 1900—1910» (1911). Цыклы «З палкавога жыцця» і «Салдацкія санеты» склала салдацкая лірыка (зб. «У страі», 1915). У паэт. творчасці арыентаваўся на «чыстае мастацтва», прытрымліваўся класічных узораў. Шматлікія яго вершы, адметныя прастатой і меладычнасцю, пакладзены на музыку А.​Глазуновым, Р.​Гліэрам, С.​Рахманінавым. П.​Чайкоўскім і інш.; верш «Памёр бядак у бальніцы ваеннай» стаў папулярнай нар. песняй. Эстэтычныя погляды выказаў у артыкулах пра творы, вылучаныя Пецярб. АН на атрыманне ўзнагарод (кн. «Крытычныя водгукі: Літ.-крытыч. арт. пра рус. паэзію ў 1905—1913», 1915). Аўтар містэрыі «Цар іудзейскі» (паст. 1914). Пераклаў на рус. мову асобныя творы І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, У.​Шэкспіра і інш.

Тв.:

Стихотворения. Т. 1—3. СПб., 1913—15;

Избранное. М., 1991;

Стихотворения. М., 1991.

т. 8, с. 441

КРА,

перашыек на Пд Тайланда, злучае п-аў Малака з асн. ч. Індакітая. Шыр. 40—75 км. Выш. да 500 м. Вільготныя трапічныя лясы.

т. 8, с. 441

КРА́АЛЬ (гал. kraal, скажонае партуг. curral загон для жывёлы),

кольцападобнае паселішча ў некат. народаў Паўд. і Усх. Афрыкі (банту, масаі і інш.), дзе ўнутр. плошча служыць загонам для жывёлы. Звонку К. часта абносяць агароджай.

т. 8, с. 441

КРАБАПАДО́БНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

галактычная туманнасць, вынік успышкі ў 1054 звышновай зоркі ў сузор’і Цяльца. Утварылася са знешніх слаёў зоркі, што рассеяліся ў прасторы. Назва туманнасці звязана з яе формай, якая падобна на панцыр краба. Адлегласць да К.т. 7000 св. гадоў; памеры 5-10 св. гадоў. Расшыраецца са скорасцю 1100 км/с. Маса газу, што ўваходзіць у К.т., каля 0,1 масы Сонца; сярэдняя шчыльнасць 5∙10​−18 кг/м³. У цэнтры К.т. знаходзіцца пульсар, у які ператварылася зорка, што ўспыхнула. К.т. — адзін з нешматлікіх астр. аб’ектаў, ад якіх ідзе эл.-магн. выпрамяненне ва ўсім спектры, ад радыё- да рэнтгенаўскага і гамадыяпазону. Да гэтай пары К.т. губляе ў 100 тыс. разоў болей энергіі за секунду, чым Сонца.

Да арт. Крабападобная туманнасць.

т. 8, с. 441

КРА́БЫ, караткахвостыя ракі (Brachyura),

атрад (падатрад) дзесяціногіх ракападобных. Больш за 4000 відаў. Пашыраны ў морах, прэсных водах і на сушы, пераважна ў тропіках.

Шыр. галавагруднага шчыта (карапакса) 2—60 см. Галава маленькая, у паглыбленні пад краем карапакса. Вочы фасетачныя. 1-я пара хадзільных ног мае клюшні. Брушка кароткае, падагнутае пад сківіцагрудзі. Брушныя канечнасці ў самца (1—2 пары) зменены ў капулятыўны орган, у самкі (4 пары) служаць для выношвання ікры. Кормяцца пераважна беспазваночнымі. Усе К., акрамя прэснаводных, размнажаюцца ў моры. Развіццё з метамарфозам. Некат. К. могуць мяняць афарбоўку цела. Здольныя да аўтатаміі і рэгенерацыі канечнасцей. Аб’екты промыслу.

Крабы: 1 — пальмавы злодзей; 2 — пенеус японскі; 3 — гекарсінус; 4 — стэнарынкус.

т. 8, с. 441

«КРАВЕ́Ц»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі, гл. Чортаў камень.

т. 8, с. 442

КРАВЕ́ЦТВА,

бел. традыцыйнае рамяство па пашыве верхняга адзення з палатна, сукна, футра (пераважна аўчын). Вядома з даўніх часоў. З 16 ст. ў буйных гарадах існавалі кравецкія цэхі (у 1634 Магілёўскі цэх атрымаў каралеўскі прывілей), у маёнтках працавалі прыгонныя рамеснікі-краўцы, якія абшывалі гаспадароў і дворню. У 2-й пал. 19 ст. К. на Беларусі было пашырана ў форме адыходніцтва: краўцы-саматужнікі (звычайна сяляне) у свабодны ад земляробчай працы час (з восені да вясны) хадзілі па вёсках у межах сваёй воласці або павета і працавалі ў хаце заказчыка. Шылі суконныя світы, палатняныя насовы, аўчынныя кажухі і паўкажушкі. У мястэчках і гарадах краўцы стала займаліся К. і шылі на заказ. Часам яны наймалі работнікаў або вучняў. Заказ на пашыў адзення афармляўся з дапамогай спец. драўляных бірак з насечкамі, якія абазначалі колькасць аўчын і знак краўца. З развіццём фабрычнага пашыву адзення К. амаль знікла.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 8, с. 442

КРА́ГУЕВАЦ,

горад у Югаславіі, у цэнтр. ч. Рэспублікі Сербія, на р. Лепеніца. У 1815—82 сталіца Сербіі. Упершыню згадваецца ў 1565. Каля 90 тыс. ж. (1997). Аўтамабіле- і станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць. ВНУ. Музей.

т. 8, с. 442

КРАДЗЕ́Ж у крымінальным праве,

тайнае выкраданне чужой маёмасці, адно са злачынстваў супраць уласнасці. Яго кваліфікуючыя прыкметы: паўторнасць, учыненне К. па папярэдняй змове групай асоб або з пранікненнем у жыллё, памяшканне ці інш. сховішча, з нанясеннем значнай страты пацярпеламу. Да асабліва кваліфікуючых відаў адносіцца К., учынены ў буйных памерах або арганізаванай групай, або асабліва небяспечным рэцыдывістам. Караецца папраўчымі работамі, штрафам або пазбаўленнем волі на пэўныя тэрміны, а пры абцяжваючых адказнасць акалічнасцях — пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 8, с. 442