Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РАДКЕ́ВІЧ (Яўген Рыгоравіч) (3.10.1937, г. Сянно Віцебскай вобл. — 3.1.1999),

бел пісьменнік. Канд. гіст. н. (1974). Д-р філал. н. (1988), праф. (1989). Скончыў БДУ (1963). Працаваў на Бел. радыё, у 1970—71 заг. рэдакцыі газ. «Мінская праўда». З 1974 у БДУ (у 1978—94 заг. кафедры). Друкаваўся з 1958. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяд. «Плытагоны» (1972), «Месяц Межань» (1976), «Горны мёд» (1982), аповесцей «Антаніна» (1977), «Пешшу праз Галактыку» (1984), раманаў «Сутокі дзён» (1982), «Закон прыцяжэння» (1990), у якіх узнімаў маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Даследаваў гісторыю і развіццё бел. радыё, тэлебачання.

Тв.:

Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;

Увага! Мікрафон уключаны! Мн., 1996.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 222

РАДКО́ВЫЯ СПЕ́ВЫ,

від старарус. царкоўнага шматгалосся ў 16—17 ст. Назва ад спосабу запісу: партыі, запісаныя крукамі, размяшчаліся адна пад адной над радком тэксту. На Украіне і Беларусі вядомы з пач. 16 ст., у Расіі з 2-й пал. 16 ст. Рэпертуар Р.с. склаўся на аснове песнапенняў, пераважна гімнічнага характару, царк. зб-каў Ірмалой, Актоіх, Святы (адсюль радкі наз. ірмалойнымі, актойнымі або святочнымі).

У залежнасці ад колькасці радкоў Р.с. былі 2-, 3- і 4-галосыя, мелі лінеарную меладычную прыроду і апіраліся на нар. падгалосачна-контрапунктычнае шматгалоссе; як асн. голас выкарыстоўваліся песнапенні знаменнага спеву. Гэты голас называўся пуцём і быў ніжнім у 2-, ніжнім ці другім знізу ў 3- і 4-галосых напевах. 2- і 3-галосыя Р.с. блізкія да шматгалосся, пашыранага ў бел. нар. выканальніцтве на Пд Мінскай, у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Для іх характэрна першаснасць мелодыі і другаснасць сугуччаў. Дыяпазон і тэмбр голасу не ўлічваліся. У 2-галоссі Р.с. ёсць аналогіі з гетэрафоніяй усх.-слав. традыц. нар. песні. Найб. пашыраны 3-галосыя Р.с., тыповыя для нар.-песеннага і кантавага шматгалосся. З развіццём шматгалосай традыцыі ўскладняліся падгалосачныя, лінеарныя і акордавыя формы. Запісваліся Р.с. знаменнай і дзямественнай натацыямі (гл. Нотнае пісьм). Крукі, або знамёны, паказвалі колькасць гукаў і кірунак руху напеву, але не заўсёды пазначалі канкрэтныя рытмічныя працягласці. Асн. тэндэнцыя знаменных радковых партытур — адвольнае выкарыстанне больш простых знакаў безлінейнай натацыі. Характэрныя палеаграфічныя прыкметы — двайныя пазначэнні (літары светлага і простага сагласій у спалучэнні з дадатковым знакам — коскай злева ці справа). Першы (дзямественнік) і 3-і (пуць) безлінейныя радкі пісалі чорнай тушшу, 2-і (ніз) і 4-ы (верх) — кінавар’ю.

Р.с. падрыхтавалі глебу для партэсных спеваў і выцеснены імі на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., у Расіі — у сярэдзіне 17 ст.

Літ.:

Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;

Бражников М.В. Многоголосие знаменных партитур // Проблемы истории и теории древнерусской музыки. Л., 1979;

Смоленский С.В. 0 ближайших практических задачах и научных разысканиях в области русской церковнопевческой археологии. СПб., 1904;

Яго ж. Об указаниях отгенков исполнения и об указаниях музыкально-певческих форм церковных песнопений в крюковом письме. Киев, 1909;

Успенский Н. Древнерусское певческое искусство. 2 изд. М., 1971;

Яго ж. Образцы древнерусского певческого искусства. 2 изд. Л., 1971.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 13, с. 222

РА́ДЛАЎ (Васіль Васілевіч) (Фрыдрых Вільгельм 5.1.1837, Берлін — 12.5.1918),

расійскі ўсходазнавец-цюрколаг, этнограф і археолаг, прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы. Акад. Пецярбургскай АН (1884). Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1858 у Расіі. У 1885—90 дырэктар Азіяцкага музея, з 1894 Музея антрапалогіі і этнаграфіі АН. Адзін з ініцыятараў стварэння і старшыня Рус. к-та па вывучэнні Сярэдняй і Усх. Азіі (1903—18). У 1860—70 у экспедыцыях па Алтаі, Сібіры, Казахстане і Сярэдняй Азіі сабраў матэрыял па мовах, фальклоры, этнаграфіі і археалогіі цюркскіх народаў. У 1891 кіраваў Архонскай экспедыцыяй АН (Манголія), у 1898 арганізаваў Турфанскую экспедыцыю (Цэнтр. Азія). Дэшыфраваў (адначасова з В.​Томсенам) мову архона-енісейскіх надпісаў. Адзін з заснавальнікаў параўнальна-гіст. вывучэння цюркскіх моў. Аўтар фундаментальнай працы «Спроба слоўніка цюркскіх гаворак» (т. 1—4, 1882—1909), а таксама «Параўнальная граматыка паўночных цюркскіх моў» (т. 1, 1882), «Старажытнацюркскія надпісы Манголіі» (1894—95), «Уступныя думкі да апісання марфалогіі цюркскіх моў» (1911) і інш.

Літ.:

Тюркологический сборник, 1971. М., 1972.

т. 13, с. 223

РАДНІКІ́,

вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр камунальна-унітарнага прадпрыемства «Крыніца». За 35 км на ПдУ ад горада і 52 км ад чыг. ст. Валожын, 65 км ад Мінска. 317 ж., 118 двароў (2001). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 13, с. 223

РАДНІКІ́,

вёска ў Шылавіцкім с/с Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., каля р. Навумка, на аўтадарозе Ваўкавыск — Вял. Бераставіца. Цэнтр саўгаса. За 17 км на З ад г. Ваўкавыск, 85 км ад Гродна, 6 км ад чыг. ст. Мсцібава. 333 ж., 122 двары (2001). Пач. школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 223

РАДНІНА́ (Ірына Канстанцінаўна) (н. 12.9.1949, Масква),

расійская спартсменка (фігурнае катанне на каньках). Засл. майстар спорту (1969). Скончыла Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1974, Масква). Трэнер-выкладчык. Чэмпіёнка XI, XII і XIII зімовых Алімп. гульняў (1972, г. Сапара, Японія; 1976, г. Інсбрук, Аўстрыя; 1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША) у спаборніцтвах спарт. пар. Чэмпіёнка свету і Еўропы (1969—78), СССР (1970, 1971, 1973, 1974, 1975, 1977). У 1968—72 выступала з А.​Уланавым, з 1973 — з А.​Зайцавым.

т. 13, с. 223

РАДО́ВІЧЫ,

катэгорыя насельніцтва Стараж. Русі, якая знаходзілася ў залежнасці ад гаспадара ў адпаведнасці з «радам» (дамовай). Паводле свайго юрыд. становішча Р. блізкія да закупаў. «Руская праўда» прадугледжвала за забойства Р. такі ж штраф, як і за забойства халопа або смерда.

т. 13, с. 223

РАДО́К ВЕРШАВА́НЫ,

графічна і інтанацыйна выдзелены моўны рад у вершаваным творы; адзінка вершаванага рытму. Р.в. розных памераў спалучаюцца ў пэўным парадку, утвараючы строфы (страфоіды). Р.в., у якім поўнасцю змяшчаецца схема вершаванага памеру, наз. вершарадам.

т. 13, с. 223

РАДО́Н (лац. Radon),

Rn, радыеактыўны хім. элемент VIII перыяд. сістэмы, ат. н. 86, ат. м. 222,0176, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з сумесі ізатопаў (α-выпрамяняльнікі) з масавымі лікамі 218—220 і 222, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы ​222Rn (перыяд паўраспаду 3,824 сут). Утвараецца пры распадзе радыю (адсюль назва). У атмасферы 6∙10​−20% па аб’ёме (адзін з самых рэдкіх элементаў); вызначае прыродную радыеактыўнасць паветра.

Аднаатамны газ без колеру і паху, шчыльн. 9,73 кг/м³ (0 °C), L -61,9 °C. Добра раствараецца ў этаноле, бензоле, гексане, адсарбіруецца сілікагелем і актываваным вугалем. Пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, утварае дыфтарыд RiiF, — бясколернае нелятучае крышт. рэчыва. Выкарыстоўваюць у медыцыне (радонавыя ванны) і навук. даследаваннях. Намнажаецца ў памяшканнях (пераважна з буд. матэрыялаў); дапушчальная канцэнтрацыя ў паветры 55,5 Бк/л.

т. 13, с. 223

РАДО́ПЫ, Радопскія горы. На У Балканскага п-ва, у Балгарыі і Грэцыі. Даўж. каля 240 км, выш. да 2191 м (г. Галям-Пералік). Складзены з шэрагу масіваў, якія паступова паніжаюцца на У. Для Зах. Р. характэрны паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца асобныя кражы; ва Усх. Р. пераважаюць сярэдне- і нізкагор’і. Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў, крышт. і вулканічных парод. На паўн. схілах — гаі шыракалістых і хваёвых лясоў, субальпійскія лугі, на паўд. — міжземнаморскія хмызнякі. Радовішчы жал. і свінцова-цынкавых руд. Вадасховішчы. Мінер. крыніцы, курорты (Пампорава, Велінград, Нарэчанскі-Бані і інш.). Некалькі рэзерватаў (у Балгарыі).

т. 13, с. 223