РАДО́ПЫ, Радопскія горы. На У Балканскага п-ва, у Балгарыі і Грэцыі. Даўж. каля 240 км, выш. да 2191 м (г. Галям-Пералік). Складзены з шэрагу масіваў, якія паступова паніжаюцца на У. Для Зах. Р. характэрны паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца асобныя кражы; ва Усх. Р. пераважаюць сярэдне- і нізкагор’і. Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў, крышт. і вулканічных парод. На паўн. схілах — гаі шыракалістых і хваёвых лясоў, субальпійскія лугі, на паўд. — міжземнаморскія хмызнякі. Радовішчы жал. і свінцова-цынкавых руд. Вадасховішчы. Мінер. крыніцы, курорты (Пампорава, Велінград, Нарэчанскі-Бані і інш.). Некалькі рэзерватаў (у Балгарыі).
т. 13, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)