Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РАДО́УКА (Tricholoma),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 36 відаў. Найб. вядомыя Р.: зялёнка, падзялёнка, бела-карычневая (T. albobrunneum), мыльная (T. saponaceum), сухая (T. sudum). Трапляюцца з вер. па кастр. пераважна ў хвойных лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лускаватая ці гладкая, бураватая, шараватая, белаватая, злёгку пукатая або шырокалейкападобная. Пласцінкі свабодныя ці прырослыя. Мякаць белаватая, на зломе часам ружавее. Ножка цэнтр., цыліндрычная, шчыльная. Споры гладкія, эліпсоідныя. Ёсць ядомыя і ядавітыя.

Радоўка мыльная.

т. 13, с. 223

РАДО́ЎКА ШЭ́РАЯ,

шапкавы базідыяльны грыб, тое, што падзялёнка.

т. 13, с. 223

РА́ДУГА,

вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Сож, на аўтадарозе Ветка — в. Прысно. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПнЗ ад г. Ветка, 25 км ад Гомеля, 15 км ад чыг ст Касцюкоўка. 584 ж., 252 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 223

РА́ДУНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. Яго рэшткі захаваліся на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе р. Радунька ў цэнтры в. Гарадзішча Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (за 2 км ад г.п. Радунь). Пляцоўка чатырохвугольная ў плане, памерам 85 × 60 м, узвышаецца на 8 м над далінай ракі, умацавана валам выш. 3—5 м і абкружана ровам глыб. 2,5—3 м, шыр. 6—8 м. У паўд.-ўсх. вугле быў уваход. Аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў — вал, сцены-гародні, вежы. Перад уязной вежай-брамай быў мост з пад’ёмным пралётам — узводам. Пры археал. раскопках знойдзена кераміка 14—17 ст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякера, манеты 15—17 ст. і інш.

Літ.:

Гуревич Ф.Д. Древности Белорусского Понеманья. М.; Л., 1962;

Штыхов Г.В. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 2. Мн., 1971;

Поболь Л.Д. Древности Белоруссии в музеях Польши. Мн., 1979.

т. 13, с. 224

РА́ДУНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл. Цэнтр — в. Радунь (з 1958 гар. пасёлак). 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. З 20.9.1944 у Гродзенскай вобл. 25.12.1962 скасаваны, тэрыторыя перададзена ў Шчучынскі і Воранаўскі р-ны.

т. 13, с. 224

РА́ДУНЬ,

гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.

Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 224

РА́ДУНЬКА,

рака ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Дзітва (бас. р. Нёман). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 169 км². Пачынаецца за 2 км на ПнЗ ад в. Павіланцы, цячэ па паўн. ускраіне Лідскай раўніны, упадае ў р. Дзітва на У ад в. Талькунцы. Рэчышча ад вусця на працягу 25 км каналізаванае. На рацэ г.п. Радунь.

т. 13, с. 224

РА́ДУША,

вёска ў Чырвонабярэжскім с/с Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр калгаса. За 30 км на З ад г. Жлобін, 113 км ад Гомеля, 6 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 814 ж., 338 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і чырвонаармейцаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 224

РА́ДУ ВЯЛІ́КІ (Radu cel Mare; ?—1508),

гаспадар Валахіі [1495—1508). Дамогся цэнтралізацыі дзярж. апарата і поўнага падпарадкавання царквы ўладзе гаспадара. Пачаў кнігадрукаванне ў Валахіі (1508), за што празваны Вялікім. Застаючыся васалам Турцыі, завязаў дружалюбныя адносіны з Малдаўскім княствам, Польшчай і Венгрыяй.

т. 13, с. 223

РАДХАКРЫ́ШНАН (Сарвапалі) (5.9.1888, Тырутані, Індыя — 17.4.1975),

індыйскі філосаф, дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Мадраскі ун-т. З 1918 выкладаў у Майсурскім і Калькуцкім ун-тах, з 1931 віцэ-канцлер ун-таў Андхра і Бенарэскага, у 1953—62 канцлер Дэлійскага ун-та. У 1936—52 чытаў лекцыі ў Оксфардскім ун-це. Удзельнік нац.-вызв. руху Індыі. Прыхільнік вучэння М.​К.​Гандзі. З 1949 пасол Індыі ў СССР. З 1952 віцэ-прэзідэнт, у 1962—67 прэзідэнт Рэспублікі Індыя. Аўтар прац па філасофіі, нар. адукацыі, л-ры і палітыцы. Паводле філас. поглядаў схіляўся да аб’ектыўнага ідэалізму. Распрацаваў сістэму адзінай універсальнай «вечнай рэлігіі», заснаванай на стараж.-інд. рэліг.-філас. традыцыях.

Тв.:

Рус. пер. — Индийская философия. Т. 1—2. М. 1956—57.

т. 13, с. 224