РА́ДЛАЎ (Васіль Васілевіч) (Фрыдрых Вільгельм 5.1.1837, Берлін — 12.5.1918),
расійскі ўсходазнавец-цюрколаг, этнограф і археолаг, прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы. Акад. Пецярбургскай АН (1884). Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1858 у Расіі. У 1885—90 дырэктар Азіяцкага музея, з 1894 Музея антрапалогіі і этнаграфіі АН. Адзін з ініцыятараў стварэння і старшыня Рус. к-та па вывучэнні Сярэдняй і Усх. Азіі (1903—18). У 1860—70 у экспедыцыях па Алтаі, Сібіры, Казахстане і Сярэдняй Азіі сабраў матэрыял па мовах, фальклоры, этнаграфіі і археалогіі цюркскіх народаў. У 1891 кіраваў Архонскай экспедыцыяй АН (Манголія), у 1898 арганізаваў Турфанскую экспедыцыю (Цэнтр. Азія). Дэшыфраваў (адначасова з В.Томсенам) мову архона-енісейскіх надпісаў. Адзін з заснавальнікаў параўнальна-гіст. вывучэння цюркскіх моў. Аўтар фундаментальнай працы «Спроба слоўніка цюркскіх гаворак» (т. 1—4, 1882—1909), а таксама «Параўнальная граматыка паўночных цюркскіх моў» (т. 1, 1882), «Старажытнацюркскія надпісы Манголіі» (1894—95), «Уступныя думкі да апісання марфалогіі цюркскіх моў» (1911) і інш.
Літ.:
Тюркологический сборник, 1971. М., 1972.
т. 13, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)