Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРЭ́СА,

перыядычныя выданні, пераважна газеты і часопісы. Гл. Перыядычны друк.

т. 13, с. 95

ПРЭСБІТЭ́РЫЙ, прэсбітэрыум (позналац. presbyterium месца для выбраных ад грэч. presbyteros старэйшына),

зах.-еўрап. храмавым буд-ве прастора перад гал. алтаром, прызначаная для богаслужэння і размяшчэння духавенства. Назва паходзіць ад асаблівасцей першай хрысц. літургіі, якую вёў старэйшына (прэсвітэр). Форма П. залежыць ад планіровачнай кампазіцыі будынка. Звычайна П. злучаны з гал. нефам і можа быць вылучаны арачным парталам ці балюстрадай. Вядомы ў сярэдневяковых раманскіх і гатычных храмах. У бел. архітэктуры паявіліся ў канцы 14 ст. У 17—18 ст. некат. П. аздаблялі скульптурай, дэкарыравалі арнаментам і сюжэтна-тэматычнай размалёўкай (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, св. Андрэя ў Слоніме і інш.).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Прэсбітэрый. Планы.

т. 13, с. 95

ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],

старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр. ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 95

ПРЭСВІ́ТЭР (ад грэч. presbyteros старэйшына),

кіраўнік у раннехрысц. абшчыне, свяшчэннаслужыцель пасля ўзнікнення хрысц. царквы. У праваслаўі тэрмін «П.» звычайна ўжываецца як урачыстая назва святара. У пратэстантызме П. — адм. кіраўнік абшчыны, які выбіраецца, як і пастар, са складу прыхаджан. У прыхільнікаў кальвінізму на Беларусі П. наз. таксама сіньёр.

т. 13, с. 95

ПРЭСВІТЭРЫЕ́НСТВА (ад прэсвітэр),

плынь у кальвінізме, што ўзнікла ў перыяд Рэфармацыі ў Шатландыі і Англіі. Асн. прынцыпы веравучэння П. выкладзены ў «Вестмінстэрскім веравызнанні» (1648) у духу артадаксальнага кальвінізму, з яго верай ва ўсеагульную грахоўнасць людзей і абсалютнае прадвызначэнне. Культ спрошчаны; богаслужэнне складаецца з пропаведзяў, агульнай малітвы, спеваў псалмоў. Некалькі абшчын аб’ядноўваюцца ў асацыяцыю, якую ўзначальвае прэсвітэрыя ў складзе прэсвітэраў і пастараў ад кожнай абшчыны. Асацыяцыі ўваходзяць у правінцыяльныя і нац. сіноды. Найвышэйшы орган — ген. асамблея. П. існуе ў Вялікабрытаніі (у Шатландыі — дзярж. царква), Ірландыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. Многія прэсвітэрыянскія цэрквы ўваходзяць у Сусв. альянс рэфармацкіх цэркваў.

т. 13, с. 95

ПРЭСВІТЭРЫЯ́НЕ (ад прэсвітэр),

1) прыхільнікі прэсвітэрыянства.

2) Паліт. партыя ў Англіі ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Узнікла на базе абшчын прыхільнікаў прэсвітэрыянства (памяркоўных пурытан), якія існавалі з 1570-х г., прадстаўляла інтарэсы гандл.прамысл. буржуазіі і часткі «новага» (схільнага да капіталіст. гаспадарання) дваранства. У 1640—48 П. мелі большасць у парламенце і дамагліся ў 1644 абвяшчэння прэсвітэрыянства дзярж. царквой. У час 2-й грамадз. вайны (1648) схіляліся да пагаднення з каралём, за што выгнаны з парламента праціўнікамі манархіі — індэпендэнтамі (гл. Кангрэгацыяналісты). Актывізаваліся пасля смерці О.Кромвеля (1658).

У 1660 спрыялі рэстаўрацыі манархіі Сцюартаў, пасля чаго зышлі з паліт. арэны.

т. 13, с. 95

ПРЭ́СЛІ ((Presley) Элвіс) (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),

амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).

т. 13, с. 95

ПРЭ́СПА (Prespa),

возера на З Балканскага паўвострава, на мяжы Македоніі, Албаніі і Грэцыі. Пл. 285 км². Глыб. 54 м. Знаходзіцца ў міжгорнай катлавіне каля паўн. краю гор Пінд, на выш. 853 м. Злучана пратокай з воз. Мікры-П. Мяркуецца, што падземны сцёк ідзе праз карставыя поласці ў воз. Ахрыдскае (16 км на ПнЗ ад П.). Штогадовыя ваганні ўзроўню 1,5—2 м. Рыбалоўства. На берагах П. — нац. паркі Галічыца (Македонія), Мікра-Прэспа (Грэцыя).

т. 13, с. 95

ПРЭ́СТАН (Preston),

горад на З Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Ланкашыр. Вядомы з 12 ст. Каля 200 тыс. ж. (2000). Порт у эстуарыі р. Рыбл, якая ўпадае ў Ірландскае м. Буйны чыг. вузел. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. авіяц., эл.-тэхн., вытв-сць тэкст. абсталявання; хім., тэкст., харчовая. Паблізу, у г. Спрынгфілд — атамныя з-ды.

т. 13, с. 96

ПРЭСТЫ́Ж (ад франц. prestige першапач. — абаянне, зачараванне),

аўтарытэт. уплыў, перавага, якімі карыстаецца хто-н. або што-н.

т. 13, с. 96