Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРЭСТЫ́Ж САЦЫЯ́ЛЬНЫ,

параўнальная ацэнка грамадствам і яе членамі сац. значнасці розных аб’ектаў, з’яў, іх становішча ў грамадстве, уласцівасцей і характарыстык; адзін з гал. рэгулятараў сац. паводзін, пераваг, рашэнняў, якія прымаюцца. У аснове П.с. ляжыць пэўная сістэма каштоўнасцей, П.с. выяўляецца ў ацэнках, з дапамогай якіх людзі ранжыруюць аб’екты, а таксама ў дзеяннях, дзе яны паказваюць свае перавагі. Існуе складаная сістэма прэстыжных ацэнак фактараў і бакоў жыццядзейнасці грамадства. Як рэгулятар паводзін П.с. ўплывае на важныя сац. працэсы, напр., прафес. занятак, сац. перамяшчэнні, структуру спажывання і ўлічваецца ў галінах сац. кіравання, пры распрацоўцы сац. палітыкі.

т. 13, с. 96

ПРЭС-БЮРО́,

1) рэдакцыйны апарат для абслугоўвання прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі на перыяд работы з’ездаў, канферэнцый, нарад. Арганізуе прэс-канферэнцыі, выпускае прэс-рэлізы і г.д. 2) Пастаянна дзеючы орган інфармацыі пры рэдакцыях газет, агенцтвах друку, пасольствах, прадстаўніцтвах і інш. установах, які забяспечвае друк гатовымі артыкуламі, інфармацыяй, ілюстрацыйным і інш. матэрыялам.

т. 13, с. 95

ПРЭС-КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (ад англ. press-conference),

сустрэча дзярж., паліт., грамадскіх ці навук. дзеячаў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі для паведамлення пэўных звестак, высвятлення актуальных пытанняў грамадства.

т. 13, с. 95

ПРЭС-ПАДБО́РШЧЫК,

прычапная с.-г. машына для падбору сена і саломы з валкоў і прасавання іх у цюкі ці рулоны. Выкарыстоўваецца таксама ў стацыянарных умовах.

Прэс-падборшчыкі: а — рулонны; б — цюкоў.

Агрэгатуецца з трактарамі тыпу «Беларусь». Рабочыя органы прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асн. вузлы: падборшчык, механізм падачы (2 упакоўшчыкі), прасавальная камера (у П.-п. цюкоў з поршнем, у рулонных — пастаяннага ціску), вязальны апарат, сістэма перадач, хадавая частка. Падбіральны механізм збірае сена з валка і падае ў прасавальную камеру, дзе яно прасуецца, затым цюкі і рулоны аўтаматычна абвязваюцца шпагатам ці сеткай і выкідваюцца ў трансп. сродкі ці на зямлю.

На Беларусі рулонныя П.-п. вырабляе Бабруйскі завод па выпуску машын для агракомплексу.

І.​І.​Півуноўскі.

т. 13, с. 95

ПРЭС-ПАРАШКІ́,

матэрыялы (парашкі, гранулы) для перапрацоўкі ў аб’ёмныя загатоўкі (вырабы) метадам прасавання. П.п. рэактапласты — зацвярдзелая сумесь 30—60% тэрмарэактыўнай смалы (напр., фенол-альдэгідныя смолы) з тонкадысперсным напаўняльнікам (напр., драўнянай ці кварцавай мукі, молатай слюды). Вытв-сць П.-п. уключае: падрыхтоўку і змешванне кампанентаў, папярэдняе зацвярдзенне, драбненне ці грануляванне. Шырока выкарыстоўваюцца ў парашковай металургіі.

т. 13, с. 96

ПРЭС-РЭЛІ́З (англ. press-release выпуск для прэсы),

спецыяльныя бюлетэні для работнікаў сродкаў масавай інфармацыі, якія змяшчаюць матэрыялы для тэрміновай публікацыі. Выпускаюцца дзярж. ўстановамі, кіруючымі органамі міжнар. арг-цый, прэс-бюро.

т. 13, с. 96

ПРЭС-ФО́РМА (ад ням. Pressform),

прыстасаванне для атрымання аб’ёмных загатовак (вырабаў) рознай канфігурацыі з розных матэрыялаў (металу, пластмас, гумы, керамічных і інш.) пад дзеяннем ціску, што ствараецца на ліцейных машынах ці прэсах. Мае адну ці некалькі афармляльных (фармавальных) поласцей, якія з’яўляюцца адваротным адбіткам вонкавай паверхні загатоўкі. Пры прасаванні полых вырабаў ўнутраныя поласці фармуюць пуансонамі (стрыжнямі).

Прэс-форма для гарачага прасавання пластмасы: 1 — штурхач; 2 — матэрыял. што прасуецца; 3 — матрыца; 4 — пуансон; 5 — гатовы выраб.

т. 13, с. 96

ПРЭС-ЦЭНТР,

1) служба інфармацыі, якая арганізуецца на час работы з’ездаў, канферэнцый, нарад, спарт. спаборніцтваў і да т.п.

2) Цэнтр журналістаў, дзе-н. акрэдытаваных.

т. 13, с. 96

ПРЭС ТРАСТ ОФ І́НДЫЯ (ПТІ; Press Trust of India),

найбуйнейшае інфармацыйнае агенцтва Індыі, акц. т-ва ўладальнікаў інд. газет. Засн. ў 1949 у Бамбеі. Забяспечвае ўнутр. і міжнар. інфармацыяй органы друку, а таксама цэнтр. ўрад, кіраўніцтва штатаў, гандл. фірмы, банкі і інш. ўстановы. Распаўсюджвае ў Індыі міжнар. інфармацыю агенцтваў Рэйтэр і Франс Прэс. Мае шырокую сетку ўласных карэспандэнтаў у Маскве, Лондане, Нью-Йорку, Парыжы і інш. Чл. Арг-цыі азіяцкіх інфарм. агенцтваў.

т. 13, с. 94

ПРЭТ ((Pratt) Эдвін Джон) (4.2.1883, Уэстэрн-Бей, Канада — 26.4.1964),

канадскі паэт. Скончыў ун-т у г.Таронта, у 1920—53 праф. гэтага ун-та. Пісаў на англ. мове. Гал. тэма першых зб-каў паэзіі «Ньюфаўндлендскія вершы» (1923), «Варыва ведзьмаў» (1925), «Вершы мора» (1930) — рамантызаваная еднасць чалавека і мора. Паэмы «Тытаны» (1926), «Рузвельт» і «Антыноя» (1930), «Гібель «Тытаніка» (1935) пра змаганне чалавека з прыродай. Аўтар паэмы «Брэбёф і яго браты» (1940), зб-каў вершаў «Дзюнкерк» (1941), «Нацюрморт» і іншыя вершы» (1943), «Яны вяртаюцца» (1945), «За калодаю» (1947), «Да апошняга вастрыя» (1952), якім уласцівы антываен. і антыфаш. матывы, гуманіст. накіраванасць.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 13, с. 96