Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Казлякоў Уладзімір Ягоравіч

т. 18, кн. 1, с. 398

КАЗЛЯ́ТНІК,

кветкавая расліна, тое, што галега.

т. 7, с. 434

КАЗНА́ (цюрк.),

1) фінансавыя рэсурсы дзяржавы, цэнтралізаваныя дзярж. крыніцы фінансаў; грашовыя сродкі якой-н. установы.

2) Дзяржава як суб’ект пэўных маёмасных правоў і інтарэсаў.

3) У гіст. мінулым сховішча грошай і каштоўнасцей цароў, князёў, манастыроў і інш., а таксама самі гэтыя каштоўнасці (маёмасць).

т. 7, с. 434

КАЗНАЧЭ́ЙСКАЯ ПАЗЫ́КА,

форма дзярж. крэдыту для аказання фін. дапамогі суб’ектам гаспадарання за кошт сродкаў бюджэту на ўмовах тэрміновасці, платнасці і зваротнасці. Выдаецца ў выпадку фін. цяжкасцей прадпрыемства (фірмы і інш.), выкліканых становішчам на рынку ці пагаршэннем эканам. сітуацыі ў краіне. К.п. — сродак падтрымкі важных для нар. гаспадаркі структур (вытв-сцей), у стабільнасці якіх зацікаўлены дзярж. органы ўлады і кіравання, і не мае камерцыйнай мэты.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 434

КАЗНАЧЭ́ЙСКІЯ АБАВЯЗАЦЕЛЬСТВЫ,

дзяржаўныя каштоўныя паперы (аблігацыі, вэксалі і інш.), якія выпускаюцца ў абарачэнне казначэйствам або інш. упаўнаважаным на гэта фін. органам. Рэалізуюцца сярод банкаў, крэдытна-фін. устаноў, насельніцтва на розныя тэрміны і на розных умовах. Даюць права атрымліваць фіксаваны даход на працягу ўсяго тэрміну валодання гэтымі паперамі. Мэта выпуску К.а. — мабілізацыя грашовых сродкаў для папаўнення даходнай ч. бюджэту (пакрыццё дэфіцыту), афармленне дзярж. доўгу.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 434

КАЗНАЧЭ́ЙСТВА,

у шэрагу краін дзярж. фін. орган, што складае праект дзярж. бюджэту, забяспечвае яго выкананне, рэгулюе дзярж. доўг, праводзіць эмісію (выпуск) дзярж. каштоўных папер. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, функцыянавалі губернскія і павятовыя К.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 434

КАЗУА́ЛЬНАСЦЬ (лац. casualis ад casus выпадак),

вучэнне аб выпадковасці; погляд, што ў свеце пануе выпадковасць, адстойвалі Эпікур, Лукрэцый Кар і інш. філосафы. У пераносным сэнсе казуальны — выпадковы, адзінкавы, які не паддаецца абагульненню.

т. 7, с. 434

КАЗУА́РЫ,

птушкі атр казуарападобных. 2 сям.: уласна К. (3 віды) і эму. Пашыраны ў лясах Аўстраліі і блізкіх да яе астравоў. Бегаюць хутка, да 40 км/гадз, добра плаваюць.

Выш. да 1,8 м, маса да 90 кг. Пер’е рассуканае, чорнае. Дзюба сціснутая з бакоў; на галаве ў К. шлеманоснага (Casuarius casuarius) рагавы выраст, які засцерагае ад шыпоў і калючак у час бегу. Крылы рудыментарныя. Ногі трохпальцыя, моцныя, унутр. палец з вострым кіпцюром для абароны. Манагамы. Нясуць 3—8 яец. Наседжвае самец. Кормяцца пладамі, насеннем, насякомымі. Ахоўваюцца.

Э.​Р.​Самусенка.

Казуары: 1 — аранжавашыі; 2 — шлеманосны.

т. 7, с. 434

КАЗУБО́ЎСКІ (Валянцін Міхайлавіч) (н. 1.9.1937, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1991), праф. (1992). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча проціпаветранай абароны (1961) і выкладаў у ім (1964—93; з 1965 Вышэйшае інж.-зенітнае ракетнае вучылішча проціпаветранай абароны). З 1993 у Рэсп. ін-це прафес. адукацыі, з 1995 у Акад. кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З 1997 у Беларускім дзярж. агр. тэхн. ун-це (заг. кафедры кіравання с.-г. вытв-сцю). Даследуе праблемы інж. псіхалогіі, псіхалогіі кіравання.

Тв.:

Моделирование в практической психологии. Ч. 1—2. Мн., 1995;

Управленческий риск: ситуативные и личностные аспекты. Мн., 1997.

т. 7, с. 434

КАЗУІ́СТЫКА разгляд асобных выпадкаў, здарэнняў у іх сувязі з агульнымі прынцыпамі права, маралі і інш. У юрыспрудэнцыі адшуканне норм права, якія дазваляюць вырашыць казусы (складаныя выпадкі), што ўзнікаюць у працэсе вядзення справы. У сярэдневяковай схаластыцы і багаслоўі — прымяненне агульных дагматычных палажэнняў да асобных выпадкаў. У тэалогіі (асабліва ў каталіцызме) — вучэнне пра ступень граху. У пераносным сэнсе — спрытнасць, выкрутлівасць у доказах, уменне адстойваць заблытаныя або фальшывыя палажэнні; кручкатворства.

т. 7, с. 435