Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ЛЯСЫ́,

лясныя масівы на тэрыторыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў і каштоўныя ўчасткі лесу, абвешчаныя помнікамі прыроды, якія знаходзяцца пад аховай запаведнага рэжыму. З’яўляюцца эталонамі прыроды, прызначаны для захавання генет. фонду жывёл і раслін, натуральных раслінных згуртаванняў і экасістэм, выкарыстоўваюцца для вывучэння прыродных працэсаў у лясах. Частка З.л. (у запаведніках) абсалютна запаведныя, у іх выключаецца любое ўмяшанне ў прыродныя працэсы. На Беларусі агульная пл. З.л. каля 1200 тыс. га, у т.л. лясоў-запаведнікаў і нац. паркаў 240 тыс. га, ландшафтных, біялагічных і гідралагічных заказнікаў каля 800 тыс. га, каштоўных участкаў лесу 5,0 тыс. га. З.л. належаць да лясоў 1-й групы, у іх забаронена высечка і інш. лесагасп. дзейнасць.

т. 6, с. 528

ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

участкі зямлі або воднай прасторы, якія выключаны з гасп. дзейнасці чалавека; катэгорыя ўсіх або часткі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. Размешчаныя ў межах З.т. прыродныя комплексы пэўнай навук. або культ. каштоўнасці маюць вял. значэнне для аховы і ўзнаўлення натуральных ландшафтаў, захавання генафонду жывёл і раслін. Асн. формы З.т.: батанічны сад, заказнік, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі, запаведнікі, помнікі прыроды, прыродныя нацыянальныя паркі, рэзерваты.

Правобразам З.т. у старажытнасці былі свяшчэнныя рытуальныя гаі, крыніцы, прыватныя ці грамадскія паляўнічыя ўгоддзі (пушчы, бабровыя, ласіныя «гоны» і інш.). Адзін з першых запаведных лясных масіваў Еўропы — Белавежская пушча, першы нац. парк у свеце — Йелаўстонскі нацыянальны парк. У многіх краінах свету існуюць 1—3 нац. паркі, шмат дзярж., грамадскіх і прыватных запаведнікаў, напр., у Нідэрландах 988, у Францыі каля 3 тыс. запаведнікаў і заказнікаў. Агульная пл. буйных З.т. у свеце 2,4 млн. км! (каля 1,6% сушы).

На Беларусі (на 1.9.1997) існуюць Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 3 нац. паркі — Белавежская пушча, Браслаўскі і Прыпяцкі і 85 заказнікаў агульнай пл. 1192,9 га.

Э.Р.Самусенка.

т. 6, с. 528

ЗАПАВЕ́ДНЫ РЭЖЫ́М,

метад аховы прыродных тэрыторый, комплексаў і аб’ектаў шляхам поўнага ці абмежаванага неўмяшання людзей у прыродныя працэсы. Адрозніваюць абсалютна-запаведны (напр., у зонах абсалютнай запаведнасці ў запаведніках, нац. парках) або адносна-запаведны (напр., у зонах рэкрэацыйнага карыстання, кіроўных прыродных зонах нац. паркаў, заказніках) рэжым. Агульнае патрабаванне З.р. — недапушчальнасць атрымання эканам. выгады (выпас, касьба і інш.). Уводзіцца З.р. для захавання генафонду жывёл, раслін, дасягнення інш. мэт аховы прыроды на аснове падтрымання экалагічнай раўнавагі. На Беларусі З.р. ахоплены тэр. агульнай пл. каля 1,4 млн. га (заказнікі, запаведнікі, нац. паркі, помнікі прыроды).

т. 6, с. 528

ЗАПАВЕ́ТНЫЯ ГАДЫ́,

у Рускай дзяржаве канца 16 ст. гады, у якія сялянам забаранялася пераходзіць ад аднаго феадала да другога ў Юр’еў дзень (асенні); этап запрыгоньвання сялян. Пачалі ўводзіцца з 1581 урадам Івана FV, замацаваны ўказам цара Фёдара Іванавіча каля 1592—93, які забараніў выхад сялян і аб’явіў пісцовыя кнігі апошняга агульнага апісання юрыд. асновай сял. прыгону.

т. 6, с. 529

ЗАПАВО́ЛЬВАННЕ НЕЙТРО́НАЎ,

змяншэнне кінетычнай энергіі нейтронаў у выніку шматразовых сутыкненняў з атамамі асяроддзя. Прыводзіць да ўтварэння т.зв. цеплавых нейтронаў, якія могуць выклікаць ланцуговую ядзерную рэакцыю, напр. у прыродным уране.

У працэсе запавольвання частка нейтронаў губляецца: паглынаецца ядрамі атамаў ці вылятае за межы рабочага асяроддзя. У запавольніках (рэчывы, якія маюць лёгкія ядры і слаба захопліваюць нейтроны: вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш.) малыя страты нейтронаў і большая іх частка пераўтвараецца ў цеплавыя (механізм запавольвання залежыць ад энергіі нейтронаў). Гл. таксама Ядзерны рэактар, Нейтронаграфія.

т. 6, с. 529

ЗАПА́ДЗІНЫ,

гл. Стэпавыя сподкі.

т. 6, с. 529

«ЗА́ПАДНАЯ КОММУ́НА»,

газета. Орган выканкома Саветаў Зах. вобласці (Заходняй Камуны). Выходзіла з ліст. 1918 да студз. 1919 у Смаленску на рус. мове. Працягвала традыцыі газ. «Известия исполнительных комитетов Советов рабочих, крестьянских и солдатских депутатов Западной Коммуны и города Смоленска». Інфармавала пра падзеі на франтах грамадз. вайны, становішча на акупіраванай тэр. Беларусі. Змяшчала афіц. ўрадавыя паведамленні, матэрыялы 6-й Паўн.-Зах. абл. канферэнцыі РКП(б), якая абвясціла стварэнне Беларускай ССР.

т. 6, с. 529

ЗАПАЗЫ́ЧАННІ ў мове,

лексічныя, марфалагічныя, фанетычныя і інш. сродкі пэўнай мовы, што перайшлі з інш. моў у выніку моўнага ўзаемадзеяння. Абумоўлены сац.-эканам., дзярж.-паліт. і культ. зносінамі паміж народамі. Пранікаюць непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва інш. моў вусным (размоўныя кантакты) і пісьмовым (кнігі, афіц. дакументы, перапіска) шляхам. Найб. актыўна праяўляюцца ў галіне слоўнікавага складу. Падпарадкоўваюцца законам фанетыкі, граматыкі, правілам словаўтварэння і семантычнай сістэмы мовы-рэцэптара. Паводле ступені асіміляцыі падзяляюцца на цалкам асвоеныя (словы, у фанетыка-марфал. афармленні і семантыцы якіх не застаецца нічога, што паказвала б на іх іншамоўнае паходжанне: бел. «блакітны», «булка», «дзірван», «салата», «школа» і інш.) і часткова асвоеныя (экзатызмы). Асобны разрад З. складаюць варварызмы, якія ў адрозненне ад экзатызмаў амаль заўсёды знаходзяцца па-за літ. мовай і не адлюстроўваюцца ў слоўніках.

У 14—18 ст. у бел. мову трапілі многія паланізмы («відэлец», «маёнтак») і пераважна праз польск. пасрэдніцтва — германізмы («дах», «ланцуг») і лацінізмы («градус», «апарат»). Ад старажытнасці бел. мове вядомы літуанізмы («клуня», «свіран»), цюркізмы («аркан», «торба»), грэцызмы («астраномія», «эпіграма»), чэшскія («праца», «мешчанін»), франц. («марш», «тарыф»), італьян. («канцэрт», «лютня») і інш. З. У наш час іншамоўная лексіка трапляе ў бел. ў асноўным праз рус. мову. Значную частку слоўнікавага складу бел. мовы ўтвараюць інтэрнацыяналізмы. У сваю чаргу бел. мова таксама паўплывала на суседнія: польскую (krynica — крыніца), літоўскую (kroupa — «крупы») і інш. У меншай ступені З. характэрны для граматыкі і фанетыкі. Асаблівая інтэнсіфікацыя З. назіраецца пры двухмоўі.

Літ.:

Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.

А.М.Булыка.

т. 6, с. 529

ЗАПА́Л,

1) сродак для ўзбуджэння выбуху разрыўнога зараду інж. мін і ручных гранат. Складаецца з капсуля-запальніка і капсуля-дэтанатара, размешчаных у метал. (часам пластмасавай) гільзе. З. асколачных ручных гранат уключае таксама парахавы запавольнік і ўдарны механізм для ўзбуджэння гарэння капсуля-запальніка.

2) Прыстасаванне для ініцыіравання выбуху выбуховага рэчыва з дапамогай эл. току (т.зв. мінны З., цяпер наз. электрадэтанатарам).

3) Адтуліна ў казённай частцы артыл. гарматы 15—17 ст., запоўненая порахам для запальвання кідальнага зарада.

Запал гранаты: 1 — ударнік з баявой спружынай; 2 — спускавы рычаг; 3 — капсуль-запальнік; 4 — запавольнік; 5 — капсуль-дэтанатар.

т. 6, с. 529

ЗАПАЛЕ́ННЕ,

мясцовая сасудзіста-тканкавая ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма на ўздзеянне патагенных раздражняльнікаў; адна з асн. прыкмет некаторых хвароб. Прычыны ўзнікнення З. бываюць экзагенныя (мех., фіз., хім. і біял.) і эндагенныя (тромбы, адклады солей, прадукты змярцвення і распаду тканак, інфаркты, гематомы і інш.). Прыкметы З. падзяляюцца на агульныя (павышэнне т-ры цела, пачашчэнне пульсу, змена саставу крыві, знясіленасць) і мясцовыя (пачырваненне, прыпухласць, боль, парушэнне функцый). У З. вылучаюць 3 стадыі: альтэрацыю, эксудацыю, праліферацыю. Альтэрацыя — парушэнне жыўлення клетак, дыстрафічныя, некратычныя і атрафічныя змены ў тканках; скажэнне абмену рэчываў, парушэнне фіз.-хім. якасцей тканак. Эксудацыя — расстройствы кровазвароту з выхадам вадкай ч. крыві і лейкацытаў з крывяносных сасудаў. Праліферацыя — размнажэнне клетачных элементаў на мяжы запалёнай і здаровай тканак. За праліферацыяй паступова развіваецца рэгенерацыя. Развіццё З. залежыць ад узросту, харчавання, абмену рэчываў, вынік — ад стану арганізма, формы З. і памераў яго ачага.

т. 6, с. 529