Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́МІ МО́ВА,

гл. Комі-зыранская мова, Комі-пярмяцкая мова.

т. 8, с. 396

КО́МЛЕВА (Габрыэла Трафімаўна) (н. 27.12.1938, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог, балетмайстар. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1957; у 1971—78 выкладала ў ім), балетмайстарскае аддз. Ленінградскай кансерваторыі (1984). У 1957—88 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Педагог Марыінскага т-ра (з 1979) і Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1987, праф. з 1994). У яе творчасці віртуозная дасканаласць танца спалучалася з яркім акцёрскім талентам. Сярод створаных ёю вобразаў: Аўрора, Адэта-Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), 7-ы вальс («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Жар-птушка («Жар-птушка» І.​Стравінскага), Асіят («Гаранка» М.​Кажлаева; Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1976), Мехменэ Бану («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Дзяўчына («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.​Шастаковіча). Здымалася ў тэлефільмах-канцэртах, тэлеэкранізацыях балетаў. Ставіць балеты ў Расіі і за мяжой. Прэміі Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1966, Балгарыя), Усесаюзнага конкурсу новых харэагр. нумароў (1967).

Літ.:

Быстров П. Г.​Комлева. Л., 1984.

Г.Комлева ў ролі Нікіі.

т. 8, с. 397

«КОММУНИ́СТ БЕЛОРУ́ССИИ»,

тэарэтычны і паліт. часопіс ЦК КПБ. Выдаваўся ў маі 1922 — верасні 1991 штомесяц у Мінску. Да 1925 наз. «Вперёд», у студз.лют. 1927 — «Весткі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі», з сак. 1927 — «Бальшавік Беларусі» (на бел. мове, з вер. 1948 на бел. і рус. мовах), з ліст. 1952 — «Камуніст Беларусі» (да 1965 на бел. і рус. мовах). Прапагандаваў ідэі марксізму-ленінізму, асвятляў пытанні тэорыі і практыкі камуніст. будаўніцтва, прапагандаваў вопыт парт.-арганізац. і ідэалаг. работы КПБ, практыкі кіраўніцтва гасп. і сац.-культ. жыццём у рэспубліцы. Друкаваў матэрыялы з’ездаў КПСС і КПБ, пленумаў ЦК партыі, артыкулы парт., сав. і гасп. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, публіцыстаў па пытаннях дзярж. будаўніцтва, навук. сацыялізму, філасофіі, гісторыі, паліт. эканоміі, л-ры і мастацтва. Шэрагу публікацый уласцівы вульгарна-сацыялагічны падыход, адсутнасць крытычнага погляду, суб’ектывізм і дагматызм. Змяшчаў матэрыялы пра падзеі міжнар. жыцця, сувязі Беларусі з замежнымі краінамі, публікаваў рэцэнзіі і водгукі на новыя кнігі, рабіў агляды рэсп. перыяд. выданняў. Выйшла 800 нумароў.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 8, с. 397

КО́МПАС (ням. Kompass, італьян. compasso ад compassare вымяраць крокамі),

прылада, якая паказвае напрамак геаграфічнага (сапраўднага) або магнітнага мерыдыяна. Служыць для арыентавання на мясцовасці адносна напрамкаў свету. Выкарыстоўваецца ў марской навігацыі, авіятранспарце, геадэзіі, горнай, ваеннай справе і інш. Адрозніваюць магнітны (у т. л. горны), механічны (гіракомпас), радыёкомпас і астракомпас.

Да арт. Компас. Горны компас.

т. 8, с. 398

КО́МПАС (лац. Pyxis),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка α К. мае бляск 3,7 візуальнай зорнай велічыні. На Беларусі відаць зімой і вясной. Гл. Зорнае неба.

т. 8, с. 398

КО́МПАСНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, лісце якіх размешчана ў напрамку ПнПд. Лісце К.р. у поўдзень паварочваецца рабром да сонечнага святла. Інтэнсіўнасць фотасінтэзу пры гэтым не зніжаецца, але расліны пазбягаюць празмернага выпарэння вады і перагравання. Звычайна трапляюцца ў стэпах, паўпустынях і інш. месцах з моцнай інсаляцыяй. Напр., у Аўстраліі — эўкаліпты, у Паўн. Амерыцы — сільфіум. На Беларусі ў агародах, на пустках і ў садах расце салата компасная (Lactuca serriola) — двухгадовая расліна сям. складанакветных выш. 60—120 см з бледна-жоўтымі кветкавымі кошыкамі і лісцем, павернутым рабром да сонца.

т. 8, с. 398

КО́МПЛЕКС (ад лац. complexus сувязь, спалучэнне) ў псіхалогіі, злучэнне асобных псіхічных працэсаў у цэлае, якое адрозніваецца ад сумы сваіх элементаў. У такім сэнсе паняцце К. выкарыстоўвалі прадстаўнікі розных псіхал. канцэпцый і тэорый. Яго сутнасць спецыфічна тлумачылася ў псіхааналізе З.​Фрэйда, які разглядаў К. як групу разнародных псіхічных працэсаў, аб’яднаных адзіным моцным эмацыянальным перажываннем — афектам. Фрэйд вылучаў т.зв. К. Эдыпа, які ўзнікае ў раннім дзяцінстве і праяўляецца ў непрыхільных адносінах дзіцяці да аднаго з бацькоў свайго полу і эратычнай прыхільнасці да другога процілеглага полу. У індывідуальнай псіхалогіі А.​Адлера выкарыстоўваліся паняцці «К. непаўнацэннасці» (глыбокае ўсёпаглынальнае пачуццё ўласнай фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці ў параўнанні з інш. людзьмі) і «К. перавагі» (тэндэнцыя перабольшваць сваю асабістую значнасць). К.​Г.​Юнг у сваёй аналітычнай псіхалогіі лічыў К. своеасаблівым цэнтрам душэўнага жыцця кожнага чалавека, адносна аўтаномным псіхічным утварэннем, якое складаецца з разнастайных (найчасцей неўсвядомленых) эмоцый, пачуццяў і значна ўплывае на свядомасць і дзейнасць людзей. Нярэдка К. выклікаюць разнастайныя адхіленні ў паводзінах чалавека, што праяўляецца ў памылковых дзеяннях, у неўратычных рэакцыях, неадчэпных ідэях і інш.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 8, с. 398

КО́МПЛЕКСНАГА ВЫКАРЫСТА́ННЯ ВО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ НДІ Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1961 у Мінску. Да 1991 — галаўная арг-цыя па праблемах выкарыстання водных рэсурсаў у СССР. З 1992 — галаўная арг-цыя па рацыянальным выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў на Беларусі. Асн. кірункі навук. дзейнасці: комплексная ацэнка стану і прагноз змянення водных рэсурсаў у звычайных ўмовах і парушаных у выніку гасп. дзейнасці; ацэнка ўплыву забору падземных і паверхневых вод на экалагічны стан прылеглых тэрыторый; распрацоўка мерапрыемстваў па ахове водных рэсурсаў ад іх вычарпання і забруджвання; гідраэкалагічнае абследаванне гасп. аб’ектаў, экспертыза тэхналогій і праектаў, якія здольны аказваць уплыў на стан водных аб’ектаў; распрацоўка праграмнага забеспячэння, геаінфарм. тэхналогій, мадэліраванне; вядзенне дзярж. воднага кадастру і маніторынгу; экалагічная сертыфікацыя, аўдыт і менеджмент у галіне выкарыстання і аховы водных рэсурсаў і інш.

М.​М.​Чарапанскі.

т. 8, с. 398

КО́МПЛЕКСНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

каардынацыйныя злучэнні, злучэнні, якія маюць катыённы, аніённы або нейтральны комплекс, што складаецца з цэнтр. атама ці іона (комплексаўтваральніка) і злучаных з ім атамаў, іонаў ці малекул — лігандаў. Колькасць атамаў, непасрэдна злучаных з комплексаўтваральнікам — каардынацыйны лік — звычайна перавышае велічыню яго спінавай валентнасці. Узаемадзеянне паміж цэнтр. атамам і лігандамі бывае донарна-акцэптарнае (гл. Каардынацыйная сувязь), іон-іоннае ці іон-дыпольнае. Комплексаўтварэнне найб. характэрна для пераходных металаў.

Комплексы бываюць электранейтральныя (напр., карбанілы металаў, у якіх нейтральныя атамы металаў злучаны з атамамі вугляроду карбанільных груп) ці ўяўляюць сабой дадатна або адмоўна зараджаныя іоны, напр., комплексны катыён [Cu(NH3)4]​2+; комплексны аніён [Fe(CN)6]​3-. У састаў К.з. комплексныя іоны ўваходзяць разам з процііонамі, напр., [Cu(NH3)4]Cl2 хларыд тэтраамін медзі (II); K3[Fe(CN)6] гексацыянаферат (III) калію. У жывых арганізмах К.з. прысутнічаюць у выглядзе вітамінаў, ферментаў — комплексаў металаў (жалеза, медзі, магнію, марганцу, кобальту, малібдэну) з бялкамі.

Літ.:

Берсукер И.Б. Электронное строение и свойства координационных соединений. 3 изд. Л., 1986;

Костромина Н.А., Кумок В.Н., Скорик Н.А. Химия координационных соединений. М., 1990.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 398

КО́МПЛЕКСНЫЯ КА́РТЫ,

паказваюць некалькі ўзаемазвязаных з’яў (або ўласцівасцей адной з’явы), але кожную асобна (ва ўласных паказчыках). Да іх адносяцца, напр., тапаграфічныя карты, сінаптычныя карты.

т. 8, с. 398