Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕЧ НАГРАВА́ЛЬНАЯ,

гл. Награвальная печ.

т. 12, с. 342

ПЕША́ВА́Р,

горад на Пн Пакістана, на р. Бара (прыток р. Кабул), каля Хайберскага перавалу. Адм. цэнтр Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі. Каля 1 млн. ж. (1999). Важны трансп. пункт на шашы, якая вядзе ў Афганістан. Чыг. станцыя, аэрапорт. Гандлёвы цэнтр с.-г. раёна. Тэкст., металаапр., харч. прам-сць. Рамёствы. 2 ун-ты. Музей. Культ. цэнтр пуштунаў (афганцаў).

Засн. ў 1-м тыс. да н.э. пад назвай Пурушапура. З 1 ст. н.э. сталіца Кушанскай дзяржавы, важны цэнтр будыйскай культуры. На мяжы 5—6 ст. зруйнаваны эфталітамі. Да 16 ст. не меў вял. значэння. Пры Вялікіх Маголах важны гандл. і стратэгічны пункт, атрымаў назву П. У 1738—47 пад уладай іран. шаха Надзір-шаха Афшара. У 1747—1818 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 1818—23 сталіца Пешаварскага княства, пазней увайшоў у дзяржаву сікхаў. У 1849 захоплены брыт. войскамі, з 1901 адм. ц. Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Брыт. Індыі. Жыхары П. ўдзельнічалі ў антыбрыт. паўстаннях (самае буйное ў 1930). У 1947—55 і пасля 1970 П. — адм. ц. Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Пакістана.

т. 12, с. 343

ПЕ́ШКА ((Peszka) Юзаф) (19.2.1767, г. Кракаў, Польшча — 4.9.1831),

польскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Расіі. Вучыўся ў Д.​Эстрэйхера ў Кракаве і з 1786 у Ф.Смуглевіча ў Варшаве. Магістр прыгожых мастацтваў (пасля 1810). У 1793—1812 жыў у Гродне, Мінску, Вільні, Маскве, Пецярбургу; часта наведваў Магілёў, Віцебск, Нясвіж, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на і в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. З 1812 у Кракаве, з 1815 праф. жывапісу і малюнка ў Школе прыгожых мастацтваў. Удзельнічаў у афармленні Міхайлаўскага палаца ў Пецярбургу (каля 1800—07). Аўтар алегарычных і гіст. кампазіцый: «Пастрыжэнне Мечыслава I», «Устанаўленне пагранічных слупоў Мечыславам I», «Баляслаў Крывавусты нападае на памораў», «Смерць Баляслава Крывавустага», «Арыстыд піша сам сабе загад на выгнанне», «Перамога Сабескага пад Венай», «Хрыстос перад Пілатам», «Называнне Кракава вольным горадам», «Напалеон на кані». Пісаў партрэты (А.​Чартарыйскага, К.​Сапегі, С.​Солтана, І.​Закрэўскага, сям’і Манюшкаў, аўтапартрэт), пейзажы, у т. л. серыі відаў Мінска, Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Навагрудка, Ліды і інш. Дакладнасць перадачы дэталяў адзення, арх. элементаў і інш. робіць творы П. каштоўнымі гіст. крыніцамі.

Літ.:

Чантурыя Ю.У. Акварэлі Іосіфа Пешкі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 4;

Усава Н. Беларускія вандроўкі Юзафа Пешкі // Наша вера. 1999. № 1.

Ю.Пешка.

т. 12, с. 343

ПЕ́ШКУР (Іван Іванавіч) (21.12.1921, в. Вострава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 12.10.1980),

бел. мастак тэатра, жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1939). У 1944—57, 1970—80 мастак Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1957—70 у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (з 1962 гал. мастак). Аформіў спектаклі «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні (1953), «Русалка» А.​Даргамыжскага (1955), «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага (1956), «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.​Козела, «За лясамі дрымучымі» А.​Вольскага і П.​Макаля, «Не верце цішыні» І.​Шамякіна (абодва 1958), «Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона (1964), «Чырвоная шапачка» Я.​Шварца (1967), «Мядовы месяц» К.​Губарэвіча (1970) і інш. Сярод жывапісных работ «Бярозы» (1960), «Крыжоўка» (1971), «Заслаўе», «Курган Славы» (абедзве 1972), «Рака Вяча» (1973), «Зімовыя далі» (1974) і інш.

т. 12, с. 343

ПЕ́ШЧАНКА (Андрэй Сямёнавіч) (н. 6.12.1921, г. Віцебск),

Герой Сав. Саюза (1946): Скончыў Віцебскі аэраклуб (1941), Чарнігаўскую ваен. авіяшколу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 1-м і 2-м Укр. франтах. Удзельнік вызвалення Украіны, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Камандзір звяна штурмавога авіяпалка лейт. П. зрабіў 150 баявых вылетаў. Да 1962 у Сав. Арміі, да 1991 на гасп. рабоце.

А.С.Пешчанка.

т. 12, с. 343

ПЁЛЬЦЫГ ((Poelzig) Ганс) (30.4.1869, Берлін — 14.6.1936),

нямецкі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Берліне (1888—93). Выкладаў у АМ у г. Вроцлаў (Польшча; 1900—16, з 1903 дырэктар), Вышэйшых тэхн. школах у Дрэздэне (1916—20) і Берліне (з 1924). Пачынаў як паслядоўнік П.Берэнса (адм. будынак у Вроцлаве, 1911). У 1910-я г. перайшоў да рамант., часам экспрэсіяністычнай трактоўкі канструкцый, свабодных аб’ёмна-прасторавых кампазіцый, нечаканых дэкар. вырашэнняў інтэр’ераў (напр., у выглядзе сталактытаў у Вял. т-ры, шматступеньчатай столі — у кінатэатры «Капітоль» у Берліне). У 1920-я г. звярнуўся да манументалізацыі форм (будынак кіраўніцтва фірмы «І.​Г.​Фарбеніндустры» ў Франкфурце-на-Майне). У 1932 стварыў праект Палаца Саветаў у Маскве (не ажыццёўлены).

т. 12, с. 344

ПЁПЕЛЬМАН (Pöppelmann) Матэус Даніэль [3(?).5.1662, г. Герфард, Германія — 17.1.1736], нямецкі архітэктар, прадстаўнік позняга барока і ракако. З 1686 працаваў у Дрэздэне: палацавы ансамбль Цвінгер (1711—22), у прадмесці горада стварыў «Вадзяны палац» у парку Пільніц (1720), перабудаваў паляўнічы замак Морыцбург (1722—30). Пасля смерці П. паводле яго праекта пабудаваны Гродзенскі Новы замак (1734—51).

Д.Пёпельман. Палацавы комплекс Цвінгер у Дрэздэне (Германія).

т. 12, с. 344

ПЁРЛ-ХА́РБАР, Пірл-Харбар (Pearl Harbor),

галоўная ваенна-марская база (ВМБ) ЗША у бухце на паўд. беразе в-ва Ааху (Гавайскія астравы). У 1887 порт перададзены ЗША уладаром Гаваяў; пасля анексіі Гаваяў ЗША у 1898 ператвораны ў ваен. базу. У час 2-й сусв. вайны 1939—45 на П.-Х. размяшчаліся гал. сілы Ціхаакіянскага флоту ЗША. Раптоўным нападам на ВМБ 7.12.1941 без абвяшчэння вайны Японія пачала баявыя дзеянні на Ціхім акіяне (гл. Ціхаакіянскія кампаніі 1941—45). Самалёты з 6 яп. авіяносцаў 2 эшалонамі з розных напрамкаў на працягу 2 гадз нанеслі шэраг паслядоўных удараў па амер. караблях, аэрадромах і берагавых батарэях. У выніку ЗША страцілі 15 буйных караблёў (у т. л. патоплена і пашкоджана 8 лінкораў), шмат малых суднаў, 272 самалёты, 3400 чал. забітымі і параненымі. Страты японцаў склалі 29 самалётаў, 5 падводных лодак і 60 чал. Аднак гал. мэта нечаканага нападу — паралізаваць амер. флот — не была дасягнута. 8.12.1941 ЗША і Вялікабрытанія аб’явілі вайну Японіі. 2-я сусв. вайна ахапіла акваторыю Ціхага акіяна.

Літ.:

Что произошло в Пирл-Харборе: Док.: Пер. с англ. М., 1961;

Бунич И.Л. Второй Перл-Харбор;

Лорд У. День позора. СПб., 1999;

Медведь А. Удар по Жемчужной гавани // Крылья Родины. 1992. № 1.

Амерыканскія караблі пасля налёту японскай авіяцыі на Пёрл-Харбар. Снежань 1941.

т. 12, с. 344

ПЁРСЕЛ ((Purcell) Генры) (каля 1659, Лондан — 21.11.1695),

англійскі кампазітар. Быў прыдворным музыкантам у Лондане. Аўтар першай нац. англ. оперы «Дыдона і Эней» (1689, паводле «Энеіды» Вергілія), у якой спалучэнне традыцый англ. рэаліст. т-ра, жанру масак, нац. паэзіі, англ. і шатл. нар. песні і танца, быт. інстр. музыкі. Сярод інш. твораў: «паўоперы» (драм. п’есы з муз. нумарамі) «Кароль Артур» (1691), «Каралева фей» (1692, паводле камедыі «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), «Бура» (паводле аднайм. трагікамедыі Шэкспіра), «Каралева індзейцаў» (абедзве 1695), адна- і шматгалосыя песні (каля 100), харавыя (у т. л. культавыя) і інстр. творы (струнныя фантазіі, трыо-санаты, п’есы для клавесіна і аргана), музыка да тэатр. пастановак (каля 50).

Літ.:

Конен В. Пёрселл и опера. М., 1978;

Уэстреп Дж. Г.​Пёрселл: Пер. с англ. Л., 1980.

Г.Пёрсел.

т. 12, с. 344

ПЁРСЕЛ ((Purcell) Эдуард Мілс) (30.8.1912, г. Тэйларвіл, ЗША — 7.3.1997),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1951), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1950). Скончыў Перд’ю ун-т (1933). У 1938—40 і з 1946 у Гарвардскім ун-це (з 1949 праф.). Навук. працы па атамнай, малекулярнай і ядз. фізіцы, біяфізіцы, астрафізіцы. Адкрыў ядзерны магнітны рэзананс (1946; незалежна ад Ф.Блоха). Прапанаваў тэорыю ядз. магн. рэлаксацыі (1948; разам з Н.​Бломбергенам, Р.​Паўндам). Выявіў выпрамяненне нейтральнага міжзоркавага вадароду на даўж. хвалі 21 см (1951). Нобелеўская прэмія 1952 (разам з Блохам).

Тв.:

Рус. пер. — Электричество и магнетизм. 2 изд. М., 1975.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Пёрсел.

т. 12, с. 344