Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЁРЫШКІН (Рыгор Андрэевіч) (6.2.1898, г. Новачаркаск, Расія — 30.10.1990),

бел. вучоны ў галіне гідратэхн. будаўніцтва. Чл.-кар. АН Беларусі (1959), праф. (1954). Скончыў Данскі (у г. Новачаркаск) політэхн. ін-т (1922). З 1922 займаўся праектаваннем і буд-вам гідратэхн. збудаванняў (Волга-Данскі канал, Цымлянскі гідравузел і інш.). У 1953—65 заг. кафедры гідратэхн. будаўніцтва Бел. політэхн. ін-та. Адначасова ў 1960—63 дырэктар Ін-та водных праблем АН Беларусі. Працы па даследаванні збудаванняў гідравузлоў, па разліку і канструяванні буйных гідратэхн. збудаванняў.

Тв.:

Гидротехническое строительство в БССР (разам з Ф.​П.​Вінакуравым, С.​П.​Міхайлавым) // Сб. науч. работ Ин-та стр-ва и архитектуры АН БССР. Мн., 1958. Вып. 2;

Определение высоты прыжка воды в русле с переменным уклоном дна (разам з В.​А.​Хавічам) // Докл. АН БССР. 1968. Т. 12, № 6.

Р.А.Пёрышкін.

т. 12, с. 344

Пёрышкіна Наталія Рыгораўна

т. 18, кн. 1, с. 440

ПЁТР,

старажытнарускі архітэктар. Будаўнік Георгіеўскага сабора (пачаты ў 1119) Юр’ева манастыра ў г. Ноўгарад. Яму прыпісваюцца таксама інш. саборы горада — Мікола-Дварышчанскі (закладзены ў 1113) і Раства Багародзіцы ў Антоніевым манастыры (закладзены ў 1117).

т. 12, с. 345

ПЁТРКАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Piotrkowskie),

былая адм.-тэр. адзінка ў цэнтр. частцы Польшчы. З 1999 у складзе Лодзінскага ваяводства.

т. 12, с. 346

ПЁТРКАЎСКІ СТАТУ́Т 1496,

пастановы на карысць шляхты, прынятыя сеймам Польшчы ў г. Пётркаў-Трыбунальскі. Заканадаўча аформіў прымацаванне польскіх сялян да зямлі, пазбавіў мяшчан права валодаць шляхецкай зямлёй (гэта значыць і магчымасці пераходзіць у шляхецтва), вызваліў шляхту ад пошлін на ўвоз замежных тавараў і вываз с.-г. прадукцыі, даў ёй выключнае права вытв-сці і продажу спіртных напіткаў (т.зв. права прапінацыі). П.с. нанёс эканам. ўдар па польскіх гарадах.

т. 12, с. 346

ПЁТРКАЎ-ТРЫБУНА́ЛЬСКІ (Piotrków Trybunalski),

горад у цэнтр. частцы Польшчы, у Лодзінскім ваяводстве. Вядомы з 1217. Каля 100 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: шкляная (1-е месца ў краіне), маш.-буд. (горныя, шкларобчыя, дарожныя машыны), харч. (малочная, мукамольная, піваварная, па перапрацоўцы агародніны), дрэваапр., буд. матэрыялаў, швейная, папяровая. Філіял Лодзінскага ун-та. Музеі. Арх. помнікі 14—18 ст.: каралеўскі замак (1511—19), касцёлы, кляштары, капліцы.

т. 12, с. 346

ПЁТР З ГАНЁНДЗА (Пётр Гезка з Ганёндза; паміж 1525—30, мяст. Гонёндз Падляскага ваяв., Польшча — 15.9.1573),

ідэолаг левай, сялянска-плебейскай плыні Рэфармацыі на Беларусі і ў Літве, антытрынітарый. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1551), удасканальваў веды ў Італіі, Швейцарыі. У 1554 праф. сафістыкі ў Падуанскім ун-це. Паслядоўнік рэліг.-філас. вучэння ісп. вучонага М.​Сервета і сац.-паліт. ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Адмаўляў царк.-тэалагічную і філас. схаластычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасці, сац. няроўнасці, войнаў, феад. права, свецкай улады, пакарання смерцю. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах, палемізаваў з С.Будным. Выдаў на лац. мове творы «Супраць боскасці Ісуса Хрыста» (1557), «Аб першахрысціянскай царкве» (1563?; не зберагліся), на польскай мове «Пра трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысціянскае хрышчэнне» (усе каля 1570). Яго паслядоўнікі Павел з Візны, Якуб з Калінаўкі, М.​Чаховіц.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;

Падокшын С.А., Сокал С.Ф. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд. Мн., 2000.

С.​А.​Падокшын.

т. 12, с. 345

ПЁТР З ДУ́СБУРГА (Petrus de Dusburg),

храніст канца 13 — пач. 14 ст., святар Тэўтонскага ордэна. Паходзіў з ням. г. Дуйсбург або галандскага г. Дусбург. Падрабязнасці жыцця і дзейнасці не захаваліся. Магчыма, быў набліжаным да вял. магістра ордэна Вернера фон Орзельна, якому прысвяціў «Хроніку зямлі Прускай» на лац. мове. «Хроніка» ахоплівае падзеі ад заснавання ордэна ў Палесціне ў 1190 і да 1326, асаблівая ўвага аддадзена падзеям канца 13 — пач. 14 ст., сучаснікам якіх быў аўтар. Ёсць дапаўненні за 1326—30, аўтарам якіх, верагодна, быў таксама Пётр. «Хроніка» змяшчае багаты і часта унікальны матэрыял пра войны ордэна з зах.-балцкімі плямёнамі, Літвой, Польшчай, пра напады рыцараў на Гародна і Новагародак («Крывіцкую зямлю»), пра ваен. дзейнасць Давыда Гарадзенскага.

Тв.:

Рус. пер. — Хроника земли Прусской. М., 1997.

т. 12, с. 346

ПЁТР ПЕТРЭ́Й ДЭ ЭРЛЕЗУ́НДА, Персан Пер (лац. Petrus Petrejus, швед. Peer Persson; 1577, г. Упсала, Швецыя — 1622),

шведскі дыпламат і гісторык. З 1595 на дзярж. службе. У 1605—11 тройчы наведваў Рас. дзяржаву. У 1614 пачаў працу па гісторыі Расіі ад стараж. часоў да 1612 (выд. ў 1615 у Стакгольме на швед. мове), пасля давёў яе да 1617 (выд. ў 1620 у Лейпцыгу на ням. мове). Значная ч. яго працы прысвечана адносінам паміж Расіяй і ВКЛ у 16 — пач. 17 ст. Назву Белая Русь ён выводзіў ад адзення жыхароў: «Адна мясціна ў гэтай краіне называецца Беларуссю, таму што там мужчыны ўлетку носяць на галовах белыя шапкі, а жанчыны фарбуюць і падводзяць сабе твар бяліламі...». У яго працы шмат некрытычных запазычанняў з сачыненняў З.​Герберштэйна, А.​Гваньіні і асабліва з хронікі Бусава, аднак шмат і самастойных назіранняў.

т. 12, с. 346

ПЁТР ЯЎСЕ́ЕВІЧ з Галынца,

бел. іканапісец 17 ст. Прадстаўнік беларускай іканапіснай школы. Нарадзіўся ў в. Галынец Магілёўскага р-на. Аўтар абраза «Нараджэнне Маці Божай» (1649), які вызначаецца жанравай трактоўкай рэлігійна-кананічнага сюжэта.

Пётр Яўсеевіч. Нараджэнне Маці Божай 1649.

т. 12, с. 346