Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЁТР I Аляксеевіч

(9.6.1672, Масква — 8.2.1725),

расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.​К.​Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.​І.​Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр. фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн. спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас. войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каля в. Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.

Літ.:

Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;

Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;

Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ. Т. 1—3. Смоленск, 1996.

Расійскі імператар Пётр I.

т. 12, с. 345

ПЁТР II Аляксеевіч

(23.10.1715, С.-Пецярбург — 29.1.1730),

расійскі імператар [1727—30]. З дынастыі Раманавых. Сын царэвіча Аляксея Пятровіча і прынцэсы Соф’і Шарлоты Бланкенбургскай, унук Пятра I. Пасля ўступлення на прастол (май 1727) афіц. абвешчаны паўналетнім, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках А.Д.Меншыкава, а пасля яго ссылкі (вер. 1727) — групоўкі старой маскоўскай знаці (князі Далгарукія, Галіцыны і інш.), пад уплывам якой П. II абвясціў сябе праціўнікам пераўтварэнняў Пятра I. Ліквідаваліся створаныя Пятром I установы, імператарскі двор пераехаў у Маскву, дзе П. II памёр ад воспы. З яго смерцю спынілася дынастыя Раманавых па мужчынскай лініі.

т. 12, с. 345

ПЁТР III Фёдаравіч

(сапр. Карл Пётр Ульрых Гальштэйн-Гаторпскі; 21.2.1728, г. Кіль, Германія — 18.7.1762),

расійскі імператар [студз.—ліп. 1762]. Першы прадстаўнік гальштэйн-гаторпскай лініі (1762—1917) дынастыі Раманавых. Сын гальштэйн-гаторпскага герцага Карла Фрыдрыха і Ганны Пятроўны, дачкі Пятра I. У 1742 рас. імператрыца Лізавета Пятроўна абвясціла яго сваім наследнікам. Пасля ўступлення на прастол П. III, як прыхільнік Прусіі, спыніў ваен. дзеянні супраць яе ў Сямігадовай вайне 1756—63, чым выклікаў незадаволенасць у патрыятычна настроеных колах грамадства. Санкцыянаваў шэраг важных мерапрыемстваў. распрацаваных набліжанай да яго прыдворнай групоўкай (А.​І.​Глебаў, М.​І.​Варанцоў, Дз.​В.​Волкаў і інш.): Маніфест аб вольнасці дваранства 1762, скасаванне Тайнай канцылярыі і інш. Падрыхтоўка да секулярызацыі манастырскіх маёнткаў, большая верацярпімасць да прыхільнікаў расколу і пратэстантаў, закрыццё хатніх цэркваў і інш. перамены выклікалі незадаволенасць правасл. духавенства. Малаадукаваны, няздольны да кіравання, П. III насаджаў у арміі прускія парадкі. Незадаволеная гэтым і антынац. знешняй палітыкай імператара гвардыя ўзвяла (9.7.1762) на прастол яго жонку Кацярыну II. П. III быў арыштаваны і неўзабаве забіты гвардз. афіцэрамі. Дварцовы пераварот спарадзіў у народзе неабгрунтаваныя чуткі быццам П. III скінуты дваранамі за намер вызваліць сялян ад прыгону (як «вызваліў» дваран). Пад імем П. III выступалі многія самазванцы, у т. л. Е.І.Пугачоў.

т. 12, с. 345

ПЁТР I ПЕ́ТРАВІЧ НЕ́ГАШ (1747, Негушы, Чарнагорыя — 18.10.1830),

уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1781—1830]. З дынастыі Негашаў. Вучыўся ў Расіі (1762—66). З 1766 архімандрыт, з 1781 мітрапаліт. Кіраваў барацьбой чарнагорцаў супраць тур. панавання, дамогся (1796) фактычнай незалежнасці Чарнагорыі ад Турцыі. Выступаў за ўмацаванне цэнтр. ўлады, выдаў збор законаў «Законнік» (1798). У знешняй палітыцы прытрымліваўся прарас. арыентацыі. Узначальваў атрады чарнагорцаў, якія сумесна з рас. экспедыцыйнымі сіламі змагаліся супраць франц. войск, што ў 1805 акупіравалі Далмацыю. У час першага сербскага паўстання 1804—13 падтрымліваў сувязь з Карагеоргіем, імкнуўся аб’яднаць сілы чарнагорцаў і сербаў.

т. 12, с. 345

ПЁТУХ Павел, бел. хормайстар 2-й пал. 18 ст. Працаваў у Магілёве ў епіскапа Г.​Каніскага, з 1781 у Шклоўскім т-ры С.​Г.​Зорыча, дзе навучаў прыгонных спевакоў.

т. 12, с. 346

ПЗС-МАТРЫЦА,

святлоадчувальная інтэгральная схема, у аснову работы якой закладзены прынцып захоўвання лакалізаванага эл. зараду; цвердацельны аналаг перадавальных тэлевізійных трубак.

Асн. элемент — паўправадніковая прылада з зарадавай сувяззю (ПЗС, адсюль назва). Калі матрыца з такіх прылад, размешчаных на 1 крышталі паўправадніка, знаходзіцца ў факальнай плоскасці аб’ектыва, то ў кожнай ячэйцы матрыцы збярэцца зарад, які адпавядае асветленасці ў дадзеным пункце, і відарыс будзе «запісаны» ў выглядзе такіх зарадавых пакетаў. У канцы кожнага радка размяшчаецца счытвальнае прыстасаванне і ўзмацняльнік. Калі падаваць на электроды ПЗС-м. тактавыя імпульсы, якія забяспечваюць перадачу зарадавых пакетаў выхадной прыладзе, з выхаднога ўзмацняльніка здымецца паслядоўнасць імпульсаў, адпаведных зыходнаму відарысу.

т. 12, с. 346

ПІ, лік π,

лік, роўны адносінам даўжыні акружнасці да яе дыяметра; бясконцы дзесятковы дроб, роўны 3,1415926...; адзін з трансцэндэнтных лікаў. Абазначэнне агульнапрынятае з 1736 пасля працы Л.Эйлера.

Да ліку П. прыводзіць адшуканне лімітаў некат. арыфм. паслядоўнасцей і шэрагаў. Адна з формул вылічэння П. — формула раскладання функцыі arctg х у ступеневы шэраг. Набліжанае значэнне П. з дапамогай рацыянальных лікаў спрабавалі знайсці ў старажытнасці, напр. Архімед (3 ст. да н.э.) вызначыў, што 223/71 < π < 22/7. Значэнне π = 355/113 = 3,1415929... вылічыў кіт. матэматык Цзу Чун-чжы (5 ст.); у Еўропе гэтае ж значэнне знойдзена ў 16 ст. Пры выкарыстанні ЭВМ разлічана больш за тысячу дзесятковых знакаў ліку П.

т. 12, с. 346

ПІ́ВА,

слабаалкагольны пеністы напітак з хмелевай гаркавасцю, які вырабляюць шляхам спіртавога браджэння піўнога сусла. Асн. сыравіна — ячменны піваварны солад (светлы, цёмны, карамельны, палены і інш.), хмель, вада, дрожджы. Для некат. гатункаў П. солад часткова замяняюць рысавай, кукурузнай ці ячменнай мукой, цукрам. П. мае ў сабе 5—7% алкаголю, 0,3—0,4% вуглекіслаты, 4—10% лёгказасваяльных вугляводаў, амінакіслоты, вітаміны, дубільныя і мінер. рэчывы і інш. Вызначаецца высокай каларыйнасцю (100 г — 1470—1890 кДж).

Асн. этапы піваварэння: прыгатаванне соладу, атрыманне піўнога сусла, браджэнне і выспяванне сусла, фільтраванне і разліў П. Для атрымання соладу ячмень замочваюць і прарошчваюць, у зернях адбываюцца складаныя біяхім. працэсы, узмацняецца ферментатыўная актыўнасць, утвараюцца прадукты гідролізу бялкоў, крухмалу, назапашваюцца араматычныя і смакавыя рэчывы. Зялёны солад высушваюць (у залежнасці ад т-ры і працягласці сушкі атрымліваюць цёмны ці светлы солад) і адбіваюць расткі. Гатовы сухі солад мае салодкі смак і характэрны пах. Для атрымання экстракту (піўнога сусла) солад здрабняюць, заціраюць з вадой, фільтруюць, вараць з хмелем, асвятляюць, астуджваюць. Піўное сусла зброджваюць спец. расамі дражджэй у брадзільных чанах 7—8 дзён. Даброджванне (вытрымка) зялёнага піва адбываецца ў зачыненых чанах пад ціскам вуглякіслага газу ў 0,5—0,7 атм, пры т-ры 0—2 °C 11—100 дзён. Гатовае П. фільтруюць і разліваюць.

Светлае П. вырабляюць з светлага соладу, яно мае пэўныя хмелевыя гаркавасць і пах. Цёмнае П. гатуюць з цёмнага соладу, для яго характэрна сярэдняя хмелевая гаркавасць і соладавы смак. На Беларусі вырабляюць светлыя гатункі П. («Лёгкае», «Крыніца», «Люкс», «Лідскае», «Народнае», «Світанак» і інш.) і цёмныя («Леў», «Портэр», «Спадчына», «Старажытнае», «Траецкае», «Чорны прынц» і інш.) Гл. таксама Піваварная прамысловасць.

Н.​М.​Котава.

т. 12, с. 346

ПІВАВА́РАЎ (Зяма Раманавіч) (Залман Рувімавіч; 5.6.1910, г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),

бел. паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). З 1929 працаваў у Ленінградзе. З 1934 у газ. «Чырвоная змена». У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Лірыка двух нараджэнняў» (1934), у якім услаўленне працоўнага гераізму народа. Выступаў як тэатральны рэцэнзент. Перакладаў на бел. мову паасобныя творы А.​Пушкіна, З.​Аксельрода і інш.

т. 12, с. 347

ПІВАВА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па вырабе піва. На Беларусі старэйшыя прадпрыемствы П.п. — «Аліварыя» (былы з-д братоў Лекерт, 1864), піўзаводы ў Лідзе (1876), Мазыры (1885). 16 прадпрыемстваў П.п. (1999) уваходзяць у асацыяцыю «Белпіва». Выпускаецца каля 50 гатункаў піва. Найб. прадпрыемствы: акц. т-вы «Аліварыя», «Лідскі піваварны завод», акц. прадпрыемства «Крыніца». Працуюць піўзаводы ў Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Навагрудку, Оршы, Полацку, Рагачове, Рэчыцы, Слуцку і інш., бел.-шведскае прадпрыемства па вытв-сці піва «Залаты егер» у Мазыры. На долю П.п. прыпадае 3% валавой прадукцыі харч. прам-сці, 4,8% прамысл.-вытв. сродкаў. Спажыванне піва — 27 л на чалавека за год. Частка прадукцыі П.п. Беларусі экспартуецца ў Расію.

Найб. развіта П.п. у Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі. Даніі, Чэхіі, ЗША, Японіі і інш. Спажыванне піва на чалавека за год — у Чэхіі 90, у Вялікабрытаніі 103, у Германіі 140 літраў.

П.​І.​Рогач.

Да арт. Піваварная прамысловасць. Вытворчыя ўчасткі Мінскага завода «Аліварыя»; 1 — цыліндра-канічных танкаў; 2 — варачны.
Вытворчасць піва на Беларусі, тыс. дэкалітраў
Вобласці Беларусі Гады
1990 1995 1998
Брэсцкая 2577 1328 1975
Віцебская 4183 1627 2409
Гомельская 5829 2358 4280
Гродзенская 4215 2679 4360
Магілёўская 5545 1055 2897
Мінская 2573 638 1532
Мінск 7907 5496 8585
Усяго 32829 15181 26038

т. 12, с. 347