Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

П’Е́ХА (Эдзіта Станіславаўна) (н. 31.7.1937, г. Нуаэль-су-Лян, Францыя),

расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. СССР (1988). Скончыла пед. ліцэй у Гданьску (Польшча), вучылася ў Ленінградскім ун-це. З 1955 артыстка Ленканцэрта (з 1994 Пецярбург-канцэрт). Першая выканальніца шматлікіх песень В.​Салаўёва-Сядога, А.​Астроўскага, А.​Пятрова, А.​Фельцмана і інш. У рэпертуары таксама франц. і польскія песні. Творчасць адметная лірычнасцю і высакароднасцю выканання. Знялася ў маст. фільмах: «Лёс рэзідэнта», «Непапраўны лгун», «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту».

т. 12, с. 340

ПЕХЛЕВІ́,

дынастыя шахаў (шахіншахаў) Ірана ў 1925—79. Прадстаўнікі Рэза-шах Пехлеві і Мухамед Рэза Пехлеві.

т. 12, с. 340

ПЕЦЕХІЯ́ЛЬНАЯ ЛІХАМА́НКА.

крываплямістая хвароба, неінфекцыйная хвароба коней, буйн. раг. жывёлы, свіней, коз і маладых сабак. Узнікае як алергічная рэакцыя на бактэрыяльную інтаксікацыю ў жывёл, якія перахварэлі кантагіёзнай плеўрапнеўманіяй, фарынгітам, гаймарытам, мытам, мастытам і інш. Развіваецца паступова. Узнікаюць кропкавыя кровазліцці на слізістай абалонцы рота, похвы, носа і на скуры, якія ператвараюцца ў вял. кровападцёкі. Павялічваецца т-ра, зніжаецца апетыт. Пры цяжкім цячэнні хваробы разам з ацёкамі ўзнікаюць язвы і ачагі некрозу. Смяротнасць да 70%.

т. 12, с. 340

ПЕ́ЦЁФІ ((Petöfi) Шандар) (1.1.1823, г. Кішкёрэш, Венгрыя — 31.7.1849),

венгерскі паэт; прадстаўнік рэв. рамантызму. Быў статыстам у т-ры, салдатам, вандроўным акцёрам. Друкаваўся з 1842. У ранняй паэзіі (зб. «Вершы», 1844; паэма-казка «Віцязь Янаш», 1845), прасякнутай фалькл. матывамі, гал. тэмы — прыгажосць роднага краю, багаты духоўны свет людзей. Песімістычна-рамант. настроі ў лірычным цыкле «Хмары» (1845—46), драме «Тыгрыца і гіена» (1845), паэмах «Пішта Сілай», «Шалга», рамане «Катава вяроўка» (усе 1846). Пад уплывам паўстання 1846 у Галіцыі і рэв. падзей у Пешце 1848—49 яго паэзія набыла яскрава рэв.-дэмакр. характар (вершы «Мае песні», «Венгерац я...», «Нацыянальная песня», «На шыбеніцу каралёў!» і інш.). У вершах «Еўропа змоўкла», «Эрдэйская армія», «Мадзьяр пераможа» выказваў упэўненасць у перамозе рэв. ідэалаў. Паэма «Апостал» (1848, поўнасцю апубл. 1874) пра трагічны лёс рэвалюцыянера. На бел. мову яго вершы пераклалі А.​Зарыцкі, Я.​Семяжон, М.​Хведаровіч, апавяданні — Г.​Сапрыка, М.​Татур.

Тв.:

Бел. пер. — Ліра і меч: Выбр. Мн., 1971;

У кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;

У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;

У кн.: Зарыцкі А. У свет па песні: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1978;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. Будапешт, 1973.

Літ.:

Петефи в мировой культуре. М., 1975;

Парнов Е.И. Витязь чести: Повесть о Шандоре Петефи. М., 1982;

Ийеш Д. Шандор Петефи: Пер. с венг. М., 1984.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Ш.Пецёфі.
У.Пеці.

т. 12, с. 340

ПЕ́ЦІ ((Petty) Уільям) (26.5.1623, г. Ромсі, Вялікабрытанія — 16.12.1687),

англійскі эканаміст, адзін з заснавальнікаў класічнай палітэканоміі. Атрымаў мед. адукацыю ва ун-тах Лейдэна, Парыжа, Оксфарда. Д-р фізікі (1649), праф. анатоміі і музыкі (1651). У творах «Трактат аб падатках і зборах» (1662), «Палітычная арыфметыка» (1676), «Некалькі слоў наконт грошай» (1682) і інш. даследаваў унутр. заканамернасці вытв-сці; лічыў крыніцай багацця сферу вытв-сці. Аўтар тэорыі прац. вартасці, на падставе якой аналізаваў праблему заработнай платы, прыбытку, зямельнай рэнты і інш. Лічыў капіталіст. лад натуральным і вечным. Навук. палажэнні яго вучэння атрымалі развіццё ў працах А.Сміта і Д.Рыкарда.

Тв.:

Рус. пер. — Экономические и статистические работы. Т. 1—2. М., 1940.

т. 12, с. 340

ПЕЦО́ЛЬД (Цімафей Максімавіч) (н. 25.10.1934, Мінск),

бел. вучоны ў галіне буд. канструкцый. Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1988). Засл. дз. нав. Беларусі (1992). Скончыў БПІ (1958). З 1972 у БПА (заг. кафедры). Навук. працы па стварэнні канструктыўных сістэм будынкаў і збудаванняў, рэканструкцыі і метадах узмацнення буд. канструкцый.

Тв.:

Армоцементные конструкции. Мн., 1965 (у сааўт.);

Руководство по проектированию, изготовлению и применению железобетонных центрифугированных конструкций кольцевого сечения. М., 1979 (у сааўт.);

Расчет усиления железобетонных конструкций эксплуатируемых строительных сооружений (разам з Дз.​М.​Лазоўскім) // Бетон и железобетон. 1998. № 6.

т. 12, с. 340

ПЕЦЫЦА́ЛЬНЫЯ (Pezizales),

парадак сумчатых грыбоў. Больш за 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных паясах. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя роды: смаржок, страчок, шапачка, гельвела (лопаснік), пецыца, піранема. Сапратрофы. Растуць на глебе, ламаччы, драўніне ў лясах, на вогнішчах. Некат. паразітуюць на раслінах.

Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца на міцэліі сподка- або чашападобнай формы, дыяметрам да 10 см, афарбоўка — ад аранжава-чырв. да цёмна-карычневай. Сумкі цыліндрычныя, маюць пераважна па 8 аднаклетачных карычневых або пурпуровых аскаспор. У гіменіі заўсёды прысутнічаюць парафізы.

т. 12, с. 340

ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Мар’ян Язэпавіч) (24.9.1904, в. Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 13.9.1983),

бел. этнограф. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), аддзяленне этнаграфіі і этналогіі Віленскага ун-та (1938). У Вільні ў 1929—34 быў фактычным рэдактарам час. «Шлях моладзі», з 1930 працаваў у б-цы Ін-та Усх. Еўропы і б-цы імя Урублеўскіх, у 1939—41 дырэктар Бел. музея. У 1949 рэпрэсіраваны. Пасля рэабілітацыі ў 1956—70 супрацоўнік Этнагр. музея ў Торуні (Польшча), дзе стварыў экспазіцыі матэрыяльнай культуры беларусаў. Даследаваў нар. культуру беларусаў, у т. л. бел. насельніцтва Беласточчыны. Аўтар прац «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь, беларус» (1957), «Купалле — у мінулым усенароднае свята», «Аб паходжанні імён» (абедзве 1958), «Прозвішчы» (1959), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Старадаўнія юр’еўскія звычаі ў беларусаў» (1961), «Пахавальныя звычаі» (1965), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968), «Беларускае народнае мастацтва ў Быдгаскім ваяводстве» (1975), «Уклад Казіміра Машынскага ў даследаванне народнай культуры беларусаў» (1976) і інш.

Тв.:

У пошуках зачараваных скарбаў. Вільня, 1998.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 341

ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Уладзімір Генрыхавіч) (н. 1.3.1943, в. Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Бел. ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1969). З 1969 працаваў у буд. арг-цыі ў Мінску, у 1988—2000 у Бел. дзярж. музеі нар. архітэктуры і побыту. Друкуецца з 1975. Яго творы ўвайшлі ў калект. зб-кі «Лагодны промень раніцы» (1988) і «Браслаўшчына азёрная мая» (1998). Паэзія П. адметная лірычнасцю, патрыят. пафасам, паглыбленым роздумам над складанымі праблемамі сучаснасці і гісторыі роднай зямлі. На яго вершы напісана араторыя «Зорка Палын» (кампазітар Дз.​Далгалёў), шматлікія песні (кампазітары М.​Алешка, Далгалёў, Л.​Захлеўны, М.​Пецюкевіч, П.​Яроменка і інш.).

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 341

ПЕЦЯРБУ́РГ,

гл. Санкт-Пецярбург.

т. 12, с. 341