ПЕЦЫЦА́ЛЬНЫЯ (Pezizales),

парадак сумчатых грыбоў. Больш за 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных паясах. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя роды: смаржок, страчок, шапачка, гельвела (лопаснік), пецыца, піранема. Сапратрофы. Растуць на глебе, ламаччы, драўніне ў лясах, на вогнішчах. Некат. паразітуюць на раслінах.

Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца на міцэліі сподка- або чашападобнай формы, дыяметрам да 10 см, афарбоўка — ад аранжава-чырв. да цёмна-карычневай. Сумкі цыліндрычныя, маюць пераважна па 8 аднаклетачных карычневых або пурпуровых аскаспор. У гіменіі заўсёды прысутнічаюць парафізы.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)