ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Мар’ян Язэпавіч) (24.9.1904, в. Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 13.9.1983),

бел. этнограф. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), аддзяленне этнаграфіі і этналогіі Віленскага ун-та (1938). У Вільні ў 1929—34 быў фактычным рэдактарам час. «Шлях моладзі», з 1930 працаваў у б-цы Ін-та Усх. Еўропы і б-цы імя Урублеўскіх, у 1939—41 дырэктар Бел. музея. У 1949 рэпрэсіраваны. Пасля рэабілітацыі ў 1956—70 супрацоўнік Этнагр. музея ў Торуні (Польшча), дзе стварыў экспазіцыі матэрыяльнай культуры беларусаў. Даследаваў нар. культуру беларусаў, у т. л. бел. насельніцтва Беласточчыны. Аўтар прац «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь, беларус» (1957), «Купалле — у мінулым усенароднае свята», «Аб паходжанні імён» (абедзве 1958), «Прозвішчы» (1959), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Старадаўнія юр’еўскія звычаі ў беларусаў» (1961), «Пахавальныя звычаі» (1965), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968), «Беларускае народнае мастацтва ў Быдгаскім ваяводстве» (1975), «Уклад Казіміра Машынскага ў даследаванне народнай культуры беларусаў» (1976) і інш.

Тв.:

У пошуках зачараваных скарбаў. Вільня, 1998.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)