самыя вялікія шыротна-занальныя падраздзяленні геаграфічнай абалонкі. Характарызуюцца асаблівасцямі рэжыму цяпла і вільгаці, цыркуляцыі паветраных мас [гл.Кліматычныя паясы (зоны)], рытмікай біягеахім. і геамарфал. працэсаў, вегетацыі расліннасці, складам глеб, расл. покрыва, жывёльнага свету і інш. Кліматычныя фактары ў межах пояса могуць рэзка адрознівацца, што дазваляе вылучаць унутры кожнага пояса зоны геаграфічныя і падзоны. На канфігурацыю П.г., іх памеры ўплываюць аддаленасць ад акіянаў (вылучаюцца сектары: прыакіянічны, унутрымацерыковы і пераходны паміж імі), рэльеф (вышынная пояснасць), марскія цячэнні. На сушы вылучаюць экватарыяльны пояс, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя паясы, трапічныя паясы, субтрапічныя паясы, умераныя паясы; у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я размяшчаюцца субарктычны пояс і арктычны пояс, у Паўд. паўшар’і — адпаведна субантарктычны пояс і антарктычны пояс. П.г. існуюць і ў Сусветным ак., дзе ім уласціва большая аднароднасць.
ПА-ДЭ-ДЭ (франц. pas de deux літар. танец удваіх),
музычна-танцавальная форма пераважна ў класічным балеце. Першапачаткова — танец 2 выканаўцаў, які дэманстраваў іх майстэрства і грацыёзнасць. Класічная форма пачала складвацца ў эпоху рамантызму і была звязана з паяўленнем новых сцэн. герояў, абмалёўка вобразаў якіх патрабавала больш складанай тэхнікі. У 2-й пал. 19 ст. склалася канчатковая структура — выхад выканаўцаў (антрэ), адажыо (дуэтны танец у павольным тэмпе), варыяцыі (сола) танцоўшчыка і танцоўшчыцы, сумесная кода (заключная частка). Класічныя ўзоры па-дэ-дэ стварылі М.Петыпа («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), у сучасным балеце — В.Вайнонен («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева), І.В.Псота («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева).
ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),
у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.
ПА Д’АКСЬЁН (франц. pas d’action ад pas крок + action дзеянне),
складаная муз.-танц. форма, арганічна звязаная з развіццём балетнага сюжэта; адна з асн. форм дзейснага танца. Раскрывае драм. змест. асобнай балетнай сцэны ці ўсяго балетнага спектакля. У П. д’а. ўдзельнічаюць салісты, карыфеі, кардэбалет. Як сінтэз пантамімы і чыстага танца стаў асновай балетных пастановак Ж.Ж.Навера. У эпоху рамантызму, згодна з працэсамі сімфанізацыі музыкі і ўдасканалення класічнага танца, набываў больш выразную структуру. Паступова склалася форма, якая ўключала выхад (антрэ) усіх удзельнікаў, адажыо салістаў у суправаджэнні карыфеяў і кардэбалета, шматлікіх варыяцый і агульнай коды. Канчатковую форму дзейсны танец набыў у балетах М.Петыпа, дзе ў кульмінац. моманты дзеяння выяўляў патаемныя пачуцці герояў. Сустракаецца і ў сучасных балетах.
адна з форм даўжніковай (кабальнай) залежнасці непасрэдных вытворцаў (пераважна сялян) ад памешчыка або прадпрымальніка. Зарадзілася ў 2-й пал. 16 ст., захавалася як перажытак у асобных краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі і інш.
у старажытнагрэчаскай міфалогіі чароўны (часта крылаты) конь, які нарадзіўся з крыві або з тулава забітай Персеем гаргоны Медузы як плод яе сувязі з Пасейдонам. П. узнёсся на Алімп, дзе прыносіў Зеўсу грамы і маланкі. Паводле другога міфа, багі падаравалі П. герою Белерафонту, а той узляцеў на ім і забіў крылатую пачвару Хімеру, якая спусташала краіну. Ударам капыта П. выбіў на гары Гелікон крыніцу Гіпакрэну (грэч. «конская крыніца»), вада якой надае натхненне паэтам. Адсюль выраз «асядлаць П.» — стаць паэтам.
экватарыяльнае сузор’е неба; адно з самых вялікіх сузор’яў. Найб. яркія зоркі 2,4; 2,4; 2,5; 2,8; 3,0 візуальнай зорнай велічыні; 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. 3 яркія зоркі П. разам з зоркай α Андрамеды ўтвараюць фігуру, падобную на квадрат. Паблізу зоркі λ знаходзіцца радыянт метэорнага патоку Пегасід (назіраецца штогод 19—31 ліп.). На тэр. Беларусі відаць у жн.—кастрычніку. Гл.Зорнае неба.
ПЕГМАТЫ́Т [ад грэч. pēgma (pēgmatos) змацаванне, сувязь],
светлаафарбаваная буйназярністая вывергнутая (пераважна жыльная) горная парода. Найб. пашыраны гранітныя П. кіслага саставу, складзеныя з кварцу, мікракліну, кіслага плагіяклазу і слюд. Характэрны заканамерныя графічныя прарастанні мікракліну кварцам, т. зв. пегматытавая структура, што абумовіла назвы «пісьмовы граніт», «графічны пегматыт», «яўрэйскі камень». Крышталізуецца на заключных стадыях фарміравання інтрузіўных масіваў. Залягае ў выглядзе даек, жыл, лінзаў, гнёздаў, слупоў. З П. звязаны радовішчы рэдказямельных мінералаў, слюды, кварцу, каштоўных камянёў, керамічнай сыравіны.