ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),
у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.
т. 11, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)