ПА-ДЭ-ДЭ (франц. pas de deux літар. танец удваіх),

музычна-танцавальная форма пераважна ў класічным балеце. Першапачаткова — танец 2 выканаўцаў, які дэманстраваў іх майстэрства і грацыёзнасць. Класічная форма пачала складвацца ў эпоху рамантызму і была звязана з паяўленнем новых сцэн. герояў, абмалёўка вобразаў якіх патрабавала больш складанай тэхнікі. У 2-й пал. 19 ст. склалася канчатковая структура — выхад выканаўцаў (антрэ), адажыо (дуэтны танец у павольным тэмпе), варыяцыі (сола) танцоўшчыка і танцоўшчыцы, сумесная кода (заключная частка). Класічныя ўзоры па-дэ-дэ стварылі М.​Петыпа («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), у сучасным балеце — В.​Вайнонен («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), І.​В.​Псота («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева).

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)