Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕ́ДЭРСЕН ((Pedersen) Хольгер) (7.4.1867, Гельбале, каля г. Колінг, Данія — 25.10.1953),

дацкі мовазнавец. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1890), з 1903 праф., у 1914—37 заг. кафедры ў ім. Даследаванні ў галіне індаеўрапеістыкі, параўнальна-гіст. мовазнаўства, параўнальнай фаналогіі і марфалогіі індаеўрап. (кельцкіх, хета-лувійскіх, алб., арм., тахарскіх, славянскіх і інш.), а таксама семіцкіх і фіна-угорскіх моў. Распрацоўваў тэорыю настратычнай роднасці моў (гл. Настратычныя мовы). Аўтар кнігі пра развіццё кампаратывістыкі ў 19 ст.

т. 12, с. 255

ПЕ́ДЭРСЕН ((Pedersen) Чарлз) (3.10.1904, г. Пусан, Рэспубліка Карэя — 26.10.1989),

амерыканскі хімік-арганік. Па паходжанні нарвежац. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1927). У 1927—69 у канцэрне «Дзюпон дэ Немур энд компані». Навук. працы па арган. сінтэзе. Атрымаў (1962) і распрацаваў метады сінтэзу макрагетэрацыклічных злучэнняў, названых ім краўн-эфірамі. Нобелеўская прэмія 1987 (разам з Д.​Дж.Крэмам, Ж.М.Ленам).

Ч.Педэрсен.

т. 12, с. 255

П’ЕДЭСТА́Л (франц. piédestal ад італьян. piedistallo ад piede нага + stallo месца),

пастамент, па-мастацку аформленая аснова, на якой устанаўліваецца твор скульптуры (статуя, група, бюст) або ваза, калона, абеліск і г.д. П. могуць мець розныя формы — геаметрычна правільныя (звычайна з выкарыстаннем арх. ордэрных элементаў, нярэдка ўпрыгожаных скульпт. рэльефам) або адвольныя (напр., П. у выглядзе натуральнага, неапрацаванага каменя).

т. 12, с. 255

ПЕДЭ́ЦІ ((Pedetti) Маўрыцыо) (1719, Караска, каля г. Мілан, Італія — 14.3.1799),

італьянскі архітэктар. У 1748—52 працаваў у Нясвіжы ў кн. Радзівілаў. Пабудаваў капліцу ў двары Нясвіжскага касцёла езуітаў, удзельнічаў у буд-ве невял. палаца «Кансаляцыя» ў Альбінскім палацава-паркавым ансамблі.

т. 12, с. 255

«ПЕЖО́»

(«Peugeot SA.»),

французскі аўтамабільны канцэрн. Спецыялізуецца па вытв-сці легкавых, грузавых і спец. аўтамабіляў, веласіпедаў, матацыклаў, матаролераў, бронетранспарцёраў, дызельных рухавікоў і інш. Засн. ў 1810, прадукцыя веласіпедаў з 1888, аўтамабіляў з 1892. У 1896 А.​Пежо заснаваў акц. т-ва, да 1976 наз. «Пежо атамабіль». У 1976 аб’яднаўся з аўтамаб. кампаніяй «Сітраэн» і да 1980 наз. «Пежо—Сітраэн». У 1978 канцэрн набыў зах.-еўрап. філіялы амер. аўтамаб. кампаніі «Крайслер», у 1980 на базе філіялаў створана аддз. «Атамабіль Тальбо». Штаб-кватэра ў Парыжы. Кантралюе больш за 50% вытв-сці машын у краіне. Мае прадпрыемствы ў 20 краінах.

т. 12, с. 255

«ПЕЖО́»

(«Peugeot»),

сям’я аўтамабіляў аднайменнага аўтамаб. канцэрна. Легкавыя аўтамабілі асабліва малога, малога і сярэдняга класаў маюць рухавік магутнасцю ад 33 да 147 кВт і скорасць руху да 215 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі маюць магутнасць да 81 кВт і поўную масу да 3,5 т (прычэп да 5,1 т).

т. 12, с. 255

П’ЕЗАКВА́РЦ (ад грэч. piezō цісну + кварц),

крышталі кварцу або іх часткі, якія па якасці адпавядаюць патрабаванням радыёэлектроннай прам-сці. Выкарыстоўваецца для стабілізацыі частот эл.-магн. ваганняў у прыёмна-перадатачнай радыёапаратуры, шматканальнай тэлеф. сувязі і інш. У адпаведнасці з тэхн. патрэбамі да П. адносяць крышталі, якія маюць бездэфектныя вобласці (без бачных цвёрдых і газава-вадкіх уключэнняў, трэшчын і інш.) масай не менш як 10 кг пры выхадзе не менш 10% ад масы крышталя. Колер кварцу значэння не мае.

т. 12, с. 255

П’ЕЗАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. piezō цісну + магнетызм),

п’езамагнітны эфект, узнікненне ў рэчыве намагнічанасці пад уздзеяннем знешняга ціску. Адкрыты ў 1959 В.-А.​С.​Баравік-Раманавым. Магчымы толькі ў антыферамагнетыках і прынцыпова немагчымы ў парамагнетыках і дыямагнетыках. Узнікае з прычыны скосу антыферамагн. падрашотак ці адноснай змены значэння іх намагнічанасці. Выяўлены ў фтарыдзе кобальту CoF2, фтарыдзе марганцу MnF2, аксідзе жалеза α-Fe2O3. Намагнічанасць Ji у іх прапарцыянальная прыкладзенаму мех. напружанню σkl : Ji = Λikl∙σkl. П’езамагнітны эфект невялікі — макс. значэнне каэфіцыента Λikl (у CoF2) ~2∙10​−12 Тл∙м²/H. Адваротным адносна П. эфектам з’яўляецца лінейная магнітастрыкцыя — лінейнае змяненне памераў крышталя, прапарцыянальнае прыкладзенаму магн. полю.

т. 12, с. 255

П’ЕЗАЭЛЕ́КТРЫКІ,

гл. П’езаэлектрычныя матэрыялы.

т. 12, с. 255

П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. piezō цісну, + электрычнасць),

сукупнасць з’яў у некаторых дыэлектрычных крышталях, абумоўленых узаемасувяззю паміж іх палярызацыяй (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў) і мех. дэфармацыяй. Пры дэфармацыі прамавугольнай пласцінкі з п’езаэл. крышталя на яе процілеглых гранях узнікаюць эл. зарады рознага знака (прамы п’езаэл. эфект — ПЭЭ) і наадварот — пад уздзеяннем знешняга эл. поля ў пласцінцы ўзнікаюць дэфармацыі расцяжэння, сціскання ці зруху (адваротны ПЭЭ). П. адкрыў у 1817 франц. вучоны Р.​Ж.​Гаюі, даследавалі ў 1880 на крышталях кварцу браты Ж. і П. Кюры.

П. характэрна для анізатропных дыэлектрыкаў з дакладнай крышталічнай структурай, якая не мае цэнтра сіметрыі. Дыэлектрыкі, якім уласціва П., наз. п’езаэлектрыкамі. З іх найб. пашыраны: монакрышталічныя — кварц (п’езакварц), сегнетава соль, п’езакерамічныя — палярызаваныя сегнетаэлектрыкі і інш. п’езаэлектрычныя матэрыялы. ПЭЭ выяўляюцца і ў некаторых высакаомных паўправадніках, якія наз. п’езапаўправаднікамі. Эфекты пераўтварэння эл. энергіі ў пругкую мех. энергію і наадварот выкарыстоўваюць для генерацыі, стабілізацыі частаты і фільтрацыі эл. сігналаў, выпрамянення і прыёму акустычных хваль у розных п’езаэлектронных, акустаэлектронных і інш. прыстасаваннях.

Літ.:

Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989;

Современная кристаллография. Т. 4. М., 1981.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 255