П’ЕЗАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. piezō цісну + магнетызм),
п’езамагнітны эфект, узнікненне ў рэчыве намагнічанасці пад уздзеяннем знешняга ціску. Адкрыты ў 1959 В.-А.С.Баравік-Раманавым. Магчымы толькі ў антыферамагнетыках і прынцыпова немагчымы ў парамагнетыках і дыямагнетыках. Узнікае з прычыны скосу антыферамагн. падрашотак ці адноснай змены значэння іх намагнічанасці. Выяўлены ў фтарыдзе кобальту CoF2, фтарыдзе марганцу MnF2, аксідзе жалеза α-Fe2O3. Намагнічанасць Ji у іх прапарцыянальная прыкладзенаму мех. напружанню σkl : Ji = Λikl∙σkl. П’езамагнітны эфект невялікі — макс. значэнне каэфіцыента Λikl (у CoF2) ~2∙10−12 Тл∙м²/H. Адваротным адносна П. эфектам з’яўляецца лінейная магнітастрыкцыя — лінейнае змяненне памераў крышталя, прапарцыянальнае прыкладзенаму магн. полю.
т. 12, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)