«ГУ́ТАРКА СТАРО́ГА ДЗЕ́ДА»,
ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Напісаны ў пач. 1861. Надрукаваны ў выглядзе агітацыйнай брашуры Б.Шварцэ, А.Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Вядомыя 2 выданні: каб увесці ў зман цэнзуру, на тытуле аднаго пазначана Познань, другога — Парыж. Да аднаго з выданняў прыкладзены бел. верш У.Сыракомлі «Добрыя весці». Публікавалася ў львоўскай газ. «Dziennik literacki» («Літаратурны дзённік». 1861. № 89), распаўсюджвалася ў рукапісах і літаграфічна. Выкрывала царскія парадкі, заклікала бел. сялян падтрымліваць польскі вызв. рух. Складальнікі — шляхецкія рэвалюцыянеры — дапускалі ідэалізацыю мінулага Рэчы Паспалітай, заклікалі да класавага міру ў імя нац. адзінства. У навук. л-ры аўтарам «Гутаркі...» называлі В.Каратынскага, У.Сыракомлю, В.Дуніна-Марцінкевіча.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;
Каратынскі В. Творы. 2 выд. Мн., 1994.
Літ.:
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 136—145;
Революционная Россия и революционная Польша. М., 1967. С. 39—63;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 19—21.
Г.В.Кісялёў.
т. 5, с. 549
«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
С.Х.Александровіч.
т. 5, с. 549
ГУТАРКО́ВАЯ МО́ВА,
жывая вусная мова народа, якая служыць сродкам штодзённага абмену думкамі і характарызуецца вял. адвольнасцю і варыянтнасцю нормаў на фанетычным, арфаэпічным, лексічным, марфал., фразеалагічным і інш. узроўнях. Непасрэдна звязана з канкрэтным спосабам мыслення, у пераважнай большасці з неафіцыйнасцю маўлення, адсутнасцю папярэдняй падрыхтоўкі да размовы і аналізу думкі, з дадатковымі спосабамі перадачы інфармацыі ў вуснай мове — інтанацыяй, мімікай, жэстамі.
Сучасная бел. гутарковая мова выразна праяўляецца ў 3 разнавіднасцях: афіцыйная гутарковая мова — вусная разнавіднасць літаратурнай мовы, якой карыстаюцца на радыё, тэлебачанні, у школе, ін-тах і інш. афіц. установах; штодзённагутарковая мова, якой карыстаюцца ў штодзённым жыцці, прычым пад уплывам гутарковай стыхіі побач з літ. мовай ужываюцца элементы неліт. маўлення (у першую чаргу прастамоўныя, дыялектныя і інш.); народна-дыялектная гутарковая мова, характэрная пераважна сельскаму насельніцтву старэйшага пакалення. Гутарковая мова бел. народа стала асновай бел. нац. літаратурнай мовы.
Літ.:
Каўрус А.А. З крыніц народнай мовы. Мн., 1968.
М.В.Абабурка.
т. 5, с. 549
ГУТАРКО́ВЫ ВЕРШ,
гл. ў арт. Народнае вершаскладанне.
т. 5, с. 549
ГУТА́ЦЫЯ
(ад лац. gutta кропля),
выдзяленне раслінамі лішку кропельнавадкай вады і солей праз вадзяныя вусцейкі — гідатоды. Назіраецца ў многіх, асабліва травяністых раслін, у цёплае і вільготнае надвор’е, калі запаволена транспірацыя (напр., у суніцы, гусялапкі, вербаў, таполяў і інш.).
т. 5, с. 550
ГУТКО́ВІЧ Аляксандр Залманавіч
(20.12.1920, в. Вярхоўе Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1989),
рэжысёр тэлебачання. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1949). Працаваў у бел. т-рах імя Я.Коласа і юнага гледача. З 1959 на Рэсп. студыі тэлебачання. У тэлевізійных пастаноўках, большасць якіх зроблена па творах бел. пісьменнікаў, імкнуўся дэталёва распрацаваць характары персанажаў набліжана да літ. першакрыніцы. З лепшых работ: тэлевізійныя спектаклі «Трэцяе пакаленне» паводле К.Чорнага (1964), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1965, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна (1968); тэлефільмы «Уся каралеўская раць» (1971, з Н.Ардашнікавым), а таксама паводле твораў П.Броўкі, А.Куляшова, В.Адамчыка, І.Пташнікава і інш.
т. 5, с. 550
ГУТКО́ЎСКІ
(Gutkowski) Войцех (16.4.1775, в. Замене Сядлецкага ваяв., Польшча — 1.5.1826),
адзін з першых польскіх сацыялістаў-утапістаў, вучоны-эканаміст. З 1811 чл. Т-ва сяброў навукі, у 1803—04 рэд. штомесячніка «Dziennik Ekonomiczny Zamojski» («Замойскі эканамічны веснік»), у якім прапагандаваў ідэі фізіякратызму. Гал. праца Гуткоўскага — утапічная аповесць «Падарожжа да Калапеі...» (па-польску «Kalop» анаграма слова «polak»; апубл. ўпершыню ў 1956). У ёй спалучаны рацыяналізм асветніцтва з крытыкай ладу, заснаванага на прыватнай уласнасці; шлях да аздараўлення грамадскіх адносін, на думку Гуткоўскага, належала шукаць у поўнай змене існуючага грамадскага ладу, якому ён проціпастаўляў ідэал грамадства, заснаванага на прынцыпах эгалітарызму. Аўтар прац «Эканамічны катэхізіс для сялян...» (1806), «Падлік прыбыткаў, што вынікаюць з усталявання пераўтворанага земляробства» (1825).
т. 5, с. 550
ГУТКО́ЎСКІ
(Gutkowski) Мечыслаў Вітальд (9.7.1893, в. Шумлін Варшаўскага ваяв., Польшча — 17.9.1943),
польскі правазнавец. Праф. Віленскага ун-та (з 1924). Займаўся метадалогіяй фін. навук, да 2-й сусв. вайны адзіны ў Польшчы прадстаўнік гэтай дысцыпліны, погляды якога набліжаліся да марксізму. Аўтар прац «Фінансы гарадоў Каралеўства Польскага ў 1815—1915» (1917) і інш., выдавец і рэдактар зборніка «Працы семінара па фінансах і фінансавым праве, а таксама па статыстыцы» (т. 1—3, 1931—39). Расстраляны гітлераўцамі ў Вільні.
т. 5, с. 550
ГУТКО́ЎСКІ Павел Макаравіч
(25.1.1893, в. Забелы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.10.1962),
бел. графік. Вучыўся ў іканапіснай майстэрні П.Курбатава ў Мінску, Варшаўскай маст. школе. Сярод твораў: партрэты У.І.Леніна (1924), Я.Купалы (1925), А.К.Сержпутоўскага (1929); «Нацюрморт», «Беларускія сяляне» (абодва 1925), «Сыты галоднага не разумее» (1929), ілюстрацыі да кніг «Першыя крокі» Я.Коласа (1925), «Працавітая дзяўчынка» А.Якімовіча (1959) і інш.
Л.Дз.Налівайка.
т. 5, с. 550
ГУТЛЯ́НКА,
Балатнянка, рака ў Кармянскім і Рагачоўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Дняпра. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 378 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Бярозаўка Кармянскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, супясчаная і тарфяністая, шыр. 50—100 м, у верхнім і ніжнім цячэнні забалочаная. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.
т. 5, с. 550