ГУТКО́ЎСКІ

(Gutkowski) Войцех (16.4.1775, в. Замене Сядлецкага ваяв., Польшча — 1.5.1826),

адзін з першых польскіх сацыялістаў-утапістаў, вучоны-эканаміст. З 1811 чл. Т-ва сяброў навукі, у 1803—04 рэд. штомесячніка «Dziennik Ekonomiczny Zamojski» («Замойскі эканамічны веснік»), у якім прапагандаваў ідэі фізіякратызму. Гал. праца Гуткоўскага — утапічная аповесць «Падарожжа да Калапеі...» (па-польску «Kalop» анаграма слова «polak»; апубл. ўпершыню ў 1956). У ёй спалучаны рацыяналізм асветніцтва з крытыкай ладу, заснаванага на прыватнай уласнасці; шлях да аздараўлення грамадскіх адносін, на думку Гуткоўскага, належала шукаць у поўнай змене існуючага грамадскага ладу, якому ён проціпастаўляў ідэал грамадства, заснаванага на прынцыпах эгалітарызму. Аўтар прац «Эканамічны катэхізіс для сялян...» (1806), «Падлік прыбыткаў, што вынікаюць з усталявання пераўтворанага земляробства» (1825).

т. 5, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)