Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАРАДО́КС (ад грэч. paradoxos нечаканы, дзіўны),

з’ява, думка або выказванне, якое рэзка адрозніваецца ад агульнапрынятага ўяўлення. У форме П. могуць быць выказаны сапраўдныя і памылковыя думкі. Лагічны П. — разнавіднасць супярэчнасцей у сістэме лагічных доказаў, якія знешне выглядаюць правільнымі, але прыводзяць да ўзаемна супярэчлівых вывадаў. Семантычны П. абумоўлены неабмежаваным ужываннем некат. лінгвістычных і семантычных паняццяў, напр., «сапраўдны», «самаадносны» і інш. Семантычныя П. часам называюць сінтаксічнымі або эпістэмалагічнымі; яны вядомы з антычнасці, апісваліся логікамі сярэднявечча, згадваюцца ў рэліг. і маст. л-ры. П. ў філасофіі І.​Кант называў антыноміямі або апарыямі, якія паўплывалі на развіццё навукі, садзейнічалі адасабленню матэматыкі ў вытлумачэнні яе лагічных асноў (гл. Мностваў тэорыя) і з’яўленню гегелеўскай дыялектыкі.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 83

ПАРАДО́ЎСКІ (Аляксандр) (псеўд. А с трога; 1836, Люблінскае ваяв., Польшча, паводле інш. звестак Беларусь або Галіцыя —7.2.1890),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Служыў у рус. арміі, паручнік кавалерыі. У 1863 узначаліў паўстанцкі атрад у Ашмянскім пав., пасля гібелі Л.Т.Нарбута паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав. З рэшткамі атрада Нарбута перайшоў у Гродзенскую пушчу, злучыўся з атрадам А.А.Лянкевіча і потым дзейнічаў у Аўгустоўскім ваяв. Мяркуюць, што ў атрадзе П. ваяваў Ф.​Багушэвіч. У канцы 1863 распусціў атрад і эмігрыраваў.

Г.В.Кісялёў.

т. 12, с. 83

ПАРАДЫ́ГМА (ад грэч. paradeigma прыклад, узор),

1) навук. тэорыя, увасобленая ў сістэме паняццяў, якія выражаюць істотныя рысы рэчаіснасці.

2) Зыходная канцэптуальная схема, мадэль пастаноўкі праблем і іх вырашэння, метадаў даследавання, якія пануюць на працягу пэўнага гіст. перыяду ў навук. супольнасці.

3) Паняцце, якое выкарыстоўваецца ў філасофіі антычнасці і сярэднявечча для характарыстыкі ўзаемаадносін духоўнага і рэальнага свету.

т. 12, с. 83

ПАРАДЫ́ГМА ў мовазнаўстве,

узор тыпу скланення або спражэння, а таксама сукупнасць канчаткаў, уласцівая слову як прадстаўніку пэўнага класа лексіка-граматычных адзінак, кожная з якіх валодае аднолькавай сістэмай марфал. форм. Напр., назоўнікі ж. р. адзіночнага ліку «хата», «варона», «бяроза» і інш. аб’ядноўваюцца марфал. П. (склонавымі канчаткамі) «-а», «-ы», «-е», «-у», «-ай (-аю)», «-е». Марфал. П. можа служыць словаўтваральным сродкам пры адсутнасці інш. паказчыкаў словаўтварэння (т.зв. канверсія). Напр., склонавыя канчаткі з асновай «сол’-» утвараюць назоўнік («соль», «солі», «соллю» і г.д.), з асабовымі канчаткамі — дзеяслоў («салю», «соліш», «соліць», «солім» і г.д.). У шырокім значэнні П. — любы клас моўных адзінак, аб’яднаных пэўнай агульнай прыкметай. На гэтай падставе вылучаюць, акрамя марфал., П. лексічныя, сінтакс., словаўтваральныя. Гл. таксама Парадыгматыка.

Літ.:

Кубрякова Е.С., Соболева П.А. О понятии парадигмы в формообразовании и словообразовании // Лингвистика и поэтика. М., 1979.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 83

ПАРАДЫГМА́ТЫКА,

1) адзін з двух аспектаў сістэмнага даследавання мовы, які проціпастаўляецца сінтагматыцы, — вывучэнне элементаў мовы і класаў гэтых элементаў, што знаходзяцца ў адносінах проціпастаўлення, выбару аднаго з узаемавыключальных элементаў.

2) Вучэнне пра будову і структуру парадыгмаў розных тыпаў, іх класіфікацыю, а таксама аб’яднанне ў больш складаныя адзінствы.

Парадыгматычныя адносіны праяўляюцца ў парадыгматычным проціпастаўленні (тоеснасці і адрозненні, проціпастаўленасці і ўзаемазамяняльнасці) моўных адзінак. Яны будуюцца на розных відах падабенства (сувязі) паміж моўнымі адзінкамі: фармальнага («снег», «снега», «снегу», «снег», «снегам», «снезе» — марфал. парадыгма), фармальна-семантычнага («выкладчык», «дарадчык», «аб’ездчык», «разведчык» — словаўтваральная парадыгма на падставе агульнасці суфікса і яго значэння «вытворца дзеяння»), семантычнага («ісці», «крочыць», «шыбаваць», «дыбаць», «цягнуцца» — лексічная парадыгма на падставе агульнага значэння «ісці»), У некат. кірунках сучаснай лінгвістыкі П. разглядаецца як сістэма мовы, а сінтагматыка — як рэалізацыя гэтай сістэмы ў працэсе пабудовы выказвання (тэксту).

Літ.:

Степанов Ю.С. Методы и принципы современной лингвистики. М., 1975.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 83

ПАРАДЫ́ЗКА, райка, райская яблыня,

разнавіднасць яблыні нізкай. Радзіма — Закаўказзе. Выкарыстоўваецца як карлікавая прышчэпа для яблыні. Ва ўмовах Беларусі малазімаўстойлівая.

Слабарослае дрэва або куст. выш, да 2 м, з дробнаразгалінаванай і неглыбокай каранёвай сістэмай. Плады рознай формы і афарбоўкі, часта плоска-круглявыя, дыяметрам 1,5—2 см і болей на кароткіх пладаножках. Мякаць дробна-зярністая, кіславата-салодкая, прыемная. Парадызка Будагоўскага, або ПБ 9, — клонавая прышчэпа. Характарызуецца павышанай зімаўстойлівасцю і слабаросласцю, добра размнажаецца атожылкамі. Лісце і сцёблы цёмна-чырвоныя.

З.​А.​Казлоўская.

т. 12, с. 83

ПАРА́Д ПЕРАМО́ГІ,

парад войск, які адбыўся ў Маскве на Краснай пл. 24.6.1945 у азнаменаванне перамогі над фаш. Германіяй у Вял. Айч. вайне. У ім удзельнічалі зводныя палкі франтоў, ВМФ, Наркамата абароны, ваен.-навуч. устаноў часці Маскоўскага гарнізона. Парад прымаў нам. Вярх. Галоўнакаманд. Маршал Сав. Саюза Г.К.Жукаў, камандаваў парадам Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі. У час урачыстага маршу наперадзе везлі Сцяг Перамогі, за ім ішлі зводныя палкі 10 франтоў (у парадку іх размяшчэння на тэатры ваен. дзеянняў пад канец вайны — з Пн на Пд). Зводныя палкі былі ўкамплектаваны радавымі, сяржантамі і афіцэрамі розных родаў войск (у кожным палку больш за 1 тыс. чал.), якія праявілі сябе ў баях і мелі баявыя ордэны. Сцяганосцы з асістэнтамі неслі баявыя сцягі злучэнняў і часцей, што найб. вызначыліся ў ходзе вайны. Замыкаючым быў зводны полк маракоў і марскіх пехацінцаў. Удзельнічаў таксама зводны ваен. аркестр. Зводнымі палкамі франтоў, што вызвалялі тэр. Беларусі, камандавалі І.​Х.​Баграмян, В.​Д.​Сакалоўскі, А.​М.​Васілеўскі, К.​П.​Трубнікаў. У складзе палка 1-га Бел. фронту знаходзілася калона прадстаўнікоў Войска Польскага на чале з У.​В.​Корчыцам. У П.П. удзельнічалі сотні беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, у т. л. двойчы Героі Сав. Саюза П.​Я.​Галавачоў, І.​І.​Гусакоўскі, І.​І.​Якубоўскі, Героі Сав. Саюза С.​А.​Красоўскі, Ф.​І.​Перхаровіч і інш.

Літ.:

Дроздов Г.М., Рябко Е.Н. Парад Победы. М., 1985.

І.​Е.​Даронін, М.​Я.​Зайцаў.

Парад Перамогі ў Маскве на Краснай плошчы 24.6.1945.

т. 12, с. 81

«ПАРА́Д ПЛАНЕ́Т»,

уяўнае збліжэнне планет па прамяні зроку. Бачны з Зямлі, калі здаецца, што большасць планет знаходзяцца блізка адна да адной (напр., у адным задыякальным сузор’і); на самай справе планеты аддалены адна ад адной на вял. адлегласці. Адбываецца прыблізна 1 раз у некалькі гадоў. Не аказвае адчувальнага гравітацыйнага ўздзеяння на Зямлю з прычыны малой агульнай масы планет у параўнанні з масай Сонца. Апошні «П.п.» адбыўся 6.4—17.5.2000, калі Марс, Юпітэр, Меркурый, Сатурн, Сонца і Венера знаходзіліся блізка па прамяні зроку (з прычыны блізкага вуглавога размяшчэння планет ад Сонца, гэта з’ява практычна не назіралася).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 81

ПАРАЖНЯ́К (Тарас Мікалаевіч) (н. 9.3.1924, в. Цернаўка Смелянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1949). Працаваў у Львове. У 1965—98 у Бел. АМ (з 1988 заг. кафедры). Працуе ў галіне керамікі («Абаронцы Брэсцкай крэпасці», 1970; скульптура «Даніла Галіцкі», 1974; пано «Мінск», 1977; вазы «Над Віліяй», 1988, «Белавежская пушча», 1993, «Кветкі», 1999, «Марскі брыз», 2000; дэкар. кампазіцыя «Караблікі і дэльфіны», 1966, і інш.), шкла (вазы «Кожнаму чацвёртаму», 1982, «Восень», 1987; скульптура «Пінгвіны», 1987; кампазіцыі «Чорная быль», 1988, «Поры года», 1989, і інш.), металу (партрэт Героя Сав. Саюза С.​І.​Грыцаўца, 1967, і інш.). Аўтар афармленчых работ у Палацы чыгуначнікаў (1978), Палацы шлюбаў Заводскага р-на (1981—83), гандл. цэнтры «Валгаград» (1984) у Мінску, палацах культуры нафтавікоў у Наваполацку (1967), саўгаса «Прагрэс» Брэсцкай вобл. (1984), будынку шпіталя для інвалідаў Вял. Айч. вайны ў в. Бараўляны Мінскага р-на (1986) і інш. Творы адметныя дакладнасцю кампазіцыі, вобразнай выразнасцю.

М.​П.​Жабінская.

т. 12, с. 83

Паразінскі Скот Эдвард

т. 18, кн. 1, с. 438