Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАРАЛЕ́ЛЬНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ спосаб злучэння дзвюх ці болей крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі, пры якім на ўсе разгалінаванні эл. ланцуга падаецца адно і тое ж напружанне.

Пры П.з. агульны ток раўняецца суме токаў усіх разгалінаванняў (алгебраічнай пры пастаянным току, вектарнай пры пераменным). Агульная праводнасць G эл. ланцуга з актыўнымі супраціўленнямі R1, ..., Rn роўна G = 1 R1 + ... + 1 Rn = 1 R , дзе R — агульнае супраціўленне ланцуга. Агульная ёмістасць эл. ланцуга пры П.з. кандэнсатараў: C = C1 + ... + Cn, дзе C1 ..., Cn — ёмістасці асобных разгалінаванняў. Пры П.з. індуктыўнасцей L1 ..., Ln агульная індуктыўнасць L ланцуга вызначаецца формулай: 1 L = 1 L1 + ... + 1 Ln . П.з. шырока выкарыстоўваецца для сілкавання вял. колькасці прыёмнікаў эл. энергіі (эл. лямпаў, награвальных прылад, эл. рухавікоў і інш.). Уключэнне ці выключэнне асобных крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі пры П.з. не парушае работы ўсёй сістэмы.

Схема паралельнага злучэння.

т. 12, с. 86

ПАРАЛЕ́ЛЬНАЕ РАЗВІЦЦЁ, эвалюцыйнае развіццё,

тое, што Паралелізм.

т. 12, с. 86

ПАРАЛЕ́ЛЬНАЯ ПРАЕ́КЦЫЯ,

гл. ў арт. Праекцыя.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ ПРАМЫ́Я,

прамыя, якія ляжаць у адной плоскасці і не перасякаюцца. У эўклідавай геаметрыі ў плоскасці праз усякі пункт, што не ляжыць на дадзенай прамой, праходзіць толькі адна прамая, якая не перасякае дадзеную. У Лабачэўскага геаметрыі ў плоскасці праз пункт C па-за дадзенай прамой AB праходзіць бясконцае мноства прамых, якія не перасякаюць AB, з іх паралельнымі да AB наз. толькі 2 — CE і CF. Прамая CE паралельная да AB у напрамку ад A да B, калі: пункты B і E ляжаць па адзін бок ад AC; CE не перасякае AB; усякі прамень унутры вугла ACE перасякае AB. Аналагічна вызначаецца прамая CF, паралельная да AB у напрамку ад B да A. У рыманавай геаметрыі П.п. не існуе.

Паралельныя прамыя.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

гл. ў арт. Складаныя рэакцыі.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫ ПЕРАНО́С,

пераўтварэнне прасторы ці яе часткі (напр., пераход ад адной фігуры да другой), пры якім усе пункты зрушваюцца ў адным і тым ж напрамку на адну і тую ж адлегласць.

Паралельны перанос.

т. 12, с. 87

ПАРАЛЕ́ЛЬ ЗЯМНА́Я (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),

паралель геаграфічная, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцямі, паралельнымі экватару. Усе пункты, якія ляжаць на адной П.з. маюць аднолькавую геагр. шырату. Мерыдыяны і паралелі ўтвараюць градусную сетку Зямлі.

т. 12, с. 86

ПАРАЛЕ́ЛЬ НЯБЕ́СНАЯ, сутачная паралель,

малы круг нябеснай сферы, плоскасць якога паралельная плоскасці нябеснага экватара. Уяўляе сабой шлях, які праходзіць пункт нябеснай сферы (за выключэннем полюсаў свету) з прычыны бачнага сутачнага вярчэння сферы вакол восі свету.

т. 12, с. 86

ПАРАЛЕЎКО́БРЫУМ (Paraleucobryum),

род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. даўгалісты (P. longifolium), занесены ў Чырв. кнігу. Расце на валунах, радзей на пнях у лясах.

Двухдомныя лістасцябловыя расліны, утвараюць буйныя, белавата-зеленаватыя, шчыльныя, мяккія дзярнінкі. Сцябло прамастойнае або ўзыходнае, даўж. 2—8 см. Лісце серпападобнае, павернутае ў адзін бок, верхавінкавае сабрана ў чубок. Каробачка прамастойная, жоўта-зялёная або бураватая, на жаўтаватай ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок клабукападобны.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Паралеўкобрыум даўгалісты.

т. 12, с. 87

ПАРАЛІТАРАТУ́РА,

гл. Масавая літаратура.

т. 12, с. 87