Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПАРАНІМІ́Я,

моўная з’ява, якая выяўляецца пры гукавым і марфемным падабенстве слоў, што адрозніваюцца сваімі значэннямі (паронімаў). Напр., «чарнець» — «чарніць», «царыца» — «царэўна», «абагульніць» — «абагуліць»). Паронімы — пераважна аднакарэнныя словы, якія маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці: «адрасат» (той, каму адрасавана паштовае адпраўленне) — «адрасант» (той, хто пасылае паштовае адпраўленне). Паранімічныя адносіны найчасцей узнікаюць паміж назоўнікамі, прыметнікамі, радзей — дзеясловамі. Значэнні паронімаў не супадаюць. Кожны з паронімаў з’яўляецца функцыянальна самастойным, можа мець сінонімы і антонімы, ніколі не можа быць заменены ў тэксце інш. кампанентам паранімічнай пары без парушэння сэнсу выказвання. У шырокім значэнні паронімы — усе блізкія па гучанні словы незалежна ад іх значэння, марфал. будовы і інш. («амплуа» — «ампула», «камічны» — «касмічны»). П. трэба адрозніваць ад паранамазіі.

Літ.:

Шуба П.П. Міжмоўная беларуска-руская аманімія і паранімія // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.

Л.​П.​Кунцэвіч.

т. 12, с. 89

ПАРАНО́ЙЯ, разумовае расстройства,

хранічны псіхоз з пастаянным сістэматызаваным трызненнем пры адсутнасці наяўных прыкмет зніжэння інтэлекту і выяўленых змен асобы. Тэрмін «П.» выкарыстоўваюць таксама для вызначэння сцёртых форм псіхозаў у стане трызнення (абартыўная, мяккая П.), вар’яцкіх станаў, якія адрозніваюцца паводле цячэння (вострая, перыяд., хранічная П.) ці па тэме, напр., рэліг., іпахандрычная П., П. кахання, рэўнасці, вынаходніцтва, праследавання і інш. Параноікі могуць учыняць проціпраўныя дзеянні.

т. 12, с. 89

ПАРА́НТРАП (ад пара... + грэч. anthrōpos чалавек),

адзін з найб. стараж. і прымітыўных выкапнёвых гамінідаў, рэшткі якога знойдзены каля в. Сварткранс і Кромдрай у Паўд. Афрыцы. Жылі каля 1—2 млн. гадоў назад, харчаваліся ў асн. расліннай ежай. Адносяцца да аўстралапітэкаў, іншая назва — Australopithecus robustus (аўстралапітэк масіўны). П. больш буйныя за інш. аўстралапітэкавых, мелі адносна вял. галаўны мозг (каля 510 см³). Большасць даследчыкаў лічаць, што П. былі тупіковым адгалінаваннем аўстралапітэкавых, якія не мелі далейшага эвалюц. працягу.

т. 12, с. 89

ПАРАНЯ́Н (Акоп Аванесавіч) (19.11.1843, г. Эдырне, Турцыя — 27.5.1891),

армянскі пісьменнік-сатырык. З 1871 рэдагаваў шматлікія перыяд. выданні. Друкаваўся з 1865 (камедыя «Слуга двух гаспадароў»). Камедыі «Усходні дантыст» (1868), «Ліслівец» (1872), «Дзядзька Багдасар» (1886), «Пасаг» (1887), скіраваны супраць заганнасці нораваў і маралі тагачаснага грамадства. Выступаў у жанры сац.-быт. і паліт. навелы, аповесці, памфлета, фельетона, пародыі, байкі, гумарэскі: зб-кі «Шчыпкі» (1875), «Пагулянка па кварталах Стумбула», «Дзённік Асоса» (абодва 1880), «Смех» (1883), «Ахвяры далікатнасці» (1886). Аўтар кнігі партрэтаў грамадскіх, паліт., культ. і духоўных дзеячаў «Нацыянальныя стаўпы» (т. 1—3, 1874—80). У творах спалучаў добразычлівы гумар і едкі сарказм, гуманізм і ідэі вальнадумства.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1965.

т. 12, с. 89

ПАРАПАМІ́З,

горная сістэма на ПнЗ Афганістана (паўн. перадгор’і — у Туркменіі). Даўж. каля 600 км, шыр. да 250 км. Складзена пераважна з вапнякоў і сланцаў, на Пд і У з гранітаў і гнейсаў. Паўн. перадгор’і ўкрыты лёсавым чахлом. Асн. хр. Банды-Туркестан, Хісар (выш. да 4565 м). П. глыбока расчлянёны далінамі рэк Мургаб, Сурхаб, Герыруд і інш. Шматлікія восыпы. Горныя паўпустыні, стэпы, рэдкалессі і ўчасткі шыракалістых лясоў.

т. 12, с. 89

ПАРАПЕРАГРАВА́ЛЬНІК,

элемент паравога катла, у якім насычаная вадзяная пара, што рухаецца ўнутры змеевікоў і награецца гарачымі дымавымі газамі, пераўтвараецца ў перагрэтую пару Канвектыўныя П. размяшчаюць у газаходах катла, радыяцыйныя — на столі і сценах топкі, радыяцыйна-канвектыўныя (шырмавыя) — на выхадзе з топкі.

Звычайна П. робяць камбінаванымі. Выкарыстанне П. значна павышае ккдз парасілавых установак.

Параперагравальнік: 1 — выхадны калектар для адводу перагрэтай пары; 2 — уваходны калектар для падводу насычанай пары; 3 — змеевікі.

т. 12, с. 89

ПАРАПЕ́Т (франц. parapet ад італьян. parapetto ад parare абараняць + petto грудзі),

невысокая суцэльная сценка, якая агароджвае пакрыццё будынка, тэрасу, балкон, набярэжную, мост і інш. Часта бывае пастаментам для дэкар. ваз і статуй. Вядомы са старажытнасці ў архітэктуры Грэцыі і Рыма. Найб. шырока выкарыстоўваўся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У выглядзе П. робяць парадныя агароджы ўчасткаў сквераў і паркаў (П. вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску, 1999).

Парапеты вакол Цэнтральнага сквера ў Мінску. 1999.

т. 12, с. 90

ПАРАПЛА́СТЫ,

гл. ў арт. Газанапоўненыя пластыкі.

т. 12, с. 90

ПАРАПРАКТЫ́Т (ад пара... + практыт),

запаленне клятчаткі каля прамой кішкі і задняга праходу. Часцей выклікаецца гнаяроднымі мікробамі. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Пры вострым утвараецца абсцэс, у цяжкіх выпадках — сепсіс. Прыкметы: востры боль у вобласці прамой кішкі, балючасць пры дэфекацыі, павышаная т-ра цела, з’яўленне інфільтрату ў вобласці задняга праходу, гнайнік можа прарвацца і ўтварыць свішч. Лячэнне: процізапаленчыя сродкі, хірургічнае.

т. 12, с. 90

ПАРАПСАРЫЯ́З,

хранічнае захворванне скуры з папулёзнымі і эрытэматознымі высыпкамі. Бывае алергічнага, інфекц. паходжання, пры парушэнні абмену рэчываў. Адрозніваюць П. кроплепадобны, ліхеноідны, бляшачны. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., вітаміны.

т. 12, с. 90