ПАРАДЫ́ГМА ў мовазнаўстве,
узор тыпу скланення або спражэння, а таксама сукупнасць канчаткаў, уласцівая слову як прадстаўніку пэўнага класа лексіка-граматычных адзінак, кожная з якіх валодае аднолькавай сістэмай марфал. форм. Напр., назоўнікі ж. р. адзіночнага ліку «хата», «варона», «бяроза» і інш. аб’ядноўваюцца марфал. П. (склонавымі канчаткамі) «-а», «-ы», «-е», «-у», «-ай (-аю)», «-е». Марфал. П. можа служыць словаўтваральным сродкам пры адсутнасці інш. паказчыкаў словаўтварэння (т.зв. канверсія). Напр., склонавыя канчаткі з асновай «сол’-» утвараюць назоўнік («соль», «солі», «соллю» і г.д.), з асабовымі канчаткамі — дзеяслоў («салю», «соліш», «соліць», «солім» і г.д.). У шырокім значэнні П. — любы клас моўных адзінак, аб’яднаных пэўнай агульнай прыкметай. На гэтай падставе вылучаюць, акрамя марфал., П. лексічныя, сінтакс., словаўтваральныя. Гл. таксама Парадыгматыка.
Літ.:
Кубрякова Е.С., Соболева П.А. О понятии парадигмы в формообразовании и словообразовании // Лингвистика и поэтика. М., 1979.
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)