ПАРАДЫ́ЗКА, райка, райская яблыня,
разнавіднасць яблыні нізкай. Радзіма — Закаўказзе. Выкарыстоўваецца як карлікавая прышчэпа для яблыні. Ва ўмовах Беларусі малазімаўстойлівая.
Слабарослае дрэва або куст. выш, да 2 м, з дробнаразгалінаванай і неглыбокай каранёвай сістэмай. Плады рознай формы і афарбоўкі, часта плоска-круглявыя, дыяметрам 1,5—2 см і болей на кароткіх пладаножках. Мякаць дробна-зярністая, кіславата-салодкая, прыемная. Парадызка Будагоўскага, або ПБ 9, — клонавая прышчэпа. Характарызуецца павышанай зімаўстойлівасцю і слабаросласцю, добра размнажаецца атожылкамі. Лісце і сцёблы цёмна-чырвоныя.
З.А.Казлоўская.
т. 12, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)