Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАНІІ́Л ЧО́РНЫ

(каля 1360—1430),

рускі жывапісец. Разам са сваім сябрам А.Рублёвым і інш. майстрамі працаваў ва Уладзімірскім Успенскім саборы (1408) і Троіцкім саборы Троіца-Сергіевай лаўры ў Загорску (1420-я г.). Яму прыпісваецца ўдзел у выкананні часткі размалёвак і некат. абразоў для гэтых сабораў.

Літ.:

Грабарь И.Э. О древнерусском искусстве. М., 1966;

Лазарев В.Н. Андрей Рублев и его школа. М., 1966.

Данііл Чорны і А.Рублёў. Апосталы Павел і Пётр з групай святых. Фрагмент фрэскі Успенскага сабора ва Уладзіміры. 1408.

т. 6, с. 38

ДАНІ́ЛАВА Аляксандра Юр’еўна

(н. 27.3.1927, г. Гадзяч, Украіна),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1970). Скончыла Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1951). З 1951 працавала ў Ін-це «Віцебскграмадзянпраект». Асн. работы ў Віцебску: будынкі прафтэхвучылішча быт. абслугоўвання (1956) і электратэхнікума сувязі (1957, у сааўт.), забудова вуліцы Кірава, пл. Перамогі, цэнтр. і паўд. раёнаў (1973), пл. 1000-годдзя горада (1975), мікрараёнаў Юбілейны (1976), Поўдзень-6 (1980) і інш. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка і Наваполацка (1964), Віцебска (1966), Оршы (1968).

т. 6, с. 38

ДАНІ́ЛАВА Ірына Мікалаеўна

(н. 10.9.1951, г. Гомель),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з мужам А.Двараніным). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыптых «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст.-навук. установы, «Песня пра зубра» (1995) для абл. драм. т-ра — усе ў Гомелі, «Кветкавая кампазіцыя» (1996) і інш. Творчая манера адметная вытанчанасцю кампазіцыі, эмацыянальнай выразнасцю, паэт. светаўспрыманнем.

Т.Ф.Літвінава.

І.Данілава Кветкавая кампазіцыя. 1996.

т. 6, с. 39

Данілава Ларыса Іванаўна

т. 18, кн. 1, с. 376

ДАНІ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнЗ ад Веткі, 25 км ад Гомеля, 13 км ад чыг. ст. Касцюкоўка. 367 ж., 152 двары (1997). Пач. школа, клуб, аддз. сувязі. Царква.

т. 6, с. 39

ДАНІ́ЛАЎ Аляксандр Мікалаевіч

(н. 14.5.1955, г. Віцебск),

бел. сацыёлаг. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996). Д-р сацыялаг. н. (1994), праф. (1997). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1980). З 1978 працаваў у ЦК ЛКСМБ, СМ Беларусі. З 1994 у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: заг. сектара, нам. нач. Гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі. Адначасова з 1991 выкладае ў БДУ. Нам. акадэміка-сакратара Аддзялення гуманіт. навук і мастацтваў Нац. АН Беларусі, гал. рэдактар час. «Социология». Даследуе асн. кірункі і перспектывы сістэмнай трансфармацыі сучаснага грамадства, праблемы каштоўнасных арыентацый моладзі, методыкі аператыўнага вывучэння грамадскай думкі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў па сацыялогіі, методыцы сацыялагічных даследаванняў, гісторыі сацыялогіі.

Тв.:

Семья и молодежь: Профилактика отклоняющегося поведения. Мн., 1989 (у сааўт.);

Молодежь и демократизация советского общества. Мн., 1990 (у сааўт.);

Переходный процесс и молодежь. Мн., 1993;

Переходное общество: Пробл. системной трансформации. Мн., 1997.

А.М.Данілаў.

т. 6, с. 39

ДАНІ́ЛАЎ Аляксей Ільіч

(19.1.1923, в. Капцева Смаленскай вобл., Расія — 30.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў палкавую школу танкістаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1944. Вызначыўся 30.6.1944 пры вызваленні Барысава: экіпаж танка — камандзір П.М.Рак, механік-вадзіцель АА.Пятраеў, радыст Д. — прарваўся ў заняты ворагам горад, 17 гадзін вёў бой, вызваліў 200 чал. ваеннапалонных. Экіпаж згарэў у танку. У Барысаве экіпажу танка пастаўлены помнік.

А.І.Данілаў.

т. 6, с. 39

ДАНІ́ЛАЎ Іван Пятровіч

(н. 27.9.1924, в. Ляжыткавічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гематалогіі і пералівання крыві. Д-р мед. н., праф. (1972). Акад. Міжнар. акадэміі інфарм. працэсаў і тэхналогій (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955). У 1964—74 дырэктар Бел. НДІ гематалогіі і пералівання крыві. З 1990 у НДІ радыяцыйнай медыцыны, з 1993 кіраўнік Рэсп. цэнтра гемафіліі. Навук. працы па гематалогіі, пульманалогіі, трансфузіялогіі, праблемах згусальнасці крыві.

Тв.:

Трансфузионная терапия в клинике внутренних болезней. Мн., 1975;

Хронический бронхиг. Мн., 1989 (разам з А.Э.Макарэвічам).

т. 6, с. 39

ДАНІ́ЛАЎ Павел Аўрамавіч

(13.11.1897, в. Красноўка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 11.2.1975),

бел. рэжысёр, драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтваў (1926). У 1930—36 працаваў у БДТ-1 (Бел. т-р імя Я.Купалы), адначасова заг. (1932—33), маст. кіраўнік (1935—36), выкладчык (1936—38) студый т-ра. Сярод пастановак: «Герой» Я.Рамановіча, «Мядзведзь» А.Чэхава, «Агаціна цялушка» (па сваёй п’есе; усе 1933), «Сімфонія гневу» В.Шашалевіча (1935, разам з Л.Літвінавым). Адыграў значную ролю ў дзейнасці калг.-саўгасных т-раў Беларусі. Маст. кіраўнік т-раў: Барысаўскага (1936—38) і Заслаўскага (1938—39) калг.-саўгасных, Пінскага абл. драм. (1939—41). Найб. значныя пастаноўкі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Сваты» І.Гурскага, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага, «Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні. У 1947—63 гал. рэжысёр Бел. радыё. Аўтар п’ес «Лявоніха» (1960), «Дзівосы на калёсах» (1961) і інш., інсцэніровак для радыё.

т. 6, с. 39

ДАНІ́ЛАЎ Сцяпан Мікалаевіч

(7.1.1889, г. Віцебск — 4.2.1978),

савецкі хімік-арганік. Чл.-кар. АН СССР (1943), праф. (1930). Скончыў Пецярб. ун-т (1914), у ім і выкладаў. З 1949 у Ін-це высокамалекулярных рэчываў АН СССР. Навук. працы па тэарэт. арган. хіміі і хім. тэхналогіі прыродных палімераў. Адкрыў альдэгідакетонную ізамерызацыю (перагрупоўка Д.), ажыццявіў рэакцыю ізамерызацыі гідроксіальдэгідаў у гідроксікетоны і карбонавыя к-ты. Распрацаваў новыя спосабы атрымання эфіраў цэлюлозы.

Літ.:

С.Н.Данилов. М., 1971.

С.М.Данілаў.

т. 6, с. 39