ДАНІ́ЛАЎ Павел Аўрамавіч

(13.11.1897, в. Красноўка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 11.2.1975),

бел. рэжысёр, драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскі ін-т сцэн. мастацтваў (1926). У 1930—36 працаваў у БДТ-1 (Бел. т-р імя Я.Купалы), адначасова заг. (1932—33), маст. кіраўнік (1935—36), выкладчык (1936—38) студый т-ра. Сярод пастановак: «Герой» Я.Рамановіча, «Мядзведзь» А.Чэхава, «Агаціна цялушка» (па сваёй п’есе; усе 1933), «Сімфонія гневу» В.Шашалевіча (1935, разам з Л.Літвінавым). Адыграў значную ролю ў дзейнасці калг.-саўгасных т-раў Беларусі. Маст. кіраўнік т-раў: Барысаўскага (1936—38) і Заслаўскага (1938—39) калг.-саўгасных, Пінскага абл. драм. (1939—41). Найб. значныя пастаноўкі: «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Сваты» І.Гурскага, «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага, «Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні. У 1947—63 гал. рэжысёр Бел. радыё. Аўтар п’ес «Лявоніха» (1960), «Дзівосы на калёсах» (1961) і інш., інсцэніровак для радыё.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)